Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

7 Кст 2014

Беларусь і Францыя стварылі сумесную камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны дагавор аб стварэнні сумеснай беларуска-французскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве падпісаны ў Парыжы ў прысутнасці намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Пятра Пракаповіча і міністра (дзяржсакратара) па пытаннях знешняга гандлю Францыі Матыяса Фекла, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.

Дагавор з беларускага боку падпісаў пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, з французскага - дырэктар кабінета міністра па пытаннях знешняга гандлю Сірыл П'ер.

Прадугледжваецца, што камісія будзе двухбаковым органам, прызначаным вызначаць прыярытэтнасць напрамкаў і садзейнічаць эканамічным адносінам паміж Беларуссю і Францыяй. У яе склад увойдуць прадстаўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржаў, кампетэнтных у эканамічных сектарах. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў бліжэйшы час пасяджэння камісіі ў Мінску.

У пасольстве таксама паведамілі, што Пётр Пракаповіч правёў з Матыясам Феклам перагаворы, у час якіх абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў развіцця беларуска-французскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Бакі згадзіліся, што неабходна актывізаваць сумесныя намаганні для надання новага імпульсу развіццю двухбаковых эканамічных сувязей. Было падкрэслена, што Беларусь і Францыя не ў поўнай меры выкарыстоўваюць патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічных сувязей.

Акрамя таго, абмяркоўваліся магчымыя напрамкі супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных беларуска-французскіх праектаў. Бакі адзначылі зацікаўленасць актывізаваць супрацоўніцтва ў такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, энергетыка, банкаўская сфера, ахова здароўя, турызм.

Сёння плануецца падпісаць пагадненне паміж РУП "Белэксімгарант" і французскім агенцтвам па страхаванні экспартных крэдытаў Coface. Дакумент прадугледжвае ўзаемнае страхаванне экспартна-імпартных кантрактаў паміж суб'ектамі гаспадарання дзвюх краін. "Першым прыкладам супрацоўніцтва бакі назвалі прадастаўленне ў жніўні 2014 года страхавога пакрыцця агенцтвам Coface на набыццё тунэлепраходчага комплексу вытворчасці французскай кампаніі "Бісак" для будаўніцтва 3-й лініі метро ў Мінску", - адзначылі ў пасольстве.

У ходзе перагавораў адбылося таксама дэталёвае абмеркаванне стану і развіцця дагаворна-прававой базы ў сферы эканомікі і інвестыцый, у тым ліку праектаў пагадненняў аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання, узаемнай абароне інвестыцый, транспартных грузаперавозках, супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй, турызму. Асобна была закранута тэма новых магчымасцей супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Францыяй у сувязі са стварэннем 1 студзеня 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза.

Акрамя гэтага, у штаб-кватэры MEDEF - буйнейшай арганізацыі Францыі, якая аб'ядноўвае французскія прадпрыемствы, - адбылася прэзентацыя магчымасцей гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Прэзентацыю для дзелавых колаў правёў віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч. "Удзельнікам дзелавой сустрэчы была прадстаўлена дэталёвая інфармацыя аб магчымасцях развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Францыі, рэалізацыі французскімі кампаніямі інвестпраектаў у Беларусі. Асаблівая ўвага была ўдзелена новым магчымасцям супрацоўніцтва з Беларуссю ў сувязі са стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза", - растлумачылі ў дыпмісіі.

У прэзентацыі таксама прынялі ўдзел Павел Латушка, намеснік міністра прамысловасці Беларусі Павел Уцюпін, прадстаўнікі апарату Савета Міністраў Беларусі, МЗС Беларусі, Мінпрама, РУП "Белэксімгарант" і беларускіх дзелавых колаў. З французскага боку былі прадстаўнікі МЗС, пасольства Францыі ў Беларусі, вядучых французскіх кампаній, такіх як "Талез", "Мішлен", "Пежо-Сітраен", "Вінсі", "Ротшыльд", "Аберцюр".

На заканчэнне сустрэчы ў MEDEF праведзены двухбаковыя перагаворы Пятра Пракаповіча з прадстаўнікамі шэрага міжнародных і французскіх фінансавых структур і кампаній з абмеркаваннем інвестыцыйных і гандлёвых праектаў супрацоўніцтва. Па выніках дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі ў 2015 годзе візіту ў Беларусь дзелавых колаў Францыі пад эгідай MEDEF.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі