Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асабліва цікавыя для Беларусі сумесныя з Азербайджанам праекты ў сферы транзіту. Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю азербайджанскаму інфармацыйнаму агенцтву TREND Старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Уладзімір Андрэйчанка ў час візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Азербайджан, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Даючы ацэнку цяперашняму стану спраў двухбаковага міждзяржаўнага супрацоўніцтва, Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што беларуска-азербайджанскія адносіны знаходзяцца на ўздыме. У прыватнасці, дынамічна развіваецца ўзаемадзеянне ў эканамічнай сферы. За апошнія пяць гадоў экспарт беларускай прадукцыі ў Азербайджан вырас у чатыры разы.
У Азербайджан пастаўляюць прадукцыю звыш 300 беларускіх прадпрыемстваў. Больш як 40 беларускіх вытворцаў прадстаўлены праз 32 суб'екты тавараправоднай сеткі. Аснову беларускага экспарту складае прадукцыя машынабудавання, нафтахіміі, дрэваапрацоўчай прамысловасці і будаўнічай галіны, харчовыя тавары, лякарствы, бытавая тэхніка. У сваю чаргу Беларусь імпартуе з Азербайджана сельгаспрадукцыю, сінтэтычныя тканіны, прадукты хімічнай прамысловасці. У 2010 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў $146,2 млн. (тэмп росту 117,3 працэнта).
У 2011 годзе пачаліся пастаўкі ў Беларусь азербайджанскай нафты. Як вынік, тавараабарот за дзевяць месяцаў бягучага года павялічыўся ў сем разоў і склаў $832,5 млн. Экспарт беларускіх тавараў у Азербайджан склаў $162,4 млн. і вырас амаль на 142 працэнты.
"На парадку дня пытанні збліжэння эканамічных інтарэсаў нашых дзяржаў у энергетычнай сферы. У прыватнасці, для нас вельмі цікавыя сумесныя транзітныя праекты, напрыклад, магчымы ўдзел у транспарціроўцы азербайджанскай электраэнергіі ў іншыя дзяржавы", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Ён перакананы, што рэсурс гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін далёка не вычарпаны. "Значныя магчымасці ёсць у нарошчванні гандлёвага абароту, у першую чаргу за кошт кааперацыйнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва", - лічыць ён.
Закранаючы тэму міжпарламенцкіх сувязей, спікер адзначыў, што паміж парламентамі Беларусі і Азербайджана наладжаны змястоўны і рэгулярны дыялог. Бакі ўзаемна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнароднай арэне, што дае магчымасць больш паспяхова адстойваць інтарэсы дзвюх краін. "Мы цэнім садзейнічанне азербайджанскіх парламентарыяў у працэсе аднаўлення статусу спецыяльна запрошанага для беларускага парламента ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, удзячныя за падтрымку беларускай пазіцыі ў рамках парламенцкага вымярэння ініцыятывы "Усходняе партнёрства", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.
Адказваючы на пытанне аб пазіцыі Беларусі па армяна-азербайджанскаму нагорна-карабахскаму канфлікту, парламентарый адзначыў, што Беларусь традыцыйна выступае за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў на тэрыторыі СНД і падтрымлівае неабходнасць пошуку шляхоў палітычнага вырашэння канфлікту. "Беларусь вітае наладжаныя пры пасрэдніцтве сустаршынь Мінскай групы АБСЕ рэгулярныя двухбаковыя сустрэчы прэзідэнтаў Азербайджана і Арменіі. Лічым, што альтэрнатывы прамому дыялогу паміж Азербайджанам і Арменіяй у справе ўрэгулявання канфлікту не існуе", - сказаў беларускі спікер.