Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

25 Крс 2014

Беларусь гатова да стварэння ў Мазамбіку зборачнай вытворчасці

25 красавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Беларусь гатова да стварэння ў Мазамбіку зборачнай вытворчасці. Аб гэтым заявіў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў і супрацоўніцтва Рэспублікі Мазамбік Алдэміра Балоем, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі і Мазамбіка ёсць значны патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў самых розных галінах, у першую чаргу ў сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, сферы адукацыі, - сказаў Уладзімір Сямашка. - У 2013 годзе тавараабарот паміж краінамі вырас у 3,4 раза, але абсалютная лічба ($9,1 млн, у тым ліку экспарт $8,7 млн) вельмі малая. Мы можам павялічыць яе ў дзясяткі, а можа і ў сотні разоў".

Каля 24 працэнтаў ВУП Мазамбіка фарміруецца сельскагаспадарчай вытворчасцю - гэта прыярытэтная для краіны галіна. Першы намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што Беларусь магла б забяспечыць сельскую гаспадарку Мазамбіка трактарамі - "адносна таннымі па сусветных мерках і пры гэтым надзвычай надзейнымі, якія адпавядаюць усім сучасным патрабаванням".

Больш таго, падкрэсліў Уладзімір Сямашка, у Беларусі вырабляецца ўся лінейка машын, механізмаў і абсталявання для сельскагаспадарчай вытворчасці - ад плугоў, сеялак да збожжа- і кормаўборачных камбайнаў. "Гатовы паставіць гэту тэхніку ў Мазамбік, калі ёсць у гэтым неабходнасць", - запэўніў першы намеснік кіраўніка ўрада.

У кастрычніку 2012 года ў Мазамбіку зарэгістравана сумеснае прадпрыемства ТАА "БелАфрыка" (сузаснавальнікі AfriRent і ААТ "Прамагралізінг"), першыя пастаўкі тэхнікі ўжо ажыццяўляюцца. Сфарміраваны партфель на $30 млн.

Уладзімір Сямашка лічыць, што размова можа ісці не толькі аб пастаўцы сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай, камунальнай тэхнікі, але і аб арганізацыі зборачнай вытворчасці. "Мы разглядаем зборачную вытворчасць не толькі як будаўніцтва заводаў для задавальнення патрэб Мазамбіка, але і як пляцоўку для наступнай пастаўкі тэхнікі ў дзяржавы Паўднёвай і Цэнтральнай Афрыкі, - адзначыў першы віцэ-прэм'ер. - Гэта быў бы выгадны бізнес для нашых краін".

Такі вопыт у Беларусі ёсць. Напрыклад, у Венесуэле за чатыры гады былі пабудаваны чатыры магутныя заводы: па зборцы трактароў (10 тыс. адзінак у год), грузавых аўтамабіляў (5 тыс.), камунальнай тэхнікі (3 тыс.) і самы буйны ў Лацінскай Амерыцы завод па вытворчасці керамічных вырабаў. Прычым гэты аб'ём - пры адназменнай рабоце, ёсць магчымасць яго падвоіць або патроіць. "Мы гатовы такія ж схемы рэалізаваць у Мазамбіку", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён лічыць мэтазгодным стварыць міжурадавую гандлёва-эканамічную камісію, якая вызначыла б найбольш цікавыя для абедзвюх краін праекты і рэалізоўвала іх.

Міністр замежных спраў і супрацоўніцтва Рэспублікі Мазамбік адзначыў: "Беларусь - гэта краіна, прыкладу якой мы хацелі б прытрымлівацца". Паводле яго слоў, сельская гаспадарка складае аснову эканомікі Мазамбіка. Пастаўлена мэта перайсці ад дробнага фермерства да буйных камерцыйных сельгасугоддзяў. "Для гэтага нам патрэбны дасведчаны персанал і новыя тэхналогіі - усё гэта ёсць у Беларусі, - падкрэсліў міністр. - Сярод сектараў, якія могуць вывесці краіну на больш высокі эканамічны ўзровень, - гандаль і сельская гаспадарка".

Алдэміра Балой наведаў Мінскі трактарны завод і быў уражаны ўбачаным: "Адна справа - статыстыка, зусім іншае - ацаніць рэальныя аб'ёмы і рэальныя магчымасці прадпрыемства".

Прырост беларускага экспарту ў Мазамбік у 2013 годзе быў забяспечаны за кошт калійных угнаенняў ($6,3 млн), трактароў і седлавых цягачоў ($1,3 млн), дарожна-будаўнічай тэхнікі і механізмаў для грунтавых работ ($0,07 млн), а таксама іншай прадукцыі Мінпрама. Аснову імпарту з Мазамбіка складае тытунёвая сыравіна".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі