Беларуска-літоўскі міжнародны эканамічны форум пройдзе 16-17 верасня ў Вільнюсе пад знакам актывізацыі гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін ва ўмовах сусветнага крызісу. На форуме будзе разгледжана магчымасць ўзаемадзеяння на рэгіянальным узроўні з улікам атрымання Беларуссю статусу наглядальніка ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора. Размова пойдзе і аб дзейнасці ў рамках праграмы ЕС "Усходняе партнёрства". У інтэрв'ю інфармагенцтву БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын выказаў упэўненасць, што форум стане не толькі магутным імпульсам для эканамічнага ўзаемадзеяння, але і паслужыць плацдармам для развіцця палітычнага дыялога Беларусі з Літвой, краінамі Балтыйскага рэгіёну і Еўропы.
- Спадар пасол, у адносінах паміж Беларуссю і Літвой у апошнія гады назіраецца значнае пацяпленне. Якія фактары, на вашу думку, садзейнічалі гэтаму?
- Я сказаў бы, гэта цэлы комплекс фактараў. Самыя важкія з іх - сустрэчы кіраўнікоў урадаў дзвюх краін, міністраў замежных спраў, а таксама пастаянныя і плённыя кантакты бізнес-структур, прадстаўнікоў сферы адукацыі, аховы здароўя. Безумоўна, вялікая роля і культурных мерапрыемстваў (пагадзіцеся, мастацтва заўсёды збліжала народы).
Дадатковы градус адносінам дзвюх краін надала актывізацыя рэгіянальнага супрацоўніцтва, якое развівалася ў апошнія гады вельмі дынамічна. Цяпер заключана 45 дагавораў паміж раёнамі, гарадамі, абласцямі Беларусі і Літвы. Ды і ўзаемныя паездкі жыхароў дзвюх краін таксама садзейнічаюць умацаванню адносін не толькі ў плане чыста чалавечых стасункаў.
- А як адліга ў палітыцы адбіваецца на эканамічным складальніку супрацоўніцтва дзвюх краін?
- Даволі часта даводзіцца чуць, што ад палітычнай волі залежыць магчымасць рэалізацыі праектаў бізнес-структурамі. І гэта факт. Напрыклад, чэрвеньская сустрэча ў Гродне прэм'ер-міністраў Беларусі і Літвы Сяргея Сідорскага і Андруса Кубілюса з міністрамі, якія адказваюць за пытанні энергетыкі, транспарту, лагістыкі, надала новы імпульс адносінам у гэтых сферах. А сустрэча міністраў замежных спраў, дзе абмяркоўваўся ўдзел Беларусі ў праграме "Усходняга партнёрства" ў двухбаковым і шматбаковым фармаце!
Рэзультатыўнасць такіх сустрэч праяўляецца і ў нарошчванні эканамічнага складальніка. Таму нават ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу рэалізуюцца розныя праекты, у тым ліку па стварэнню новых вытворчасцей у Літве і Беларусі.
Лічбы і факты. На 1 студзеня 2009 года ў Беларусі зарэгістравана 374 арганізацыі з удзелам літоўскага капіталу, з іх 207 сумесных і 167 замежных прадпрыемстваў, у статутныя фонды ўнесена $41,8 млн. За студзень-чэрвень бягучага года аб'ём літоўскіх інвестыцый склаў $13,7 млн., у тым ліку $11,56 млн. - прамыя інвестыцыі.
- Наколькі адчувальна сусветны крызіс адбіўся на паказчыках эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін, якія сферы ён закрануў у большай ступені?
- Сапраўды, крызіс не абмінуў ні Беларусь, ні Літву: ён нанёс балючы ўдар па тавараабароту. Па выніках 7 месяцаў бягучага года маем толькі палову мінулагодняга аб'ёму за студзень-ліпень. Вядома, гэтага недастаткова. Але хачу падкрэсліць, што ўжо намецілася дадатная дынаміка: у апошнія два-тры месяцы пачынаюць аднаўляцца пазіцыі, страчаныя ў першым квартале 2009 года. Адчувальна павялічваюцца пастаўкі прадукцыі нафтахімічнага комплексу, будаўнічых матэрыялаў. Не страчваем надзею на аднаўленне ранейшых аб'ёмаў продажаў машынабудаўнічай прадукцыі, і гэты аптымізм мае пад сабой аснову. Такім чынам, супрацоўніцтва развіваецца нават ва ўмовах крызісу.
Не магу не прывесці на карысць гэтага сцвярджэння такі аргумент: 8 верасня ў Мінску дадзены старт будаўніцтву гандлёвага цэнтра кампаніі Senukai з аб'ёмам інвестыцый $13 млн. Гэта будзе буйнейшы ў Беларусі гіпермаркет па рэалізацыі тавараў будаўнічага і гаспадарча-бытавога прызначэння. Увод аб'екта ў эксплуатацыю намечаны ў наступным годзе да Дня Незалежнасці.
Хачу дадаць, што ў перспектыве плануецца рэалізаваць тры-чатыры праекты з гэтай кампаніяй. Яны атрымаюць "прапіску" не толькі ў сталіцы, але і іншых буйных гарадах Беларусі.
Лічбы і факты. У студзені-чэрвені 2009 года двухбаковы тавараабарот склаў $222,2 млн., або 48,7 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2008 года. Экспарт у Літву склаў $136,2 млн. Сальда склалася дадатнае ў памеры $50,2 млн. Наменклатура экспартуемых тавараў налічвае каля 360 пазіцый. Скарачэнне экспарту абумоўлена складанай фінансава-эканамічнай сітуацыяй у Літве і рэзкім зніжэннем спажывецкага попыту. Найбольшыя страты прыпадаюць на нафту і нафтапрадукты, угнаенні, лесаматэрыялы, трактары, металапрадукцыю. Рост паставак назіраецца па такіх таварных пазіцыях, як рапсавы алей, грузавыя аўтамабілі, машыны і ўстройствы для пад'ёму, трыкатажныя палотны, цэмент, азотныя і змешаныя мінеральныя ўгнаенні, торф. З'явіліся і новыя экспартныя пазіцыі: складаныя арганічныя растваральнікі і разбавіцелі ($3,7 млн.), насенне рапсу ($5,2 млн.), электраэнергія ($400,6 тыс.).
- Паводле вашых слоў, літоўскі бізнес ахвотна інвесціруе беларускую эканоміку нават ва ўмовах крызісу. Што з'яўляецца магнітам для замежных інвестараў?
- Па-першае, гэта стабільнасць у краіне і эканоміка, якая развіваецца. Па-другое, гарантыі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы і ўрада ўсім замежным інвестарам, што для іх будуць забяспечаны самыя спрыяльныя ўмовы працы. Калі ставіцца да справы добрасумленна і прыстойна, праблем у інвестараў не ўзнікне. Дарэчы, за перыяд рэалізацыі сумесных праектаў ні адзін літоўскі інвестар не страціў ні цэнта!
Безумоўна, не ўсё абсалютна гладка - бывае, што чыноўнікі цяжкія на пад'ём, складана ідзе ўзгадненне і гэтак далей. Але гэтыя цяжкасці пераадольныя. Тым больш што факты бюракратызму атрымліваюць самую жорсткую ацэнку беларускіх улад, а вінаватыя ў валакіце нясуць персанальную адказнасць.
Нельга скідаць з рахункаў і фактар суседства. Як вядома, у бліжэйшым будучым магчыма падпісанне пагаднення аб прыгранічным насельніцтве. Атрымаўшы права на свабоднае перамяшчэнне, каля 1,5 млн. чалавек змогуць рэалізоўваць любыя праекты без усялякіх перашкод. Гэта будзе добрай падтрымкай для развіцця дзелавых кантактаў, ажыццяўлення праектаў у сферы гандлю, прыдарожнага сэрвісу, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу.
Лічбы і факты. У Беларусі літоўскія інвестары паспяхова рэалізавалі шэраг праектаў, у тым ліку вытворчасць па выпуску мэблевых тканін у Гродне, швейны комплекс кампаніі "E5&Co" ў Гродзенскай вобласці. Буйныя інвестыцыі ўкладзены ў ТАА "Рэчыцапіва", ААТ "Піўзавод Аліварыя", гомельскі завод "Біядругасрэсурс". У працэсе рэалізацыі знаходзяцца праекты па стварэнню шматфункцыянальнага комплексу на базе стадыёна "Трактар" (Мінск), рэканструкцыі і пашырэнню плошчаў "Беларусьфільма", стварэнню транспартна-лагістычнага склада ў Валожынскім раёне, вытворчасці драўняных паліўных гранул (пелет) у Пастаўскім раёне, будаўніцтву гандлёва-забаўляльнага комплексу ў Жлобіне.
- Пяты літоўска-беларускі эканамічны форум у гэтым годзе праходзіць пад назвай "Беларусь і дзяржавы Балтыйскага мора: новыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва". І ўпершыню ён атрымаў статус міжнароднага.
- Беларусь у гэтым годзе ў якасці наглядальніка прынята ў Савет дзяржаў Балтыйскага мора, з'явіліся дадатковыя магчымасці рэалізацыі праектаў. На форум запрошаны прадстаўнікі дзелавых колаў Германіі, Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Калінінградскай вобласці. Удзел у гэтым маштабным мерапрыемстве дасць ім магчымасць ацаніць прывабнасць прапаноў, якія кампаніі Беларусі і Літвы прадставяць на форуме.
- Форум у Вільнюсе можа стаць мостам у адносінах паміж бізнесам Беларусі і краін ЕС. Якія сферы супрацоўніцтва сярод прыярытэтных?
- Зразумела, гэта рэальны сектар эканомікі. На форуме будуць працаваць шэсць секцый. Гэта "Супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання, вытворчай кааперацыі і стварэння зборачных вытворчасцей"; "Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Літвой, сумесны ўдзел у праектах Еўрапейскага саюза"; "Супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу і харчовай прамысловасці"; "Рэгіёны і свабодныя эканамічныя зоны - прыярытэтныя формы прыцягнення замежных інвестыцый. Прэзентацыя аб'ектаў прыватызацыі"; "Інвестыцыйнае супрацоўніцтва ў галіне гандлю, грамадскага харчавання, гасцінічнага бізнесу і прыдарожнага сэрвісу"; "Супрацоўніцтва ў галіне біяэнергетыкі і экалогіі". Таму сфера інтарэсаў акрэслена дастаткова дакладна і даволі шырока.
Галоўным вынікам форуму будзе аб'ём інвестыцый у беларускую эканоміку. Папярэднія чатыры форумы ў гэтых адносінах былі ўдачнымі, спадзяюся, што і пяты не стане аўтсайдэрам.
- З якімі дасягненнямі Беларусі, новымі таварамі і паслугамі змогуць азнаёміцца наведвальнікі выставы "Белэкспа-2009"?
- На выставе будзе прадстаўлена прадукцыя 152 беларускіх прадпрыемстваў. У першую чаргу гэта флагманы прамысловасці МАЗ, МТЗ, БелАЗ, "Амкадор", Мінскі маторны завод і іншыя. Шырокае прадстаўніцтва на выставе ў будаўнічага і аграпрамысловага сектара.
Будуць прэзентаваны дасягненні беларускіх вучоных. У рамках форуму адбудзецца маштабная навукова-практычная канферэнцыя, якую праводзяць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Акадэмія навук Літвы з удзелам вучоных Еўрапейскага саюза. Запланавана абмеркаванне важных напрамкаў у галіне фізікі, інфармацыйных тэхналогій, аховы навакольнага асяроддзя, аграрнага комплексу. І гэта заканамерна: навука павінна быць флагманам у развіцці адносін.
- Дні эканомікі, навукі і культуры Беларусі ў Літве для літоўскай грамадскасці заўсёды станавіліся падзеяй. Што новага ў культурным рэпертуары?
- Ён разнастайны. Запланавана выступленне знакамітых беларускіх творчых калектываў. З канцэртнай праграмай выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава. У Літоўскай філармоніі адкрыецца выстава работ беларускіх мастакоў.
І яшчэ цікавы факт. На форуме адбудзецца прэзентацыя кнігі "Беларусь і Літва - праз 100-годдзе разам", якая прысвечана агульнай гісторыі дзвюх дзяржаў і народаў, летапісу двухбаковых эканамічных адносін.
Алена ЮРКЯВІЧЭНЕ /Вільнюс/,
Алена ПРУС /Мінск/,
БЕЛТА.