Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэс-цэнтр
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

28 Жнв 2009

Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў пасля сустрэчы ў Сочы

Пасля завяршэння ў Сочы сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, што прадаўжалася больш за тры гадзіны, Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.

"Наконт паўзы адносна нашай сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі. Сапраўды, мы не гутарылі так інтэнсіўна, як у пачатку года. Але гэта не азначае, што мы не мелі стасункаў наогул. Было шмат і пазітыўнага, і негатыўнага, але мы не перарывалі кантактаў з Дзмітрыем Анатольевічам. Напэўна, дапусцілі памылку, што не інфармавалі грамадскасць.

Мы падтрымлівалі пастаянны кантакт з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі, гэта было, але інфармацыі аб гэтым было мала. Што датычыцца духу гэтай сустрэчы, то такой шчырай і адкрытай размовы, як сёння, у нас не было з ім ніколі. Вельмі шкада, што час і тыя праблемы, якія ў нас сёння ёсць, - яны нас падштурхнулі да гэтага дыялога. Але сёння Прэзідэнт Расіі ініцыіраваў гэту адкрытую размову, скажу, вельмі шчырую, у маім духу. Я вельмі люблю шчырасць і адкрытасць. Асабліва калі сустракаюцца сябры, таварышы, калегі, а мы вельмі сябруем з Прэзідэнтам Расіі".

Дух - гэта галоўнае, што пранізвае ўсе пытанні: фінансаў, эканомікі, дыпламатыі, знешняй палітыкі. Мы змаглі абмеркаваць усе праблемныя пытанні, якія перад намі былі.

Вынік: магу сказаць, у мяне склалася ўражанне, што ў нас з Расіяй больш такіх перыядаў, як быў, не будзе. Мы як ніколі раней адчулі сваю вялікую адказнасць, мы адчулі ўсё ж такі тое, што за намі расіяне і беларусы, практычна адзін народ, што нам дзяліць няма чаго і гісторыя даўно нас паставіла ў пэўныя рамкі. І мы вымушаны ў гэтым кантэксце дзейнічаць. Яшчэ раз падкрэсліваю, што мне нават не здаецца, я амаль упэўнены, што ў нас не будзе вось такіх нікому не выгадных, як было падкрэслена на некалькіх прыкладах, абвастрэнняў. Таму што ні расіяне, ні мы нічога не выйгралі ад гэтых абвастрэнняў.

У бліжэйшы час і ў эканоміцы, і ў палітыцы мы прымем такія прынцыповыя рашэнні, якія змогуць развязаць праблемы, што ў нас сёння існуюць паміж дзвюма дзяржавамі. Мы прайшліся па ўсіх пытаннях парадку дня з нашага боку, і ў прынцыпе нашы пытанні, якія я вёз на разгляд, на гэту сустрэчу, былі адэкватныя тым, з якімі прыйшоў на сустрэчу Дзмітрый Анатольевіч.

Перш чым падысці да эканомікі, я пералічу ўсе пытанні і асобна скажу, якія мы прынялі.

Найперш мы абмеркавалі нашы беларуска-расійскія адносіны. Мы зыходзілі з таго, што ў нас накапіліся праблемы, якія трэба вырашаць. Праблемы непрыемныя, непатрэбныя для нашых народаў і дзяржаў, праблемы, якіх можна было пазбегнуць, але мы, на жаль, іх не пазбеглі. Мы гэта канстатавалі, шчыра адзін аднаму сказалі і прааналізавалі ўвесь спектр нашых адносін.

Мы дамовіліся аб тым (і з гэтага вынікае другая тэма), што Прэзідэнт Расіі прыедзе да нас у верасні - на нашы сумесныя беларуска-расійскія вучэнні, самыя маштабныя, нягледзячы на крызіс. Гэта беларуска-расійская групоўка на заходнім напрамку, аснову якой складае беларуская армія. Вучэнні будуць прысвечаны функцыянаванню гэтай групоўкі: наколькі яна эфектыўная, наколькі можа абараняць нашы заходнія рубяжы.

Другі раз ён да нас прыедзе ў канцы лістапада: у нас пройдзе пасяджэнне ЕўрАзЭС. І трэці раз мы сустрэнемся ў гэтым годзе ў пачатку снежня на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, якое пройдзе ў Маскве.

Каб больш не пісалі, што мы рэдка сустракаемся, мы вырашылі інтэнсіфікаваць сустрэчы. У нас няма непрыняцця адзін аднаго, няма алергіі ў адносінах адзін да аднаго. Гэта абсалютна шчыра.

Таму плаўна мы ад гэтага пытання, асабліва ваеннага, перайшлі да дзейнасці АДКБ. Я яшчэ раз падкрэслю: мы прыхільнікі інтэграцыі на постсавецкай прасторы ва ўсіх сферах. Адна з тэм, якую мы актыўна развівалі разам з Расійскай Федэрацыяй, - гэта АДКБ. Калі закранаць КСАР, пра якія цяпер так многа гавораць, што быццам бы Беларусь з Узбекістанам амаль што не супраць гэтых Калектыўных сіл, дык я нагадаў Прэзідэнту Расіі, што мы і расіяне з'явіліся зачыншчыкамі гэтых праблем. І вельмі актыўна нашы эксперты прапрацоўвалі пытанні па Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання. І таму не прыняць гэты дакумент у Беларусі проста не могуць. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы шмат уклалі ў сам змест, у саму сутнасць гэтага дагавора. Па-другое, ён жа рамачны, нам баяцца тут абсалютна няма чаго.

Другая вострая тэма па АДКБ - гэта старшынства Беларусі. Чаго адмаўляцца, калі табе гэту ганаровую місію прапануюць?

Паўгода мы не працавалі ў якасці старшыні, таму вырашылі ўзяць на сябе абавязак старшынства і на наступны тэрмін. Мы будзем старшынстваваць у АДКБ, і нам трэба фармалізаваць гэты працэс юрыдычна. Напэўна, гэта будзе зроблена праз заяву беларускага боку, і мы возьмем на сябе старшынства. Тут няма праблем, гэта надуманая тэма.

І тым не менш па АДКБ мы вельмі сур'ёзна абмяркоўвалі ўвесь комплекс пытанняў, якія звязаны з ваенна-палітычным супрацоўніцтвам на постсавецкай прасторы. Вы памятаеце, прадаўжаючы ваенную тэму, што мы ў свой час заключылі пагадненне з Расійскай Федэрацыяй па стварэнні адзінай сістэмы ППА Беларусі і Расіі. Мы вельмі дакладна дамовіліся, што асноўная роля на заходнім напрамку ў сумеснай ППА належыць беларускай ППА, яе трэба мадэрнізаваць, трэба падтрымліваць. Калі наша армія на заходнім напрамку Саюзнай дзяржавы з'яўляецца асноўнай адзінкай, яе таксама трэба падтрымліваць, найперш ва ўзбраеннях. І было прапанавана і вырашана на Вышэйшым Дзяржсавеце ў лютым гэтага года, што мы падпішам пратакол да дагавора па адзінай ППА. Шчыра кажучы, усё гэта "забуксавала". І я папрасіў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі паскорыць гэту работу. Я знайшоў поўнае разуменне і падтрымку з яго боку. Дзмітрый Мядзведзеў паабяцаў даць даручэнне Міністру абароны Расіі актывізаваць гэты працэс.

Па дагаворы паміж Беларуссю і Расіяй аб будаўніцтве АЭС. Першае, што неабходна зрабіць, - інфраструктуру для гэтай атамнай электрастанцыі пад Астраўцом. Мы яе ўжо ствараем. І з 1 студзеня 2010 года пойдзе паўнацэннае будаўніцтва. Была дасягнута прынцыповая дамоўленасць, што Расійская Федэрацыя пракрэдытуе гэты праект. Цяпер узгадняецца канчатковая сума крэдыту, і мы дамовіліся, што ўжо з 2010 года Расія адкрые крэдытную лінію. Такім чынам, будаўніцтва АЭС пачалося са стварэння інфраструктуры. У 2010 годзе мы пачнём сумесную работу па будаўніцтве непасрэдна станцыі. Гэта пытанне таксама агаворана.

Далей мы абмеркавалі пытанне па мытнай пошліне на нафту, па прадастаўленні дзяржаўнага крэдыту, іншыя фінансавыя пытанні, а таксама рэалізацыю сумесных мер па пераадоленні наступстваў фінансава-эканамічнага крызісу, пра што мы дамовіліся ў лютым на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржсавета. Мы вызначыліся, што ў верасні нашы ўрады сядуць за стол перагавораў і развяжуць гэтыя праблемныя вузлы. Мне паабяцаў гэта Прэзідэнт Расіі. Таму даручэнні Прэм'ер-міністрам будуць аддадзены сёння ж. Дзмітрый Анатольевіч сказаў, што праблемы няпростыя, і ў эканоміцы Расіі іх нямала. Але, як ён адзначыў, "мы гатовы для сваёй брацкай саюзнай рэспублікі зрабіць усё для таго, каб лягчэй было і людзям, і эканоміцы". Разам мы зможам крызісныя з'явы пераадолець значна хутчэй.

Таксама мы абмеркавалі "малочныя" праблемы, якія ў нас былі. Трэба складаць балансы паставак прадукцыі. Але зноў жа, каб не было такіх канфліктаў, трэба адмаўляцца ад квот. Гэта дрэнна, што ў нашых адносінах з'яўляюцца нейкія квоты, пошліны і іншае. Мы ж мытны саюз фарміруем. Гэтых праблем быць не павінна. Калі патрэбны будуць якія-небудзь нашы рашэнні, урады даложаць нам аб гэтым у верасні-кастрычніку.

Таксама мы ўрэгулюем пытанні па разліку за прыродны газ. Тут у нас праблем не будзе. Гэта значыць блок эканамічных пытанняў у нас прысутнічаў, але не ў ліку першачарговых тэм.

Далей мы абмеркавалі нашы саюзныя справы. Мы дамовіліся аб тым, што нам трэба актывізаваць узаемаадносіны ў рамках Саюза Беларусі і Расіі. Мы падышлі да абмеркавання эфектыўнасці функцыянавання Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Дамовіліся аб тым, што нам трэба па кадравых пытаннях разгледзець некаторыя праблемы, па змесце дзейнасці Пастаяннага камітэта пагаварыць, прыняць рашэнне па ім. Гэта штаб нашай сумеснай дзейнасці ў Саюзнай дзяржаве. Думаю, што да снежня мы выйдзем на нейкія вынікі па гэтым пытанні.

Мы таксама абмеркавалі шэраг праблем, звязаных з прысутнасцю Беларусі тут, у Сочы, у тым ліку нашага ўдзелу ў будаўніцтве аб'ектаў да Алімпіяды. Вы ведаеце, што ў Краснай Паляне мы вядзём маштабнае будаўніцтва, гэта вельмі выгадныя праекты. Нямала пабудавалі. Беларусі прадастаўляюцца зямельныя ўчасткі на ўмовах узаемнасці. Адпаведнае даручэнне даў Дзмітрый Мядзведзеў.

Шмат было і асабістага. Мне вельмі прыемна, што гэта шчырая размова завяршылася тым, што мы знайшлі поўнае ўзаемаразуменне па асноўных пытаннях нашай сумеснай дзейнасці. Мне спадабаўся падыход Прэзідэнта Расіі не толькі да абмеркавання праблем, але і да імкнення развязаць існуючыя праблемы.

Мы закраналі, абмяркоўваючы тыя ці іншыя прабемы, заходні вектар, тое, як у нас складваецца дыялог з Захадам. Але мы не абмяркоўвалі ніякай канкрэтнай тэмы нашай знешняй палітыкі, якая накіравана на Захад. Мы развівалі і будзем развіваць наша супрацоўніцтва з Еўропай, Амерыкай, таму што ў цэлым гэта той жа тавараабарот, што і з Расіяй. Дзмітрый Анатольевіч з вялікім разуменнем адрэагаваў, сказаў, што на тое і дзяржава, і кіраўніцтва гэтай дзяржавы, каб цікавасць падтрымліваць у той частцы планеты, перш за ўсё ў Еўропе, таму што Беларусь - цэнтр Еўропы. Так было сказана Прэзідэнтам Расіі".

Your mail*:
Friend mail*:
Your message:
 
Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз