6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сучаснае іранскае мастацтва на тры тыдні прадставілі ў Мінску. Выстаўка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага сёння сустрэла першых наведвальнікаў, паведамілі БЕЛТА ў галерэі.
Экспазіцыя спалучае традыцыйныя формы народнай творчасці з сучаснымі тэндэнцыямі выяўленчага мастацтва. У праекце можна ўбачыць мініяцюру, узоры каліграфіі, керамікі, разьбы па дрэве, мастацкага шкла, дываны, дэкаратыўны посуд, кніжныя выданні.
Асноўная частка выстаўкі адведзена палотнам вядомага іранскага мастака і мініяцюрыста Бехзада Базаргі. Яго карціны ацанілі не толькі на радзіме, але і ў Катары, Тайландзе, ЗША, Расіі і на Філіпінах. У Мінск таксама прывезлі творы майстра персідскай мініяцюры Махмуда Фаршчыяна. На яго карцінах адлюстраваны сюжэты з класічнай паэзіі і літаратуры, Карана, хрысціянскіх і іўдзейскіх свяшчэнных пісанняў, але часцей за ўсё вобразы, народжаныя багатай фантазіяй мастака. Наведвальнікам прапануюць убачыць калекцыю аўтарскіх копій работ майстра.
Экспазіцыя дапоўнена калекцыяй фотаработ з цыкла "Іран вачамі беларускіх студэнтаў". Здымкі былі зроблены студэнтамі, якія вывучаюць персідскую мову на курсах пры культурным прадстаўніцтве пасольства Ірана.
Выстаўка арганізавана культурным прадстаўніцтвам пасольства Ірана ў Беларусі. Убачыць праект можна да 24 жніўня.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|