Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

17 Ліс 2014

Заяўка Мінска на правядзенне летняга Еўрапейскага алімпійскага фестывалю-2019 будзе прэзентавана на Генасамблеі ЕАК

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяўка Мінска на правядзенне летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю (ЕЮАФ) 2019 года будзе прэзентавана на Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК), якая пройдзе ў Баку (Азербайджан) 21-22 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі.

Выбары сталіцы летняга ЕЮАФ 2019 года, кандыдатам на правядзенне якога з'яўляецца Мінск, таксама адбудуцца ў ходзе работы Генасамблеі ЕАК.

Слоган фестывалю - "Мінск - горад, які любіць спорт" прапанаваны членамі інспекцыйнай камісіі ЕАК у час візіту ў Мінск у маі гэтага года.

У НАК Беларусі падкрэслілі, што правядзенне гэтых прэстыжных спаборніцтваў стане важным крокам у гісторыі развіцця алімпійскага руху, знакавай падзеяй у спартыўным жыцці горада, краіны і ўсёй Еўропы, а таксама дасць магчымасць умацаваць імідж і аўтарытэт Беларусі як сацыяльна арыентаванай дзяржавы, якая ўдзяляе першарадную ўвагу прапагандзе алімпійскіх ідэалаў, здаровага ладу жыцця, развіццю фізічнай культуры і спорту. "Упершыню беларуская сталіца прыняла спаборніцтвы Гульняў у 1980 годзе, калі на стадыёне "Дынама" быў запалены алімпійскі агонь і прайшоў кваліфікацыйны турнір па футболе, а таксама адзін з матчаў чвэрцьфіналу. Цяпер з'явілася магчымасць адкрыць Мінск для маладых спартсменаў усяго кантынента", - сказалі ў НАК.

Летні Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль праводзіцца ў няцотныя гады і з'яўляецца комплексным спартыўным мерапрыемствам, праграма якога ўключае спаборніцтвы па дзевяці відах спорту, сярод якіх баскетбол, веласпорт, валейбол, гандбол, дзюдо, лёгкая атлетыка, плаванне, спартыўная гімнастыка, тэніс. Як правіла, у турніры прымаюць удзел юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Пры гэтым краіна-арганізатар атрымлівае права ўдзелу ў спаборніцтвах па ўсіх відах спорту поўным складам без праходжання адбору на папярэднім этапе. Пры правядзенні ЕЮАФ згодна з афіцыйным пратаколам павінны быць выкананы ўсе працэдуры Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК): эстафета і запальванне алімпійскага агню, парад нацый і цырымонія адкрыцця, клятва спартсменаў і спартыўных суддзяў, падняцце алімпійскага сцяга.

Плануецца, што ад Беларусі ў рабоце Генасамблеі ЕАК прыме ўдзел заявачны камітэт "Мінск-2019". У яго ўвойдуць алімпійская чэмпіёнка Афін-2004 па атлетыцы ў бегу на дыстанцыі 100 м Юлія Несцярэнка, алімпійскі чэмпіён Барселоны-1992 па веславанні на каноэ Дзмітрый Даўгалёнак, генеральны сакратар НАК Беларусі Георгій Катулін, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, памочнік Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, а таксама афіцыйны прадстаўнік Мінгарвыканкама.

У час прэзентацыі на Генасамблеі ЕАК будзе працаваць выставачная зона, дзе будзе прадстаўлена заяўка Мінска. Да гэтага мерапрыемства НАК, упраўленне спорту і турызму Мінгарвыканкама, прадпрыемствы "Мінскрэклама" і "Мінсктурыст" падрыхтавалі і выпусцілі прома-прадукцыю: сувеніры, друкаваныя матэрыялы, рэкламныя стойкі і інш. Цырымонія прэзентацыі заяўкі, а таксама працэдура галасавання адбудуцца 22 лістапада.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі