Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

23 Сак 2011

Беларусь да 2015 года плануе павялічыць экспарт тавараў і паслуг у 2,2 раза

23 сакавіка, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Беларусь да 2015 года плануе павялічыць аб'ём экспарту тавараў і паслуг у 2,2 раза. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Сёння праект Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту на 2011-2015 гады быў разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

"Наша асноўная мэта - нарошчванне экспарту тавараў і паслуг, які плануецца да 2015 года павялічыць у 2,2 раза", - сказаў Сяргей Мартынаў.

Паводле яго слоў, другая важная задача - пераадоленне сітуацыі адмоўнага сальда гандлёвага балансу па таварах і паслугах.

Як растлумачыў Сяргей Мартынаў, разлікі, зробленыя экспертамі НАН, галіновымі спецыялістамі, паказваюць, што дасягненне дадатнага сальда магчыма ў Беларусі да 2014 года. "Дакладней кажучы, да 2014 года магчымы выхад на нуль і пачынаючы з 2015 года - выхад на дадатнае сальда ў суме прыкладна $500 млн.", - сказаў міністр замежных спраў.

Ён таксама падкрэсліў, што для таго, каб гэтыя лічбы не засталіся на паперы, а былі рэальнасцю, неабходна вельмі ўзважана ставіцца да імпарту тавараў і паслуг. У сувязі з гэтым у праграме закладзены апераджальны тэмп росту экспарту ў параўнанні з тэмпам
росту імпарту. "Імпарт за 5 гадоў мы павінны нарасціць не больш як у 1,76 раза. У такім выпадку мэты праграмы будуць ажыццёўлены", - адзначыў Сяргей Мартынаў.

Акрамя таго, міністр падкрэсліў, што праграмай развіцця экспарту на бягучую пяцігодку прадугледжваецца балансіроўка мэт, якія ставяць перад сабой галіны па нарошчванню экспарту тавараў і паслуг з краінавымі, рэгіянальнымі прыярытэтамі. "Гэта значыць, праграма дае галіновым работнікам уяўленне, у якія краіны і рэгіёны яны павінны пастаўляць тавары на працягу 5 гадоў", - сказаў ён.

Рэалізоўвацца праграма будзе наступным чынам: кожны год, калі будуць зацвярджацца паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на чарговы год і закладвацца паказчыкі экспарту і знешнегандлёвага сальда, на аснове гэтых паказчыкаў кожная галіна будзе рыхтаваць свой план мерапрыемстваў, як яны будуць забяспечваць гэта. Планы мерапрыемстваў будуць пад пастаянным кантролем намеснікаў прэм'ер-міністра Беларусі.

У цэлым задачамі праграмы вызначана стварэнне новых экспартаарыентаваных вытворчасцей, павелічэнне аб'ёмаў паступлення валютнай выручкі, прыцягненне прамых замежных інвестыцый для мадэрнізацыі вытворчасці і павышэння экспартнага патэнцыялу нацыянальнай эканомікі, павелічэнне ў экспарце долі высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, стымуляванне таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі экспарту, а таксама іншыя задачы.

Чакаецца, што ў выніку рэалізацыі праграмы ўмацуецца экспартны патэнцыял нацыянальнай эканомікі за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешніх рынках, адбудзецца якаснае паляпшэнне таварнай і геаграфічнай структуры экспарту, будзе адзначацца апераджальны рост экспарту тавараў і паслуг над імпартам і дасягненне ўстойлівага дадатнага сальда знешняга гандлю.

Праграма прадугледжвае, што тэмп росту экспарту тавараў у 2015 годзе ў параўнанні з 2010 годам складзе 208 працэнтаў, тэмп росту экспарту паслуг - 303 працэнты.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі