Група NAVIBAND – прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2017 | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Беларусь на "Еўрабачанні" | Група NAVIBAND – прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2017

Група NAVIBAND – прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2017


На міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2017" у Кіеве (Украіна) Беларусь прадставіў пераможца нацыянальнага адборачнага тура – група NAVIBAND. Дуэт Ксеніі Жук і Арцёма Лук’яненкі выступіў 13 мая ў фінале пад нумарам 3 на пляцоўцы Міжнароднага выставачнага цэнтра з песняй "Гісторыя майго жыцця" ("История моей жизни"). Упершыню за 14-гадовую гісторыю ўдзелу краіны ў конкурсе на еўрасцэне прагучала беларускамоўная кампазіцыя.

NAVIBAND

Папулярная беларуская фолк-рок-група NAVIBAND (NAVI) з’явілася ў 2013 годзе ў Мінску. У яе складзе – вакалісты-музыканты Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, якія з’яўляюцца тварам калектыву, а таксама Аляксандр Табольскі (электрагітара), Уладзіслаў Чашчавік (бас) і Уладзімір Бегер (ударныя).

За более як тры гады творчую скарбонку музыкантаў папоўнілі альбомы "Лови" і "Сонцам сагрэтыя" (2014), запамінальныя сінглы "Гэта зямля" ("Эта земля"), "Мы просыпаемся"… Дарэчы, сёння ў рэпертуары групы большую частку складаюць кампазіцыі на беларускай мове.  

Ужо ў 2015 годзе група ўвайшла ў спіс намінантаў беларускай музычнай прэміі "Героі года", а ў 2016-м трапіла ў топ-5 лепшых выканаўцаў, заняўшы 4-е месца ў фінале нацыянальнага адборачнага тура на "Еўрабачанне" з песняй "Гэта зямля".

Праз год NAVIBAND зноў уключыўся ў барацьбу за пуцёўку на галоўнае музычнае шоу Еўропы, прадставіўшы кампазіцыю "Гісторыя майго жыцця". У нацыянальным фінале група атрымала перамогу, заваяваўшы сімпатыі гледачоў і вышэйшую ацэнку ад прафесійнага журы (18 балаў).

Цікава, што па выніках галасавання, арганізаванага напярэдадні нацадбору, незалежнае міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі тэлекампаній краін-удзельніц “Еўрабачання”, адзначыла выступленне беларускага фолк-бэнда найвышэйшым балам – 72.

Акрамя таго, непасрэдна ў дзень фіналу NAVIBAND выпусціў і новы альбом "Ілюмінацыя", які, паводле слоў музыкантаў, кардынальна адрозніваецца ад усіх папярэдніх. У яго ўвайшлі 8 арыгінальных трэкаў у стылі інды-фолк, у тым ліку "Колыбельная", запісаная з вядомым расійскім пісьменніка, драматургам і музыкантам Яўгенам Грышкаўцом.

Песня NAVIBAND "Гісторыя майго жыцця" ("История моей жизни")

"Гісторыя майго жыцця", якая ўвайшла ў свежы, трэці па ліку альбом NAVIBAND "Ілюмінацыя" і заваявала галоўны прыз беларускага нацыянальнага адбору – шкляное сэрца, вызначаецца асаблівым стылем і лірычным настроем.

У лютым, адразу пасля афіцыйнай прэзентацыі новага альбома ў Мінску, група NAVIBAND атрымала статуэтку прэстыжнай Нацыянальнай музычнай прэміі "Ліра": па выніках 2016 года "Гісторыя майго жыцця" была прызнана лепшай песняй на беларускай мове. 

Расказваючы пра гісторыю стварэння кампазіцыі, аўтар – Арцём Лук'яненка – прызнаўся, што мелодыя і прыпеў прыйшлі да яго ў час сну, астатняя ж частка была з лёгкасцю дапрацавана. “Верагодна, так і нараджаюцца песні, якія могуць зачапіць людзей”, - адзначыў выканаўца.

Над аранжыроўкай песні "Гісторыя майго жыцця" музыканты NAVIBAND працавалі са спецыялістамі мінскай студыі ToneTwins. Пасля дабаўлення жывых інструментаў – дуды і скрыпкі фінальная версія кампазіцыі набыла сапраўднае фальклорнае гучанне.

Падрыхтоўка NAVIBAND да "Еўрабачання-2017"

Паклоннікі назвалі цяперашніх беларускіх удзельнікаў "Еўрабачання-2017" пасланнікамі нацыянальнай культуры. І, бадай што, невыпадкова: беларускамоўная песня ўпершыню прагучыць на прэстыжным песенным конкурсе ў год, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і 800-годдзю нашай нацыі.

У афармленні прома-прадукцыі і конкурсных выданняў выкарыстаны нацыянальныя матывы. Спецыяльна для гэтага артысты NAVIBAND прынялі ўдзел у фотасесіі з рэдкім экзэмплярам копіі Бібліі Францыска Скарыны з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (рарытэт музыкантам дазволілі патрымаць у руках усяго некалькі мінут) і на вулачках горада-запаведніка Заслаўя – аднаго з найстарадаўнейшых культурных цэнтраў краіны.

Фірменны лагатып беларускіх канкурсантаў "Еўрабачання-2017" распрацавала дызайнер Марыя Ліс. У яго афармленні выкарыстаны элементы ўнікальнага стылю групы, а таксама сімвалы беларускага арнаменту – сонца і зямля. У інтэрнэце афіцыйны слоган каманды – #NaviBand from #BelarusLand, а хэштэг для "Еўрабачання" – #моваедзе (#Heyheyhayayayayo).

Беларускія артысты прадставілі ўжо конкурсную песню на фіналах нацыянальных адбораў "Еўрабачання-2017" у розных краінах. Запамінальным стала выступленне NAVIBAND у Кіеве, дзе ў іх выкананні прагучаў перакладзены на беларускую мову фрагмент песні "1944" пераможцы "Еўрабачання-2016" Джамалы.

Напярэдадні "Еўрабачання-2017" група NAVIBAND адправілася ў вясенні гастрольны тур па гарадах Беларусі (Гродна, Баранавічы, Гомель, Наваполацк), які завершыўся 22 красавіка вялікім акустычным канцэртам у сталіцы.

Незадоўга да конкурсу музыканты наведалі з прома-турамі такія сталіцы як Рыга, Тэль-Авіў і Амстэрдам, а таксама прынялі ўдзел у здымках традыцыйнай візіткі для Еўрабачання ў Кіеве і ў родным Мінску: паводле задумы, галоўным акцэнтам прома-ролікаў сталі шчырыя эмоцыі ўдзельнікаў песеннага конкурсу.

Песня NAVIBAND "Гісторыя майго жыцця" – відэа

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі