2 снежня, Варшава /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Беларусь і Польшча плануюць супрацоўніцтва ў сферы здабычы карысных выкапняў. Аб гэтым паведаміў сёння віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы па выніках праведзенага ў Варшаве трэцяга пасяджэння сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ужо ёсць напрацоўкі ў гэтай галіне, затым будуць праведзены кансультацыі. Мы разглядаем аб'яднанне ўнікальных тэхналогій беларускіх нафтавікоў і геафізічных даследаванняў Польшчы без прымянення ўзрыўных работ. Акрамя таго, нас цікавіць польскі вопыт у разведцы і магчымай здабычы сланцавага газу", - сказаў віцэ-прэм'ер.
Бакі ў час сустрэчы таксама абмеркавалі сваё бачанне перспектыў узаемадзеяння ў рамках Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза.
Акрамя таго, увага сёння была ўдзелена пытанням, звязаным з падтрымкай выхаду новых беларускіх тавараў на рынак Польшчы. Была адзначана зацікаўленасць Беларусі ў пошуку польскіх дыстрыб'ютараў і дылераў для прадукцыі "Амкадора", "Санта-Брэмар", а таксама прадпрыемстваў, якія вырабляюць кампаненты для аўтамабіляў.
Пасля завяршэння пасяджэння падпісаны пратакол, у якім абазначаны напрамкі ўзаемадзеяння бакоў. Міхаіл Русы прапанаваў польскім калегам у першым паўгоддзі 2015 года падвесці папярэднія вынікі гэтай работы. Як чакаецца, наступнае пасяджэнне міжурадавай камісіі адбудзецца ў 2015 годзе ў Мінску.
Сённяшняе пасяджэнне міжурадавай камісіі праведзена пасля амаль пяцігадовага перапынку. Першае пасяджэнне адбылося ў Варшаве ў 2008 годзе, другое - у 2010 годзе ў Мінску.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|