Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Бізнес
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

25 Ліс 2014

"Амкадор" рыхтуецца пастаўляць газаматорную тэхніку для ААТ "Газпрам"

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Холдынг "Амкадор" у пачатку 2015 года рыхтуецца паставіць для ААТ "Газпрам" тэхніку на газаматорным паліве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

"Кіраўніцтва буйнейшай расійскай газатранспартнай кампаніі зацікавілася нашымі пагрузчыкамі на спецыялізаванай выстаўцы беларускіх пастаўшчыкоў для кампаній "Групы "Газпрам". Прадстаўнікі расійскага газавага гіганта адзначылі, што калі мы перавядзём сваю тэхніку на газаматорнае паліва, то ёй будзе аддавацца перавага", - падкрэслілі прадстаўнікі ААТ "Амкадор".

Паводле слоў спецыялістаў прадпрыемства, работа па пераводзе на газаматорнае паліва серыйных пагрузчыкаў грузападымальнасцю 3 т і 4 т ужо вядзецца. Рухавік для чатырохтоннага пагрузчыка Мінскі маторны завод прадставіць у самы бліжэйшы час. Такім чынам, газаматорны варыянт такой машыны можна ўжо атрымаць у першым квартале 2015 года. "Тады мы будзем гатовы пастаўляць такую тэхніку для "Газпрама", - удакладнілі на прадпрыемстве.

Расіяне таксама прапанавалі "Амкадору" пачаць распрацоўку трубаўкладчыка, гэта ніша на рынку Мытнага саюза не занята. Паводле іх слоў, машына была б адразу ўключана ў тэхнічную праграму "Газпрама", так званую дарожную карту па пашырэнні выкарыстання высокатэхналагічнай прадукцыі і тэхналогій Беларусі для патрэб ААТ "Газпрам".

"У час перагавораў дасягнута дамоўленасць аб тым, што "Газпрам" будзе рэкламаваць нашу прадукцыю на сваёй электроннай пляцоўцы, прадастаўляць нам інфармацыю аб тым, якая тэхніка патрэбна ім цяпер і якая будзе запатрабавана ў бліжэйшай перспектыве", - растлумачылі на прадпрыемстве.

Спецыялісты расійскага газавага гіганта гатовы разгледзець прапановы ААТ "Амкадор" па ўдзеле ў праекце "Сіла Сібіры" з машынамі для лесапрамысловага комплексу.

Штогод холдынг "Амкадор" адгружае для ААТ "Газпрам" 50-60 адзінак новай тэхнікі - франтальных і ўніверсальных пагрузчыкаў, машын для лесапрамысловага комплексу, камунальнай гаспадаркі. Перавод машын на газаматорнае паліва павысіць цікавасць да прадукцыі "Амкадора" з боку "Газпрама".

Дарожная карта праекта "Пашырэнне выкарыстання высокатэхналагічнай прадукцыі і тэхналогій Рэспублікі Беларусь для ААТ "Газпрам" была падпісана 18 лістапада ў Мінску. Праект накіраваны на павышэнне эфектыўнасці і празрыстасці працэдур доступу прадукцыі прадпрыемстваў Беларусі да закупак для ААТ "Газпрам" у рамках прыцягнення вытворцаў да ўдзелу ў праграме імпартазамяшчэння і асваення вытворчасці новага высокатэхналагічнага абсталявання.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі