Паважаны Старшыня,
паважаныя прысутныя,
I. Глабальнае кіраванне
Апошнія гады з гэтай трыбуны шмат сказана пра глабальнае кіраванне. Але на справе не ўдаецца пазбавіцца ад адчування, што хаос няўмольна паглынае планету. Адзін глабальны крызіс перарастае ў другі. Міжнароднае права бессаромна парушаецца. Няроўнасць і беднасць нарастае і, самае галоўнае, усё больш людзей у свеце пакутуюць.
Гэта заканамерны вынік таго, што свет функцыянуе без сістэмы і парадку. Дваццаць гадоў таму міжнародная супольнасць мела свой «канстытуцыйны момант», створаны завяршэннем чарговага эпахальнага процістаяння, каб выпрацаваць усёабдымную стратэгію стабільнага развіцця планеты на будучае. Мы ўпусцілі гэту магчымасць. У першую чаргу таму, што ў тагачасных «пераможцаў» узялі верх не разважлівасць, а эгаізм і злараднасць.
Адсутнасць агульнага разумення выключыла для нас магчымасць эфектыўных узгодненых дзеянняў. Як вынік, сусветная супольнасць сёння толькі рэагуе на ўсё большыя глабальныя праблемы, не маючы інструментарыя прадухіляць іх. Так будзе прадаўжацца і далей - калі мы не прыйдзем сумесна да комплексу дзейсных доўгатэрміновых мер. Нам патрэбна глабальная стратэгія супраць хаосу.
Няўдачы міжнароднай супольнасці апошніх дваццаці гадоў сведчаць - каб такая стратэгія стала стратэгіяй поспеху, яна павінна грунтавацца на трох падставах: умацаванне міжнароднага права, палітыка глабальных партнёрстваў і ажыўленне ААН.
II. Міжнароднае права
Гісторыя чалавецтва заўсёды была гісторыяй процістаяння сілы і права. Толькі ў мінулым стагоддзі гэта спрэчка была вырашана - і толькі дэ-юрэ - на карысць апошняга. Дарэчы, не будзе перабольшаннем сказаць, што цывілізацыя вызначаецца рухам ад сілы да права.
Беларусь цвёрда пераканана ў тым, што стратэгія супраць хаосу не можа дасягнуць поспеху, калі не атрымаецца захаваць і ўмацаваць існуючую сістэму міжнароднага права - як стрымальную аснову супраць беззаконня і беспарадку.
Вядома, прычын для заклапочанасці тут больш чым дастаткова - дэ-факта сіла прадаўжае вельмі часта парушаць права. У бягучым годзе мы сталі сведкамі маштабных змяненняў у рэгіёне Блізкага Усходу. Выбар шляху развіцця блізкаўсходніх краін з'яўляецца іх неад'емным правам. Мы ўсе павінны паважаць выбар гэтых дзяржаў і не ўмешвацца ў іх унутраныя справы. Гэта наша міжнароднае абавязацельства ў якасці дзяржаў - членаў ААН.
На жаль, свае абавязацельствы адносна свабоды выбару шляху развіцця выконваюць не ўсе. Так на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў Злучаныя Штаты Амерыкі праводзяць палітыку эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады супраць свабодалюбнай Кубы. Гэта прамое парушэнне прынцыпаў і рашэнняў ААН.
Беларусь таксама стала аб'ектам не толькі нападкаў, але і эканамічных санкцый за выбар, які беларускі народ зрабіў на выбарах свайго Прэзідэнта.
Беларусы ніколі не адмовяцца ад свайго права на выбар. Вызначэнне ўласнага шляху развіцця з'яўляецца для нас свяшчэннай каштоўнасцю. Ні санкцыі, ні шантаж і пагрозы не зменяць нашай пазіцыі. Права на нашым баку.
Беларусь ніколі нікога не вучыла як жыць. Мы заўсёды выступаем за разнастайнасць шляхоў развіцця краін і народаў свету. Рэспубліка Беларусь гатова да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі - нават з тымі, з кім у нас былі і застаюцца вострыя рознагалоссі. Пры гэтым мы хочам няшмат - усяго толькі, каб адносіны з намі будавалі гэтак жа, як гэта робім мы ў адносінах да іншых - паважліва і раўнапраўна. І гэта таксама наша права.
III. Глабальнае партнёрства
Вялікі Альберт Эйнштэйн сказаў: «Праблемы не могуць быць вырашаны на тым жа ўзроўні, дзе яны ствараліся». Нарастаючым транснацыянальным выклікам і пагрозам нельга знайсці рашэнні з выкарыстаннем традыцыйных знешнепалітычных інструментаў - баланс cілы, сферы ўплыву, санкцыі і пагрозы. Неабходны новыя формы ўзаемадзеяння - такія, якія ўлічваюць два сучасныя глабальныя «зрухі сілы»: ад Захаду да «астатніх» і ад дзяржаў да недзяржаўных «ігракоў», на якія правільна паказваюць аналітыкі.
Лічым, што аптымальнай формай узаемадзеяння для процістаяння тым ці іншым новым выклікам павінны стаць глабальныя партнёрствы, якія ўключаюць у сябе дзяржавы, міжнародныя арганізацыі, грамадзянскую супольнасць і прыватны сектар.
Глабальныя партнёрствы з'яўляюцца неад'емным элементам стратэгіі супраць хаосу. Менавіта яны могуць забяспечыць рэальнае аб'яднанне намаганняў зацікаўленых ігракоў сённяшняга свету ў процідзеянні ўсяму спектру выклікаў і пагроз, якія "не прызнаюць межаў».
Упэўнены, што альтэрнатывы на міжнародным узроўні інтэграцыі і далучанасці няма. Глабалізацыя і ўзаемазалежнасць зрабілі ўсіх нас аднолькава слабаабароненымі перад транснацыянальнымі праблемамі. Таму не можа быць дабрабыту і стабільнасці ў свеце для адных, пакуль іншыя жывуць у беднасці і пакутах.
Маштабныя змены ў рэгіёне Афрыкі і Блізкага Усходу, выкліканыя нарастаючымі праблемамі беднасці і няроўнасці, дыктуюць неабходнасць рэалізацыі глабальнага партнёрства ў мэтах развіцця. Мінулагодняя сустрэча на вышэйшым узроўні ў ААН і Сеульскае пасяджэнне Групы 20 далі важны імпульс намаганням у гэтай галіне. У той жа час устойлівы рост сусветных цэн на прадукты харчавання і энерганосьбіты сведчыць аб новым абвастрэнні праблемы развіцця, а значыць і неабходнасці больш актыўных і нешаблонных падыходаў.
Сярод такіх канкрэтных падыходаў важным бачыцца вырашэнне пытання перадачы сучасных і эфектыўных энергетычных тэхналогій дзяржавам, якія сталі на шлях развіцця, і краінам з сярэднім узроўнем даходу. Гэта і ключавы элемент у пераадоленні праблемы змянення клімату. Важна, што такія тэхналогіі існуюць і паспяхова ўкараняюцца ў многіх кутках планеты. Такім чынам, цяжкасці тут не з'яўляюцца тэхнічнымі. Давайце ў рэшце рэшт зразумеем: сёння не можа быць "зялёнага" раю для багатых краін і забруджанага пекла для бедных. Абмежаваная прастора Зямлі выключае такую магчымасць.
У якасці практычнага кроку Беларусь прапануе ў рамках работы над рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН аб новых і ўзнаўляльных крыніцах энергіі і падагульняючым дакументам канферэнцыі "Рыа+20" даць пачатак стварэнню пад эгідай ААН глабальнага механізму, які забяспечыць доступ да сучасных энергетычных тэхналогій для ўсіх краін свету. Гэта будзе найлепшы ўклад у рэалізацыю ў 2012 годзе «Міжнароднага года ўстойлівай энергетыкі для ўсіх».
За мінулы год зроблены важныя крокі па фарміраванню ініцыяванага Беларуссю Глабальнага партнёрства супраць рабства і гандлю людзьмі. Пачалася рэалізацыя Глабальнага плана дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі. У гэтым працэсе актыўна ўдзельнічаюць зацікаўленыя дзяржавы, міжнародныя арганізацыі, грамадзянская супольнасць і прыватны сектар. Прыемна, што асаблівы ўпор у гэтых намаганнях зроблены на забеспячэнні правоў ахвяр. У поўнай меры падтрымліваючы такі падыход, Беларусь была ў ліку першых дзяржаў, якія ўнеслі добраахвотны ўзнос у Мэтавы фонд дапамогі ахвярам гандлю людзьмі. Мы ўдзячны тым краінам, якія ўключыліся ў работу Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе супраць гандлю людзьмі.
Перспектыўным напрамкам у рэалізацыі палітыкі глабальных партнёрстваў мы бачым тэму падтрымкі моладзі. На мінулагодняй сустрэчы ААН на вышэйшым узроўні Беларусь агучыла ініцыятыву аб стварэнні для гэтага глабальнага партнёрства. Мы вітаем нядаўняе правядзенне ў рамках Міжнароднага года моладзі пасяджэння высокага ўзроўню. Спадзяёмся, што следам за гэтым мерапрыемствам пачнецца распрацоўка дзейснай глабальнай палітыкі па абароне інтарэсаў моладзі.
IV. Ажыўленне ААН
Ёсць натуральнае месца, дзе стратэгія развіцця на будучае павінна распрацоўвацца і рэалізоўвацца. Гэта - Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Пытанне ў тым, у якой ступені ААН сёння падыходзіць для вырашэння гэтай задачы? Будзем шчырыя. Ва ўсіх ёсць да ААН прэтэнзіі.
Сапраўды, апошнія гады галоўная задача Арганізацыі была, хутчэй, у выжыванні ў розных крызісах, чым у іх вырашэнні, не кажучы ўжо аб прадухіленні. Ці вінавата сама ААН у такім стане спраў? Давайце і тут будзем шчырыя і скажам «не». ААН - гэта мы. Вінаватыя мы, дзяржавы-члены, таму што разам не зразумелі, які свет мы хочам пабудаваць, і не адаптавалі ААН да новых рэалій.
Таму не дзіўна, што ААН часцей была «сцэнай» для асобных акцёраў, чым платформай для сумесных дзеянняў.
Пытанне ажыўлення Арганізацыі стаіць востра, як ніколі раней. Неабходна рэфармаваць галоўныя органы ААН і асноўныя напрамкі яе дзейнасці.
Савет Бяспекі ААН не можа заставацца ў форме, прыдатнай для эпохі realpolitik. Упэўнены ў тым, што Савет павінен быць умацаваны шляхам пашырэння ў дзвюх катэгорыях, перш за ўсё, за кошт недапрадстаўленых краін, якія сталі на шлях развіцця. Павысіць аўтарытэт і дзейснасць работы Савета таксама прызначана прывядзенне метадаў яго работы ў адпаведнасць з духам часу.
Свет апаноўваюць сур'ёзныя эканамічныя праблемы. Аднак у іх вырашэнні ўсё яшчэ вельмі мала задзейнічаны значны патэнцыял эканамічнага блока ААН. Дзейнасць Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН павінна быць у значна большай ступені накіравана на вырашэнне надзённых праблем дзяржаў-членаў. Беларусь мае намер унесці свой уклад у гэту работу - у тым ліку ў складзе ЭКАСАС, калі праз месяц дзяржавы-члены вырашаць выбраць Рэспубліку Беларусь у гэты важны орган ААН.
Умацаванне ААН немагчыма без знаходжання балансу паміж інтарэсамі розных груп дзяржаў. Некалькі гадоў таму Беларусь стала адным з ініцыятараў прыцягнення ўвагі Генеральнай Асамблеі да праблематыкі краін з сярэднім узроўнем даходу. Мы рады бачыць, што за мінулы час разуменне значнасці гэтай групы краін у сусветных палітычных і эканамічных працэсах прыкметна вырасла. На цяперашняй сесіі Беларусь разам з дзяржавамі-аднадумцамі прадоўжыць прыкладаць намаганні па арыентаванню органаў аператыўнай дзейнасці ААН на больш поўны і дзейсны водгук на асаблівыя патрэбы гэтай шматлікай групы краін.
Аўтарытэт ААН у свеце сярод простых людзей высокі якраз там, дзе яна рэальна дапамагае ад хаосу і насілля перайсці да парадку і стабільнасці, г.зн. у міратворчай дзейнасці. Лічым, што намаганні па ўмацаванню гэтага напрамку патрабуюць самай шырокай падтрымкі. Адгукаючыся па просьбу Генеральнага сакратара ААН, Беларусь стала ўносіць пасільны ўклад у гэту справу, удзельнічаючы ў аперацыях па падтрыманню міру.
Ёсць неабходнасць павышаць ролю ААН у пасрэдніцтве ва ўрэгуляванні спрэчак мірнымі сродкамі. Для гэтага важна не толькі нарошчваць унутраны патэнцыял Арганізацыі, але і забяспечыць актыўнае ўзаемадзеянне ААН з уплывовымі рэгіянальнымі структурамі, такімі, напрыклад, як Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы, найбольш інфармаваных аб праблемах у зонах сваёй адказнасці. Беларусь, як цяперашні старшыня АДКБ, гатова ўсямерна садзейнічаць гэтаму.
Паважаны Старшыня,
Марцін Лютэр Кінг сказаў: "Час заўсёды прыдатны, каб зрабіць тое, што правільна".
Давайце прыслухаемся да гэтай слушнай парады і як міжнародная супольнасць неадкладна зробім тое, што мы павінны зрабіць.
Дзякуй за ўвагу.