Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

3 Apr 2014

Беларусь і Омская вобласць вывучаюць магчымасці стварэння СП па выпуску каўчукоў і трактароў

3 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь і Омская вобласць вывучаюць магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў па выпуску каўчукоў і беларускіх трактароў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі па выніках праведзеных у Омску пасяджэння двухбаковай камісіі і перагавораў кіраўніка беларускай дэлегацыі міністра прамысловасці Дзмітрыя Кацярыніча з губернатарам Омскай вобласці Віктарам Назаравым.

Паміж Беларуссю і Омскай вобласцю падпісана праграма развіцця супрацоўніцтва на 2013-2015 гады. Праведзеная год таму гандлёва-эканамічная місія омскіх афіцыйных і дзелавых колаў у Беларусь дала штуршок да развіцця даўніх партнёрскіх адносін і, на думку абодвух бакоў, садзейнічала выхаду двухбаковых узаемаадносін на новы якасны ўзровень. На думку Віктара Назарава, настаў час вызначыць новыя пункты росту, прыярытэты далейшага пашырэння сувязей. Роля каардынатара гэтай работы адводзіцца Сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве Беларусі і Омскай вобласці.

Міністр прамысловасці Беларусі Дзмітрый Кацярыніч у сваю чаргу адзначыў, што на працягу вось ужо сямі гадоў тавараабарот паміж Омскай вобласцю і Беларуссю ўпэўнена захоўвае тэндэнцыю да росту. У 2013 годзе - не самым спрыяльным з пункту гледжання эканамічнай актыўнасці - ён наблізіўся да $200 млн. "Аднак і гэта лічба ўжо не можа ў поўнай меры задавальняць ні Беларусь, ні Омскую вобласць", - лічыць Дзмітрый Кацярыніч. Міністр прамысловасці выказаў упэўненасць, што да 2017 года будзе рэалізаваны буйнейшы сумесны праект - будаўніцтва завода тэхнічнага вугляроду на тэрыторыі Беларусі. І заявіў аб гатоўнасці беларускага боку прыйсці са сваімі інвестыцыямі ў Омскую вобласць, у тым ліку для стварэння новых сумесных прадпрыемстваў і зборачных вытворчасцей па выпуску прадукцыі не толькі сельскагаспадарчага машынабудавання, але і аўтамабілебудавання, оптыкі і электронікі. Цяпер у Омскай вобласці дзейнічае 11 сумесных беларуска-расійскіх прадпрыемстваў у аграпрамысловым комплексе, сферы гандлю, нафтахіміі і транспартных паслуг.

У ходзе пасяджэння сумеснай камісіі размова ішла аб супрацоўніцтве ў сферы аграпрамысловага комплексу, развіцці прамысловай кааперацыі, рабоце зборачных вытворчасцей і пастаўках беларускай тэхнікі ў Омскую вобласць. Удзельнікі пасяджэння таксама заслухалі інфармацыю аб тым, як ажыццяўляецца інвестыцыйны праект, звязаны са стварэннем сумеснага прадпрыемства па вытворчасці тэхнічнага вугляроду ў свабоднай эканамічнай зоне "Магілёў". Акрамя таго, разгледзелі ход рэалізацыі сумесных праектаў з удзелам ТАА "ЛёнОм" і канцэрна "Беллегпрам" у рамках Мемарандума аб намерах па супрацоўніцтве ў галіне распрацоўкі і ўкаранення перадавых тэхнікі і тэхналогій у льняных галінах Рэспублікі Беларусь і сібірскіх рэгіёнаў.

У ліку новых сумесных праектаў, перагаворы па якіх пройдуць у ходзе цяперашняга візіту беларускай дэлегацыі ў Омскую вобласць, Дзмітрый Кацярыніч назваў арганізацыю ў Беларусі пры ўдзеле омскага бізнесу вытворчасці каўчукоў і сумеснага прадпрыемства ў Омску па вытворчасці беларускіх трактароў магутнасцю 450 к.с. У якасці аднаго з варыянтаў размяшчэння новай вытворчасці разглядаецца пляцоўка омскага завода транспартнага машынабудавання, які ўваходзіць у структуру карпарацыі "Уралвагонзавод".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі