Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Гродне: топ выдатных мясцін горада над Нёманам

Што паглядзець у Гродне: топ выдатных мясцін горада над Нёманам
Макет "ідэальнага" Гродна, створаны краязнаўцам Ігарам Лапехам

Паводле версіі міжнароднага выдавецтва Lonely Planet, Беларусь увайшла ў дзясятку лепшых краін для падарожжаў у 2019 годзе. І, без перабольшання, адзін з найбольш папулярных турыстычных напрамкаў – Гродна. Чароўны старадаўні "горад каралёў", які захаваў самы вялікі ў Беларусі ансамбль гістарычнай забудовы, у тым ліку адразу два сярэдневяковыя замкі. Акрамя таго, у Гродна і наваколле жыхары дзясяткаў краін могуць прыехаць без візы і прабыць тут 10 дзён. Чым заняцца ў гэты час – чытайце ў нашай падборцы.

АРХІТЭКТУРА

Вуліца Савецкая

Па брусчатцы, пакладзенай яшчэ ў 1938 годзе на вуліцы Савецкай, ужо даўно не ездзяць аўтамабілі: гэта галоўнае пешаходнае месца горада. І ў цёплы сезон, і ў зімовыя святы тут праводзяць канцэрты, кірмашы, вулічныя паказы. Раз у два гады летам па Савецкай праходзіць унікальнае шматнацыянальнае шэсце: Гродна прымае Фестываль нацыянальных культур, куды з’язджаюцца прадстаўнікі розных дыяспар, каб паказаць аўтэнтычныя традыцыі, пачаставаць адзін аднаго нацыянальнымі стравамі, здзівіць народнымі песнямі і танцамі.

Стары і Новы замкі

У горадзе князёў і каралёў размешчаны адразу два замкі – Стары і Новы. Праз стагоддзі абодва будынкі паўстаюць перад турыстамі не ў першапачатковым выглядзе, паколькі неаднаразова разбураліся і перабудоўваліся, але і сёння яны ўражваюць. Замкі ўваходзяць у музейны комплекс, які расказвае аб надзвычай насычанай гісторыі горада. Цяпер у Старым замку вядзецца рэстаўрацыя, аднак уваход для наведвальнікаў адкрыты. Дарэчы, сярод яго экспанатаў можна ўбачыць макет гатычнага замка-крэпасці, якім ён быў пры легендарным князе Вітаўце.

Аглядная пляцоўка

Палюбавацца на гістарычны цэнтр Гродна можна з левага берага Нёмана: тут абсталявана спецыяльная аглядная пляцоўка са зручнымі лавачкамі, аглядным біноклем і прыгожай ратондай. Яркі дах пабудовы выкананы ў выглядзе кветкі – сімвала Фестывалю нацыянальных культур.

Палац віцэ-губернатара Гродна Канстанціна Максімовіча

Пабудаваны ў стылі класіцызму палац гродзенскага віцэ-губернатара ў час вайны 1812 года так спадабаўся брату Напалеона – каралю Вестфаліі Жэрому Банапарту, што той аддаў перавагу не ваенным дзеянням, а балям і шыкоўным банкетам. З той пары Жэрома Банапарта за яго любоў да забаў празвалі каралём Яромам. А былы палац віцэ-губернатара ўжо многія дзесяцігоддзі з’яўляецца будынкам Гродзенскага аблвыканкама.

Воданапорныя вежы Кася і Бася

Яшчэ адзін пункт турыстычнай праграмы ў Гродне – адправіцца ў самае высокае месца старога горада і паспрабаваць адгадаць, чаму дзве воданапорныя вежы, размешчаныя там, называюць Касяй і Басяй. У архітэктурных "блізнятах" сёння знаходзяцца майстэрні мясцовых мастакоў. 

Лямус

Гродзенскі лямус – самы стары драўляны будынак у Беларусі – знаходзіцца на тэрыторыі Брыгіцкага манастыра. Раней лямус выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб і як жыллё для манашак. Помнік позняга барока ўражвае сваёй архітэктурай: будынак з ажурнымі аркамі і двух’яруснай галерэяй з самага пачатку ствараўся без адзінага цвіка або скабы.

КУЛЬТУРНАЕ ЖЫЦЦЁ

Музей побыту

Убачыць, пачуць і – што дазваляюць не ва ўсіх музеях – дакрануцца да прадметаў паўсядзённага жыцця польскіх і савецкіх часоў можна ў аўтэнтычным Музеі побыту. Захоплены калекцыянер (а экспазіцыя налічвае больш за 40 000 экспанатаў) і патомны гродзенец Януш Паруліс з задавальненнем расказвае пра свае незвычайныя набыткі, аднак каб трапіць у музей, з уладальнікам трэба звязацца загадзя.

Музей турэмнага побыту

Своеасаблівы музей, трапіць у які можна толькі па папярэднім запісе, расказвае турыстам аб тым, як у свой час праводзілі дні ў гродзенскай турме Напалеон Орда, Фелікс Дзяржынскі, Валянцін Таўлай, Піліп Пестрак і Вольф Месінг. Рэканструкцыя інтэр’ераў камер стракаціць незвычайнымі артэфактамі: ланцугамі, кайданамі, клеймамі і інструментамі для пакарання, фатаграфіямі, асабістымі рэчамі асуджаных, – калекцыя гэтага музея запомніцца надоўга.

Акрамя таго, у Гродне знаходзіцца яшчэ нямала цікавых мясцін: 

  • дом-музей Элізы Ажэшка – пісьменніцы і грамадскага дзеяча, якую шануюць беларусы і палякі;
  • палац Храптовічаў – архітэктурны помнік XVIII стагоддзя, у якім знаходзіцца адзіны ў Беларусі музей гісторыі рэлігіі;
  • музей водараў: экспазіцыя цудадзейных траў і раслін, сабраная работнікамі гродзенскага эколага-біялагічнага цэнтра;
  • музей, размешчаны ў дзеючай аптэцы, якой больш за 300 гадоў;
  • музей гісторыі пажарнай службы (з агляднай пляцоўкай на пажарнай каланчы).

ГАРАДСКІЯ ЛАНДШАФТЫ

Рачное таксі па Нёмане

У Гродне можна наведаць і водную экскурсію – "круіз" па Нёмане. Рачное таксі, як пачалі называць мясцовыя жыхары і турысты невялікія катары, якія ўмяшчаюць да 15 пасажыраў, з’явілася ў горадзе летам-2018. У планах у гідаў – развіваць сетку экскурсій і вазіць турыстаў з Гродна на Аўгустоўскі канал і ў Друскінінкай.

Парк імя Жылібера

Цудоўны парк-сад горада над Нёманам названы ў гонар знакамітага медыка, батаніка і біёлага, асветніка свайго часу Жана Эмануэля Жылібера. Ён нарадзіўся ў 1741 годзе ў французскім Ліёне, жыў і працаваў на радзіме, а потым па запрашэнні гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза апынуўся ў Гродне і вельмі шмат зрабіў для горада. Дзякуючы Жыліберу была створана першая ў краіне Медыцынская акадэмія і адзін з лепшых у Еўропе батанічных садоў. Яго калекцыя налічвала больш за 2000 відаў раслін. Сёння гэта месца называюць "гродзенскай Швейцарыяй" за звілістыя ручайкі і ўзгорыстую мясцовасць.

Аўгустоўскі канал

У наваколлі Гродна знаходзіцца самая вядомая штучная водная артэрыя Еўропы – Аўгустоўскі канал. Гідратэхнічнае збудаванне, што забяспечыла краіне ў XIX стагоддзі выхад да Балтыйскага і Чорнага мораў, сёння з’яўляецца адной з галоўных турыстычных славутасцей Гродзенскай вобласці. На канале адроджана традыцыя Свята мора – гулянняў, якія праводзіліся яшчэ ў часы Стафана Баторыя. Акрамя таго, турыстам прапануюць мноства пешых і веламаршрутаў, сплаваў на байдарках, катанне на катарах, лодках і цеплаходзе.

РЭЛІГІЯ

Кафедральны касцёл Святога Францішка Ксаверыя

Архітэктурная жамчужына і галоўны каталіцкі храм Гродна – Кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя (у народзе Фарны, г. зн. "галоўны, прыходскі"). Будынак уваходзіць у лік трох малых базілік Беларусі і ўражвае сваім убраннем: многафігурным (больш за 40 скульптур) разным алтаром вышынёй 21 метр і вежавым гадзіннікам – адным з самых старых дзеючых ва Усходняй Еўропе.

Барысаглебская (Каложская) царква

Праваслаўная царква XII стагоддзя, заснаваная ў гонар святых Барыса і Глеба, была пабудавана на тэрыторыі былога Каложскага пасада і сёння з’яўляецца адным з самых старадаўніх дзеючых храмаў Беларусі. Будынак славіцца сваёй акустыкай дзякуючы ўбудаваным у сцены царквы керамічным ёмістасцям – галаснікам. У гонар царквы названы міжнародны фестываль песнапенняў "Каложскі благавест", дзе штогод збіраюцца праваслаўныя хары з усяго свету.

Лютэранская царква Святога Іаана

Лютэранская кірха ў Гродне была пабудавана на грошы нямецкай абшчыны ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Сёння гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі дзеючы лютэранскі храм.

Касцёл і манастыр бернардзінцаў

Гарадская легенда гаворыць, нібыта пад касцёлам, чыя архітэктура ўражвае спалучэннем адразу трох стыляў – барока, готыкі і рэнесансу, ёсць падземныя хады, вырытыя бернардзінскімі манахамі і манашкамі. Акрамя таго, менавіта ў гэтым касцёле праходзіла вянчанне вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшка і вяльможы Пятра.

Свята-Пакроўскі кафедральны сабор

Сабор, пабудаваны ў рэтраспектыўна-рускім стылі ў пачатку XX стагоддзя, у адрозненне ад многіх іншых рэлігійных збудаванняў Гродна, не спыняў сваю работу ні ў час нямецкай акупацыі, ні ў гады савецкіх ганенняў на царкву.

Вялікая харальная сінагога

Вялікая харальная сінагога Гродна – адна з найстарэйшых у Еўропе. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэты будынак апынуўся ў цэнтры гета: сюды прыводзілі яўрэяў на часовае ўтрыманне перад тым, як адправіць іх у канцлагеры. Сёння ў будынку дзеючай сінагогі размешчаны таксама яўрэйскі музей.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: