У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

27 Жнв 2014

Беларусь апярэдзіла Індыю і ЗША па экспарце камп'ютарных паслуг на душу насельніцтва

Парк высокіх тэхналогій27 жніўня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Па экспарце камп'ютарных паслуг на душу насельніцтва ў 2013 годзе Беларусь апярэдзіла такіх прызнаных сусветных лідараў у ІТ-сферы, як Індыю і ЗША. Такія даныя апублікаваны на сайце Сусветнай гандлёвай арганізацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Так, па выніках 2013 года аб'ём экспарту камп'ютарных паслуг Беларусі склаў каля $60 на душу насельніцтва. Пры гэтым у Індыі гэты паказчык складаў $41, у ЗША - $36.

"Гэтыя лічбы - заканамерны вынік той падтрымкі, якую аказвае дзяржава арганізацыям, што працуюць у ІТ-сферы. у Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб яны паспяхова развіваліся. Перш за ўсё гэта сістэма адукацыі, якая рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў. Таксама ў краіне арганізавана якасная тэлекамунікацыйная інфраструктура. І, вядома, спрыяльная заканадаўчая база, у тым ліку і падатковая", - адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко.

У цэлым у мінулым годзе Беларусь экспартавала камп'ютарных паслуг на $552 млн. І, нягледзячы на тое, што многія краіны маюць значна больш высокія паказчыкі (напрыклад, аб'ём экспарту Расіі і Даніі склаў $2,508 млрд і $2,151 млрд адпаведна), яны дэманструюць адмоўнае сальда (у Расіі - "мінус" $400 млн, у Даніі - "мінус" $225 млн), паколькі вядуць распрацоўку сваіх праграмных прадуктаў за мяжой або актыўна закупляюць і ўкараняюць імпартныя рашэнні.

Беларусь апярэдзіла Індыю і ЗША па экспарце камп'ютарных паслуг на душу насельніцтваУ Беларусі па выніках 2013 года сальда камп'ютарных паслуг было дадатнае і перасягнула $480 млн. "Гэта значыць, што ва ўкараненні сучасных тэхналогій у нашу эканоміку мы абапіраемся перш за ўсё на ўласныя сілы і не падпадаем пад залежнасць ад транснацыянальных карпарацый, як цяпер, напрыклад, заклапочаны нашы расійскія калегі", - растлумачыў Дзмітрый Шадко.

Сярод краін Мытнага саюза толькі Беларусь мае дадатнае сальда камп'ютарных паслуг, прычым на працягу апошніх пяці гадоў краіна пастаянна павялічвае гэты паказчык. Так, у 2009 годзе сальда складала $121,5 млн, у 2010-м - $172,1 млн, у 2011-м - $227,6 млн, у 2012-м - $352,1 млн, у 2013-м - $480 млн.

"Важна разумець, што за гэтымі лічбамі стаіць праца тысяч людзей і гэта не нейкі асобны разавы праект. Гэта сістэмны падыход, той прафесіяналізм беларускіх праграмістаў, які цэняць ва ўсім свеце. Гэта паступальны рух Беларусі да першых радкоў сусветнага рэйтынгу. У апошнія гады наша краіна "прыбаўляе ў вазе" не толькі па аб'ёме экспарту камп'ютарных паслуг, але і па іншых пазіцыях у ІТ-сферы. Таму ёсць усе падставы лічыць, што па выніках 2015 года Беларусь увойдзе ў трыццатку краін з высокім узроўнем развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій", - падкрэсліў першы намеснік міністра.

Беларусь апярэдзіла Індыю і ЗША па экспарце камп'ютарных паслуг на душу насельніцтваБуйнейшым пастаўшчыком камп'ютарных паслуг у Беларусі з'яўляецца Парк высокіх тэхналогій. У 2013 годзе аб'ём экспарту склаў $446,7 млн, або больш за 80 працэнтаў ад агульнага паказчыка па рэспубліцы. За першае паўгоддзе 2014 года ПВТ экспартаваў праграмнага забеспячэння і паслуг на $246,1 млн.

"Стварэнне Парка высокіх тэхналогій дало магчымасць Беларусі за адносна невялікі перыяд часу, за няпоўныя 9 гадоў, атрымаць развітую індустрыю распрацоўкі камп'ютарных праграм, аб якой ужо гавораць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Якраз за гэты час мы і апярэдзілі многія краіны па экспарце камп'ютарных паслуг на душу насельніцтва. Напрыклад, яшчэ ў 2009 годзе, згодна з данымі Forbs, Беларусь адставала ад Індыі па гэтым паказчыку. Цяпер мы абышлі і Індыю, і ЗША", - расказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Валерый Цапкала.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускія ІТ-кампаніі сталі вядомы не толькі ў вузкім асяроддзі прафесіяналаў як распрацоўшчыкі мадэлі b2b (бізнес для бізнесу). "У нас з'явілася мадэль b2c - бізнес для спажыўцоў. Размова ідзе аб прадуктах з высокай тыражнасцью. У якасці прыкладу магу прывесці тых жа Viber і World of Tanks. Кампанія Apalon цяпер у нас узыходзячая зорка, яе распрацоўшчыкі робяць прадукты, арыентаваныя на масавага спажыўца. І калі мадэль b2b брэнд не стварае, яна ў меншай ступені вядомая, то b2c стварае брэнд, які сур'ёзна прыбаўляе да вартасці кампаніі і яе прадукцыі. І мы гэтым ганарымся. Напрыклад, Індыя так і не стварыла ніводнага вядомага ва ўсім свеце прадукту мадэлі b2c, хоць аб'ём экспарту камп'ютарных паслуг краіны ў 2013 годзе наблізіўся да $50 млрд", - адзначыў кіраўнік адміністрацыі ПВТ.

Прэзентацыя World of TanksПры гэтым ён асабліва падкрэсліў, што галоўная задача адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій - стварэнне аптымальнага асяроддзя для развіцця кампаній, дзейнасць якіх звязана з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі. "У чым сіла, напрыклад, Крэмніевай даліны? У тым, што створана пэўнае асяроддзе з высокай канцэнтрацыяй спецыялістаў у пэўнай галіне. І калі ў чалавека ёсць нейкая ідэя, ён заўсёды можа знайсці сабе партнёра, які дапаможа ўвасобіць гэту ідэю ў жыццё. Што датычыцца Парка высокіх тэхналогій, то я лічу, што стварэнне такога асяроддзя ідзе даволі нядрэннымі тэмпамі, ужо адбыўся пэўны ўзрыў, калі на рынку з'явіліся такія праекты, як Viber і World of Tanks. І мы верым, што ў асяроддзі ПВТ яшчэ з'явіцца шмат кампаній і праектаў, якія стануць вядомыя на ўвесь свет не менш, чым тыя ж амерыкацы з Крэмніевай даліны", - адзначыў дырэктар адміністрацыі ПВТ.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску