5 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва
Fitch Ratings 5 лютага прысвоіла ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" доўгатэрміновы рэйтынг дэфолту эмітэнта па абавязацельствах у замежнай валюце на ўзроўні "В-", кароткатэрміновы - "В". Прагноз па рэйтынгах стабільны. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе банка."Рэйтынгі Банка развіцця абгрунтаваныя высокай верагоднасцю атрымання падтрымкі з боку дзяржавы. Аналітыкі агенцтва адзначаюць непарыўную сувязь Банка развіцця з урадам Беларусі, абумоўленую дзяржаўнай формай уласнасці банка, а таксама ўключэннем прэм'ер-міністра рэспублікі і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў у склад Наглядальнага савета Банка развіцця, што вызначае ўрадавы ўзровень прыняцця ключавых рашэнняў па Банку развіцця", - адзначылі ў банку.
Дадатковымі фактарамі фінансавай устойлівасці Банка развіцця выступаюць высокія паказчыкі ліквіднасці і дастатковасці капіталу пры нізкім узроўні валютнай рызыкі і рызыкі рэфінансавання. Больш высокі ў параўнанні з іншымі беларускімі банкамі ўзровень пратэрмінаванай запазычанасці звязаны з прынятымі раней актывамі і поўнасцю пакрываецца створанымі рэзервамі.
Старшыня праўлення Банка развіцця Сяргей Румас адзначыў, што атрыманне крэдытнага рэйтынгу ад яшчэ аднаго вядучага міжнароднага рэйтынгавага агенцтва стане дадатковай незалежнай крыніцай інфармацыі аб дзейнасці і фінансавым стане банка, прадэманструе яго транспарэнтнасць, дасць магчымасць павысіць давер з боку замежных партнёраў. Рэйтынг ад Fitch - гэта прадаўжэнне падрыхтоўчай работы па выхадзе на міжнародныя рынкі капіталу ў рамках рэалізацыі задачы, якая стаіць перад банкам, па прыцягненні інвестыцый з выкарыстаннем такіх крыніц фандавання, як міжбанкаўскія і сіндыкаваныя крэдыты, аблігацыйныя пазыкі і іншыя фінансавыя інструменты.
Першы міжнародны рэйтынг ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" быў прысвоены 4 верасня 2013 года міжнародным рэйтынгавым агенцтвам Standard & Poor's. Рэйтынг па абавязацельствах у замежнай і нацыянальнай валюце быў прысвоены на ўзроўні "В-", кароткатэрміновы - "В". "Пры гэтым неабходна адзначыць, што Банк развіцця стаў адзіным беларускім фінансавым інстытутам, доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя рэйтынгі якога прыраўнаваныя да суверэнных рэйтынгаў Рэспублікі Беларусь", - звярнулі ўвагу ў банку.
ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" створана ў 2011 годзе ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта. Заснавальнікамі банка сталі Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі. Старшынёй наглядальнага савета Банка развіцця з'яўляецца прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, старшынёй праўлення банка - Сяргей Румас. Асноўная мэта БРРБ - фінансаванне дзяржаўных праграм і сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў. З 2014 года крэдытаванне ўсіх дзяржпраграм плануецца ажыццяўляць толькі праз Банк развіцця.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|