16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер актывізаваць супрацоўніцтва з Паўднёвай Карэяй у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін на адкрыцці трэцяга беларуска-карэйскага форуму "Навука. Інавацыі. Вытворчасць", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ДКНТ.
"Развіццё інфармацыйнага грамадства - адзін з нацыянальных прыярытэтаў Беларусі. Таму мы бачым сваю задачу ў тым, каб актывізаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з Рэспублікай Карэя ў гэтай сферы", - адзначыў Аляксандр Шумілін. Паводле яго слоў, Паўднёвая Карэя з'яўляецца сусветным лідарам у развіцці электроннага ўрада, інфарматызацыі грамадства і падтрымцы праектаў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Аляксандр Шумілін таксама адзначыў, што ў апошнія гады ўзмацніўся інтарэс да арганізацыі абмену паміж ВНУ дзвюх краін, працуе Цэнтр беларуска-карэйскага тэхнічнага супрацоўніцтва. Цэнтрам было разгледжана 800 прапаноў па камерцыялізацыі беларускіх тэхналогій на паўднёвакарэйскім рынку, падпісана 18 дакументаў аб супрацоўніцтве і заключана больш як 50 даследчых кантрактаў з кампаніямі Паўднёвай Карэі на агульную суму больш за $2 млн.
Паводле слоў Аляксандра Шуміліна, беларускія навуковыя арганізацыі і спецыялісты зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва з паўднёвакарэйскімі калегамі па такіх напрамках, як энергетыка, энергазберажэнне і аднаўляльныя крыніцы энергіі, новыя матэрыялы, нана- і біятэхналогіі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|