Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

11 Стд 2014

Беларусь на выстаўцы "Зялёны тыдзень" у Берліне прадставяць 20 прадпрыемстваў

11 студзеня, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Два дзясяткі айчынных прадпрыемстваў прадставяць Беларусь на міжнароднай выстаўцы "Зялёны тыдзень", якая пройдзе ў Берліне з 17 па 26 студзеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар ПУП "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Вячаслаў Брыль.

"Зялёны тыдзень" - буйнейшы сусветны форум прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, - адзначыў Вячаслаў Брыль. - Пачынаючы з 2008 года Беларусь штогод арганізуе на выстаўцы нацыянальную экспазіцыю, у складзе якой традыцыйна прымаюць удзел прадпрыемствы канцэрна "Белдзяржхарчпрам" і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У гэтым годзе сваю прадукцыю ў Берліне прадставяць 20 прадпрыемстваў".

У прыватнасці, на калектыўным стэндзе канцэрна "Белдзяржхарчпрам" будзе прадстаўлена прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як СААТ "Камунарка", РУП "Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод", ААТ "Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод", СП ААТ "Спартак", ААТ "Кандытарская фабрыка "Слодыч", ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты", ААТ "Чырвоны харчавік", ААТ "Мазырсоль", ААТ "Дражджавы камбінат" і інш.

Як адзначыў кіраўнік "Белінтэрэкспа", колькасць удзельнікаў ад Беларусі ў гэтым годзе ўзрасла, павелічана і плошча нацыянальнай экспазіцыі. Калі ў 2012 годзе яна займала 100 кв.м, то ў 2013 годзе - 154 кв.м, у бягучым - 156 кв.м. У цэлым у 2013 годзе экспазіцыя "Зялёнага тыдня" займала 26 павільёнаў. У выстаўцы прынялі ўдзел больш за 1 тыс. 600 экспанентаў з 67 краін, 34 краіны (у іх ліку і Беларусь) арганізавалі свае нацыянальныя экспазіцыі. За час работы форуму яго наведалі больш за 400 тыс. чалавек, уключаючы больш за 100 тыс. прадстаўнікоў гандлёвых фірм і арганізацый.

"Традыцыйна на выстаўцы прадстаўлены ўвесь спектр харчовых прадуктаў, "Зялёны тыдзень" надзвычай папулярны і з'яўляецца адной з асноўных выставак харчовых тавараў і спіртных напіткаў на тэрыторыі Германіі, - адзначыў Вячаслаў Брыль. - Для вытворцаў з многіх краін, у тым ліку Беларусі, гэты форум у Берліне - гэта магчымасць выхаду на сусветны рынак і спосаб заявіць аб сабе, сваім бізнесе, падтрымаць імідж прадпрыемства і дзяржавы".

Паводле слоў дырэктара ПУП "Белінтэрэкспа", прадукцыя беларускай вытворчасці выклікае пастаянную зацікаўленасць з боку наведвальнікаў выстаўкі. "У выніку штогадовага ўдзелу ў ёй прадукцыя нашых прадпрыемстваў становіцца ўсё больш папулярнай", - сказаў Вячаслаў Брыль. Удзел у міжнародным форуме дапамагае вызначыць тэндэнцыі развіцця харчовых рынкаў Германіі і краін ЕС у цэлым, а таксама набыць патэнцыяльных партнёраў, далейшая работа з якімі дае магчымасць павялічыць экспарт прадукцыі і замацаваць пазіцыі айчынных прадпрыемстваў на рынку Германіі.

З 2008 года ў рамках "Зялёнага тыдня" штогод праводзіцца міжнародная канферэнцыя міністраў сельскай гаспадаркі. У гэтым годзе праграмай выстаўкі прадугледжана правядзенне Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і БелГПП Беларускага форуму па пытаннях аграпрамысловага комплексу з удзелам дзелавых колаў Беларусі і Германіі. Мерапрыемства пройдзе 18 студзеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі