14 жніўня, Астана /Кар. БЕЛТА/.
Рост эканомік краін - удзельніц ЕАЭС становіцца ўсё больш устойлівым. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета у пашыраным складзе ў Астане, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Вельмі прыемна, што наша пасяджэнне ўпершыню за апошнія гады праходзіць на фоне ажыўлення эканомік дзяржаў - членаў саюза. Рост становіцца больш устойлівым, дадатная дынаміка ахоплівае ўсё больш эканамічных галін. Гэта ўсяляе аптымізм", - заявіў прэм'ер-міністр Беларусі.
Пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета праходзіць у Астане ў час буйной міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "ЭКСПА-2017". "Хацелася б падзякаваць прэм'ер-міністру Казахстана за цёплы і гасцінны прыём, насычаную двухбаковую сустрэчу, якую мы правялі ўчора, за стварэнне належных умоў па ўдзеле беларускіх суб'ектаў гаспадарання ў
"ЭКСПА-2017". Учора мы з казахскім калегам мелі магчымасць наведаць беларускі павільён і яшчэ раз пераканацца, наколькі шматгранны патэнцыял нашага ўзаемадзеяння з партнёрамі па саюзе. Мяне таксама шчыра ўразілі ўзровень прафесіяналізму і якасць наватарскіх ідэй, якія Казахстан прадэманстраваў як дзяржава, што прымае такую маштабную выстаўку", - сказаў Андрэй Кабякоў.