11 снежня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Інвестыцыйны клімат Кітайска-беларускага парка "Вялікі камень" будзе палепшаны. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Мікалай Снапкоў пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі пачатку будаўніцтва гандлёва-лагістычнага субпарка ЗАТ "Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная Кампанія, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы бачым істотнае нарастанне канкурэнцыі - стварэнне аналагічных паркаў, зон, прэферэнцыйных умоў для прыходу інвестараў у нашых партнёраў Расіі і Казахстана, у Літве. Наш указ, які быў прыняты пяць гадоў таму, крыху страціў актуальнасць, таму мы шукаем новыя падыходы, каб яшчэ палепшыць клімат, пашырыць прэферэнцыі", - адзначыў Мікалай Снапкоў. Паводле яго слоў, цяпер ідзе работа над дакументам, які ўнясе змяненні. Завяршыць яго плануецца да канца года.
Мікалай Снапкоў лічыць, што будаўніцтва гандлёва-лагістычнага субпарка ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" стане дадатковым стымулам для інвестараў. "Кампанія "Чайна Мерчантс Груп" прыйшла ў Беларусь не проста так - яна прыйшла са стратэгіяй "2-2-3-4", дзе 2 - гэта дзве краіны (Беларусь і Літва), 2 - гэта дзве інтэграцыі (Еўразійскі эканамічны саюз і Еўрапейскі саюз), 3 - напрамкі шляху (сухапутны, марскі і паветраны), 4 - гэта аб'яднанне чатырох стыхій у адзіным цэнтры - Мінску", - растлумачыў ён.
Паводле слоў Мікалая Снапкова, пачатак узвядзення субпарка з'яўляецца беспрэцэдэнтнай падзеяй, паколькі гэта рэальны пачатак ажыццяўлення ідэі інтэграцыі інтэграцый. "У рамках развіцця Шаўковага шляху вітаюцца і распаўсюджваюцца трангранічныя гандлёвыя эканамічныя зоны свабоднага характару. Гэта сведчыць аб тым, што фактычна "Чайна Мерчантс Груп" і міжнароднае пагадненне, якое мы пачнём прапрацоўваць з гэтага моманту паміж Беларуссю і Літвой, будуць фарміраваць свабодны гандлёвы паток паміж дзвюма краінамі і, адпаведна, паміж дзвюма інтэграцыямі, - сказаў ён. - Фактычна гэта будзе першы крок да будучага аб'яднання еўразійскага кантынента як гандлёвай пляцоўкі без межаў, без бар'ераў ва ўсеагульным развіцці".