Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

13 Врс 2011

Беларусь плануе ўвайсці ў 50-ку рэйтынгу глабальнай канкурэнтаздольнасці - Мінэканомікі

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае ў 2012 годзе ўвайсці ў штогадовы рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці Сусветнага эканамічнага форуму. Пры гэтым мэта рэспублікі - трапіць у ТОП-50 гэтага рэйтынгу, паведаміла 12 верасня журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Беларусі Святлана Іванова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Святланы Івановай, Мінэканомікі Беларусі з мінулага года даволі цесна супрацоўнічае з Сусветным эканамічным форумам у сферы падрыхтоўкі неабходных умоў для ўваходжання краіны ў рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці (The Global Competitiveness Index). Больш таго, уваходжанне ў гэты рэйтынг і фарміраванне ўмоў для павышэння ў ім пазіцыі краіны з'яўляецца адной з задач урада Беларусі на бягучую пяцігодку. Для гэтага прадугледжваецца распрацоўка спецыяльнага дакумента, плана дзеянняў, сумесна з Нацыянальным банкам. Цяпер гэты план знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе і будзе ўключаць не толькі пытанні ўваходжання ў рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці, але і пытанні прасоўвання краіны ў рэйтынгу эканамічнай свабоды.

Для ўступлення ў рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці Беларусі трэба будзе правесці спецыяльнае апытанне сярод прадпрыемстваў рэспублікі, вынікі якога вызначаць 70 працэнтаў пазіцыі краіны ў названым спісе. Астатнія 30 працэнтаў вырашыць статыстыка. Цяпер Мінэканомікі занята неабходнымі арганізацыйнымі пытаннямі. Пры гэтым Сусветны эканамічны форум актыўна ўдзельнічае ў працэсе падрыхтоўкі правядзення апытання ў Беларусі.

У 2010 годзе навукова-даследчы эканамічны інстытут пры міністэрстве быў істотна рэфармаваны. У кожным абласным цэнтры з'явілася прадстаўніцтва інстытута, рэгіянальны цэнтр, работнікі якога будуць праводзіць апытанне ў працэсе падрыхтоўкі да наступнай справаздачы па глабальнай канкурэнтаздольнасці. Для гэтага ў вучоных ёсць неабходны вопыт.

Апытанне будзе праводзіцца згодна з апытальнікам Сусветнага эканамічнага форуму. Па патрабаваннях СЭФ асноўны ўпор прыпадзе на прадпрыемствы прыватнага сектара. Пры гэтым прыблізна 50 працэнтаў павінны скласці прадпрыемствы з колькасцю працуючых менш за 100 чалавек. Другім аспектам з'яўляецца галіновая структура прадпрыемстваў, прадстаўнікі якіх будуць удзельнічаць у апытанні. Яна будзе прыкладна аналагічная структуры эканомікі. Цяпер Мінэканомікі вызначаецца з колам прадпрыемстваў, якія задзейнічаюць у апытанні. У бліжэйшы час будуць праведзены пробныя апытанні.

Рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці дзякуючы шэрагу перакрыжаваных блокаў цесна звязаны з іншым прэстыжным рэйтынгам - рэйтынгам эканомікі Doing business. "У той жа час гэты рэйтынг ахоплівае больш шырокае кола пытанняў, чым Doing business, у якім Беларусь ужо ўдзельнічае", - адзначыла намеснік начальніка аддзела макраэканамічнай палітыкі Міністэрства эканомікі Беларусі Марына Васілеўская. Рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці ацэньвае такія параметры, як якасць інстытутаў, інфраструктура, макраэканамічная стабільнасць, здароўе і пачатковая адукацыя, вышэйшая адукацыя і прафесійная падрыхтоўка, эфектыўнасць рынку тавараў і паслуг, эфектыўнасць працы, развітасць фінансавага рынку, тэхналагічны ўзровень, памер унутранага рынку, канкурэнтаздольнасць кампаній, інавацыйны патэнцыял. У наступным годзе да гэтых складальнікаў дабавіцца яшчэ і турыстычная сфера.

Гаворачы аб ролі рэйтынгу глабальнай канкурэнтаздольнасці для Беларусі, прадстаўнікі Мінэканомікі адзначылі, што сучасная сусветная эканоміка дэманструе, што краіны, якія маюць найбольш высокую якасць чалавечага патэнцыялу, з'яўляюцца перадавымі ў частцы развіцця. Адпаведна, уключэнне гэтых аспектаў у рэйтынг паказвае, наколькі тая ці іншая краіна мае базу для росту ў новых эканамічных умовах. Уваходжанне ў рэйтынг каштоўна і тым, што ў канчатковай справаздачы кожная краіна прыводзіцца з падрабязнымі характарыстыкамі.

"Для такой невялікай краіны, як Беларусь, якая з-за бягучых эканамічных фактараў вымушана выходзіць на розныя рынкі прыцягнення інвестараў і пазык, знаходжанне ў даволі перадавых эшалонах рэйтынгу адыгрывае значную ролю, таму што гэта, у першую чаргу, цана тых крэдытаў, пазык, якія бяруць нашы суб'екты гаспадарання, працуючы з банкамі за мяжой", - адзначыла Святлана Іванова. Паводле яе слоў, ад гэтага залежыць, як будзе ацэньваць рызыкі патэнцыяльны інвестар. "Пазіцыя краіны ў асноўных рэйтынгах - гэта, можна сказаць, першае рэкамендацыйнае пісьмо. Таму мы так уважліва ставімся цяпер да гэтага пытання", - сказала яна. Прысутнасць у рэйтынгу, на думку Святланы Івановай, сведчыць аб дыялогу з буйнымі сусветнымі структурамі, дае магчымасць распрацоўваць эфектыўныя кіраўніцкія інструменты з улікам ацэнкі экспертаў.

Рэйтынг глабальнай канкурэнтаздольнасці 2011-2012, як і ў мінулым годзе, узначаліла Швейцарыя. У ТОП-10 увайшлі таксама Сінгапур, Швецыя, Фінляндыя, ЗША, Германія, Нідэрланды, Данія, Японія і Вялікабрытанія. Лідарам на постсавецкай прасторы прызнана Эстонія (33-я пазіцыя). Расія заняла 66-е месца, Казахстан - 72-е, Украіна - 82-е.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі