Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэс-цэнтр
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

24 Стд 2012

Беларусь паспяхова пераходзіць на лічбавае тэлевяшчанне - Д.Шадко

19 студзеня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Беларусь паспяхова пераходзіць на лічбавае тэлевяшчанне на фоне многіх краін Еўропы і Амерыкі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрый Шадко.

Паводле яго слоў, пераход на лічбавае вяшчанне да 2015 года - глабальны працэс, які закранае ўсе слаі насельніцтва Беларусі. "Пры гэтым ўжо цяпер наша краіна выгадна выглядае на фоне рэалізацыі аналагічных праграм у краінах-суседках і нават у багатых краінах Еўропы або ў ЗША. Цяпер інфраструктура, звязаная з перадачай сігналу, па сутнасці пакрывае ўсю тэрыторыю краіны, таму лічбавае тэлебачанне могуць мець больш як 94 працэнты беларусаў", - расказаў намеснік міністра інфармацыі.

"Беларусь стала адной з тых краін, якія адразу ўзялі на ўзбраенне больш перадавы стандарт, чым многія еўрапейскія краіны, якія стартавалі раней за нас. А гэта значыць, і лепшую якасць паказу, і магчымасць для гледачоў выбіраць з большай колькасці каналаў. Таму цяпер, калі размова ідзе аб пашырэнні пакетаў вяшчання ў лічбавым выглядзе, мы будзем, верагодней за ўсё, арыентавацца на яшчэ больш сучасны стандарт, што дасць магчымасць і грошы сэканоміць, і больш паслуг аказаць. Наша глабальная мэта - зрабіць так, каб эфірнае лічбавае тэлебачанне па аб'ёму і якасці паслуг ні ў чым не ўступала кабельнаму", - растлумачыў субяседнік.

"Лічба", несумненна, мае перавагу перад аналагавым вяшчаннем - дае магчымасць глядзець больш каналаў у лепшай якасці. "Пакуль многія карыстальнікі пра гэта не задумваюцца - у іх дома ёсць кабельнае тэлебачанне, якое прадастаўляе дзясяткі каналаў. У сувязі з гэтым лічбавы пакет здаецца не такім прывабным. Сітуацыя паступова змяняецца, і, я думаю, да 2015 года дзякуючы "лічбе" беларусы таксама змогуць выбіраць з даволі значнага пакета з 30-40 каналаў", - адзначыў Дзмітрый Шадко.

Ён падкрэсліў, што тэхналогія пераходу на "лічбу" ў Беларусі адпрацаваная: для таго, каб прымаць сігнал эфірнага лічбавага тэлебачання, неабходна мець або спецыяльны тэлепрыёмнік, або больш сучасны тэлевізар з убудаваным цюнерам. Такія тэлевізары вырабляюцца ў Беларусі, і, акрамя таго, у айчынных магазінах можна знайсці некалькі дзясяткаў аналагаў імпартных вытворцаў. Больш таго, з 2013 года ў беларускіх магазінах будуць прадавацца выключна тэлевізары з падтрымкай лічбавага ТБ - такое рашэнне было прынята Міністэрствам гандлю. "Таму трывожыцца беларусам не варта. Калі тэлевізар куплены адносна нядаўна і ў ім не прадугледжана "лічбавая" функцыя, неабходна проста купіць тэлепрыстаўку, якую можна выбраць з масы варыянтаў", - растлумачыў субяседнік.

Айчынныя прадпрыемствы "Віцязь" і "Гарызонт" паспяхова асвойваюць вытворчасць лічбавых тэлепрыставак, і па меры таго, як аб'ёмы вытворчасці будуць павялічвацца, цэны на гэтыя прыёмнікі адпаведна будуць зніжацца. "Да моманту, калі пытанне аб пераходзе на "лічбу" ў масавым парадку паўстане востра, яно будзе паспяхова вырашана. Нейкіх асаблівых затрат ад насельніцтва не спатрэбіцца", - запэўніў Дзмітрый Шадко.

Пры гэтым Міністэрства інфармацыі мае намер у 2012 годзе займацца ў сродках масавай інфармацыі растлумачальнай работай, якая датычыцца пераходу з аналагавага вяшчання на "лічбу". У прыватнасці, ужо цяпер Белтэлерадыёкампанія рыхтуе цыкл тэматычных праграм. "Акрамя таго, мы будзем шчыльна працаваць у гэтай сферы з асноўным заказчыкам - Міністэрствам  сувязі і інфарматызацыі", - расказаў намеснік міністра.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message:
 
Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз