ALEKSEEV – прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2018 | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Пра Беларусь

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Беларусь на "Еўрабачанні" | ALEKSEEV – прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2018

ALEKSEEV – прадстаўнік Беларусі на Еўрабачанні-2018


На міжнародным конкурсе "Еўрабачанне-2018" у Лісабоне (Партугалія) Беларусь прадставіў пераможца нацыянальнага адборачнага тура ALEKSEEV. Спявак выйшаў на сцэну Altice Arena 8 мая ў першым паўфінале пад нумарам 8. Аднак па выніках галасавання журы і гледачоў ALEKSEEV, які выканаў песню Forever ("Назаўсёды"), не ўвайшоў у лік уладальнікаў пуцёўкі ў фінал "Еўрабачання".

ALEKSEEV: цікавыя факты

Папулярны спявак Мікіта Аляксееў, вядомы пад творчым псеўданімам ALEKSEEV, нарадзіўся 18 мая 1993 года ў Кіеве. Яго выхаваннем займалася маці, медык па адукацыі, а таксама цётка, пра якую ён заўсёды гаворыць з вялікай цеплынёй.

Цікавая гісторыя прозвішча, якое, як сцвярджае сам выканаўца, прыносіць удачу: яно перайшло да Мікіты ад дзеда, які змяніў сваё – Чумак – у знак удзячнасці і памяці пра маладога байца Аляксеева, які выратаваў яму жыццё ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Ужо з 10 гадоў будучы поп-выканаўца наведваў урокі вакалу вядомага кіеўскага педагога Канстанціна Пона. Першыя крокі ў якасці саліста зрабіў у школьнай групе, якую спецыяльна стварыў, каб трапіць на дзіцячае "Еўрабачанне". 

У 2010 годзе Аляксееў выбраў прафесію маркетолага, але вечарамі пасля вучобы ва ўніверсітэце рэпеціраваў са сваёй рок-групай "Мова". Пазней вырашыў, што хацеў бы займацца музыкай прафесіянальна, і стаў вольным слухачом Кіеўскага інстытута культуры і мастацтва, дзе асвойваў спецыяльнасць рэжысёра эстрады і масавых мерапрыемстваў.

Паваротным стаў удзел у 2014 ва ўкраінскім тэлешоу "Голос країни-4". Зорны настаўнік – вядомая спявачка Ані Лорак – падтрымала Аляксеева і дапамагла зняць дэбютны кліп на кампазіцыю "Всё успеть". А пасля завяршэння праекта яго крэатыўным прадзюсарам стаў паспяховы рэжысёр-пастаноўшчык Алег Баднарчук.

Візітка і першы хіт у кар’еры спевака – "Пьяное солнце" (аўтар тэксту – Віталь Куроўскі, музыкі – Руслан Квінта), прадстаўлены ў кастрычніку 2015 года. За рэкордны тэрмін ён атрымаў статус плацінавага на iTunes (100 000 тысяч скачванняў) і стаў першым рускамоўным сінглам, які пакарыў топ-100 сусветнага чарта Shazam.

Вядомы рэжысёр Алан Бадоеў у якасці сюжэта для кліпа Аляксеева "Пьяное солнце" выбраў лірычную гісторыю аб тым, як галоўны герой забівае сваё alter ego пасля разлукі з дзяўчынай. Дарэчы, пасля рэліза ён набраў каля 35 мільёнаў праглядаў, заваяваўшы паклоннікаў па ўсім свеце.

Дзякуючы гэтай песні маладому спеваку, прызнанаму "Адкрыццём года" паводле версіі прэстыжнай украінскай прэміі YUNA, удалося не толькі гучна заявіць пра сябе і пакарыць вяршыні топавых хіт-парадаў, але і заваяваць мноства прэстыжных узнагарод: "Лепшая кампазіцыя года" ад тэлеканала RU.TV, "Прарыў года" ад МУЗ-ТБ і M1 Music Awards…

У 2016 годзе Аляксееў выпусціў міні-альбомы "Пьяное солнце" і "Держи", а таксама хіты "Снов осколки", "Океанами стали" і "Чувствую душой", якія ўвайшлі ў сольную праграму, прадстаўленую ў кіеўскім канцэрт-холе Bel etage.

У 2017-м артыст атрымаў музычныя прэміі ZD Awards і Top Hit Music Awards у намінацыях "Прарыў года", "Артыст года", "Узлёт года", "Трэк, які найбольш часто гучыць на радыё" і "Самы папулярны выканаўца на радыё". А ў канцы года ўдастоіўся звання спевака года Беларусі за песню "Чувствую душой" па выніках першай музычнай прэміі папулярнай музыкі "Наша Ліга" ад тэлеканала "БелМузТБ".

ALEKSEEV: песня для "Еўрабачання" Forever

У першым паўфінале "Еўрабачання-2018" Alekseev прадставіў песню Forever ("Назаўсёды"), якая прынесла яму перамогу ў фінале нацыянальнага адборачнага тура Беларусі. Па выніках галасавання і гледачы, і журы максімальна высока ацанілі нумар – 12 балаў. Дарэчы, гэта першая англамоўная кампазіцыя ў творчай кар’еры маладога спевака.

Рэліз сінгла Forever адбыўся ў лістападзе 2017 года дзякуючы адной з паклонніц Аляксеева, якая пакінула каментарый у сацыяльных сетках, прызнаўшыся, што новая песня дапамагае ёй справіцца з цяжкай сітуацыяй у жыцці і не страціць веру ў сябе.

У адным з інтэрв’ю выканаўца расказаў, што гэта кампазіцыя з’яўляецца прызнаннем у каханні і ў многім адлюстровае яго асабістую гісторыю: "Гэта вельмі асабісты нумар. Хвалюючая работа, якая вельмі добра адлюстроўвае мой унутраны стан".

Падрыхтоўка ALEKSEEV да "Еўрабачання-2018"

Нумар Алексеева для "Еўрабачання", над пастаноўкай якога працавала вялікая ўкраінска-беларуская каманда, адрозніваўся ад прадстаўленага ў фінале адборачнага тура. Дарэчы, тады крэатыўнай групе спевака ўдалося ўразіць гледачоў дзякуючы "разумнай" тэхналогіі гібкага экрана, якая дала магчымасць адначасова перадаваць светлавую выяву як на сцэну, так і на касцюм-дысплэй выканаўцы.

Рэжысёрам пастаноўкі стаў прадзюсар і сябар спевака Алег Баднарчук, вядомы наватарскімі пастаноўкамі для тэлепраектаў і шоу: ён рыхтаваў відовішчныя нумары з праецыраваннем выявы на водны экран для America's Got Talent, а таксама з лунаннем над сцэнай у геаметрычнай прасторы для M1 Music Awards.

У лютым Alekseev прыняў удзел у здымках візітак для міжнароднага конкурсу, якія прайшлі ў партугальскай сталіцы: згодна з задумай рэжысёраў, нашаму прадстаўніку даверылі завесці знакаміты механічны гадзіннік, які ўпрыгожвае галоўную славутасць Лісабона – Трыумфальную арку на вуліцы Аўгушту.

Прома-тур Alekseev’а стартаваў 24 лютага з канцэрта ў Баку, прадоўжыўся выступленнямі ў Маскве і Таліне, а таксама pre-party "Еўрабачання" ў Літве. Далей нумар прэзентавалі ў Амстэрдаме, на прома-вечарынцы конкурсу ў Мадрыдзе, у час туру ў Малдове.

Кліп ALEKSEEV Forever

Кліп Аляксеева на песню Forever ("Назаўсёды") зняў рэжысёр Алан Бадоеў. У новай рабоце спявак запрашае гледачоў зазірнуць за кулісы, паказваючы, як ствараюцца яго песні і аб чым думае выканаўца, застаючыся адзін.

Паводле слоў кліпмейкера, новае відэа - эмоцыя ў адрозненне ад папярэдніх, створаных у форме кінагісторый, расказвае пра асобу самога Аляксеева, раскрываючы яго перад гледачом такім, якім ён з’яўляецца па-за пільнымі тэлекамерамі.

Тут ёсць усё, што звязана з захапленнямі і рэчамі спевака, якія ствараюць суцэльны вобраз і настрой песні: гульня ў футбол, танцы пад мелодыю на любімых вінілах, роздумы ў час ранішняй кавы і нават успаміны пачуццяў.

Афіцыйны кліп ALEKSEEV на песню Forever – відэа

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі