Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Ліс 2014

Беларусь і Аўстрыя распрацоўваюць сумесныя бізнес-праекты на суму больш за $700 млн

20 лістапада, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Беларусь і Аўстрыя распрацоўваюць сумесныя бізнес-праекты на агульную суму больш за $700 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік кіраўніка Апарату Савета Міністраў, кіраўнік сакратарыята прэм'ер-міністра Аляксандр Забароўскі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай вынікам Аўстрыйска-беларуска-расійскага бізнес-форуму, які адбыўся 14 лістапада ў Вене, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі створана больш за 100 кампаній з аўстрыйскім капіталам. Па лініі беларуска-аўстрыйскага супрацоўніцтва ў распрацоўцы знаходзяцца праекты на суму больш за $700 млн", - канстатаваў Аляксандр Забароўскі.

Паводле яго слоў, аўстрыйскія інвестары прапанавалі ўкласці сродкі ў развіццё будаўнічай галіны, у стварэнне ў Беларусі вытворчасці будаўнічых матэрыялаў па інавацыйнай тэхналогіі. "Можа, вытворчасць будзе развівацца з нуля, магчыма таксама ўваходжанне аўстрыйскага капіталу ў адно з існуючых будаўнічых прадпрыемстваў Беларусі", - расказаў Аляксандр Забароўскі.

Яшчэ адзін напрамак звязаны з паглыбленай дрэваперапрацоўкай. Аляксандр Забароўскі нагадаў, што аўстрыйскія кампаніі ўжо маюць інвестыцыйныя праекты ў дрэваапрацоўчай галіне Беларусі. "Сёння размова ідзе аб паглыбленні перапрацоўкі драўніны, аб вытворчасці неабходных кампанентаў для таго, каб вырабляць мэблю. Гэта і спецыяльныя смолы, і лесахімія, прадукцыя, накіраваная на наданне вырабу тых уласцівасцей, якія даюць магчымасць яму быць больш канкурэнтаздольным", - канстатаваў ён.

Таксама, паводле слоў Аляксандра Забароўскага, будзе прадоўжана супрацоўніцтва з кампаніяй Kapsch па развіцці сістэмы платных дарог у Беларусі. "Магчымы інавацыйныя рашэнні ў гэтай сферы для Мінска. Праект пакуль знаходзіцца ў стадыі абмеркавання", - сказаў ён. Пры гэтым Аляксандр Забароўскі адзначыў, што ў ходзе сустрэчы беларускага боку з кіраўніцтвам кампаніі Kapsch быў разгледжаны існуючы праект (па стварэнні электроннай сістэмы збору платы за праезд па некаторых аўтадарогах BelToll. - Заўвага БЕЛТА). "Самае галоўнае, каб гэты праект дазваляў усім карыстальнікам камфортна ажыццяўляць плацяжы, - падкрэсліў ён. - Прааналізаваўшы элементы яго ўкаранення, мы бачым, што ёсць напрамкі ў павышэнні эфектыўнасці функцыянавання гэтага праекта". Бакі дамовіліся, што ўсе існуючыя цяпер пытанні будуць вырашаны сумеснымі намаганнямі.

Аляксандр Забароўскі таксама адзначыў праекты, звязаныя з аднаўляльнай энергетыкай. Паводле яго слоў, у Беларусі створаны ўмовы для таго, каб аднаўляльныя крыніцы энергіі былі інтэграваны ў энергетычную сістэму.

Цікавяцца аўстрыйскія інвестары і супрацоўніцтвам у галіне ўтылізацыі бытавых адходаў. "Мы бачым вялікі інтарэс еўрапейскага, у прыватнасці аўстрыйскага бізнесу, які працуе ў гэтай сферы, у будаўніцтве заводаў па перапрацоўцы адходаў. У Беларусі створана заканадаўчая база, якая дае магчымасць зрабіць такі бізнес эфектыўным і цікавым для прыватнага інвестара", - канстатаваў Аляксандр Забароўскі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі