7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа выконваць ролю эфектыўнага эканамічнага моста паміж ЕС і ЕАЭС. Такое меркаванне выказаў сёння ў час пасяджэння рабочай групы "Транспарт, лагістыка, мытная справа" пры прадстаўніцтве нямецкай эканомікі ў Беларусі кіраўнік прадстаўніцтва Уладзімір Аўгусцінскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мэта нашага пасяджэння - разгледзець актуальныя пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Германіі ў транспартна-лагістычнай сферы. Беларусь займае вельмі выгаднае геаэканамічнае становішча. Гэта краіна можа выконваць ролю эфектыўнага эканамічнага шарніра або моста паміж ЕС і ЕАЭС, паміж Захадам і Усходам", - падкрэсліў Уладзімір Аўгусцінскі.
Рабочая група "Транспарт, лагістыка, мытная справа" пры прадстаўніцтве нямецкай эканомікі ў Беларусі створана ў кастрычніку 2013 года. Пасяджэнне рабочай групы прайшло сёння трэці раз, яно стала адным з мерапрыемстваў Беларускага транспартнага тыдня. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі важныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў транспартна-лагістычнай сферы, у прыватнасці, патэнцыял БЧ у забеспячэнні грузавых перавозак у напрамку Кітай - Еўропа - Кітай, асаблівасці аўтамабільных грузаперавозак па тэрыторыі Беларусі, а таксама актуальныя змяненні мытнага заканадаўства ў ЕАЭС.
Беларускі транспартны тыдзень завершыцца 8 кастрычніка. Форум уключае міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі "Транспарт і лагістыка-2015", "Лагістычны інжынірынг-2015", "Транспартная інфраструктура-2015" і IX Беларускі транспартна-лагістычны кангрэс. У гэым годзе на выставачнай пляцоўцы прадстаўлены прадукцыя і паслугі больш як 200 кампаній з Германіі, Аўстрыі, Казахстана, Расіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін.