Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

29 Врс 2014

Выстаўка "Беларуская кніга са старажытнасці да нашых дзён" адкрылася ў Санкт-Пецярбургу

29 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Унікальныя рарытэты прадстаўлены на выстаўцы "Беларуская кніга са старажытнасці да нашых дзён", якая адкрылася сёння ў Санкт-Пецярбургу ў галоўным будынку Расійскай нацыянальнай бібліятэкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе РНБ.

Дзякуючы гэтай экспазіцыі жыхары Санкт-Пецярбурга ўпершыню атрымалі магчымасць азнаёміцца з рэтраспектывай беларускай кнігі - ад Полацкага Евангелля XII стагоддзя да твораў сучасных беларускіх паліграфістаў.

"Культурныя сувязі Беларусі і Санкт-Пецярбурга шматгранныя і непарыўна звязаны з Расійскай нацыянальнай бібліятэкай, - адзначылі ў прэс-службе. - Прадстаўлены на выстаўцы першы ў гісторыі слоўнік беларускай мовы рэдагаваў дырэктар Імператарскай Публічнай бібліятэкі Афанасій Бычкоў, а ў ліку супрацоўнікаў былі вядомыя беларусы - рэвалюцыянер Кастусь Каліноўскі і вучоны-ўсходазнавец Каятан Касовіч".

Аснову выстаўкі складаюць выданні, якія захаваліся ў адзіным экзэмпляры. Сярод такіх рарытэтаў не толькі кнігі, выпушчаныя сярэдневяковымі друкарнямі Магілёва, Любчы, Вільні, Нясвіжа і Брэста, але і дзіцячыя кнігі, выдадзеныя ў Беларускай ССР да пачатку Другой сусветнай вайны. У 1920-1930-я гады Дзяржаўная публічная бібліятэка ў Ленінградзе атрымлівала іх па абавязковым экзэмпляры і захавала ў сваіх фондах, у Беларусі яны загінулі.

На выстаўцы прадстаўлены аповесці класіка беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", упершыню выдадзеныя ў 4-х тамах у Санкт-Пецярбургу ў 1844-1846 гадах. Гісторыі, якія расказваюць выпадковыя падарожнікі правінцыяльнаму шляхціцу Завальні, адлюстроўваюць фальклор Паўночнай Беларусі.

Адзін з раздзелаў выстаўкі прысвечаны падручнікам для падрыхтоўкі малодшых афіцэраў Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, выдадзеным у Мінску перад вайной. Менавіта па іх вучыўся легендарны Васіль Маргелаў, будучы стваральнік паветрана-дэсантных войскаў СССР, які за час свайго кіраўніцтва ператварыў паветрана-дэсантныя дывізіі ў элітныя войскі.

Выстаўка арганізавана Расійскай нацыянальнай бібліятэкай сумесна з Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў СНД і прымеркавана да Дзён беларускай культуры ў Санкт-Пецярбургу.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі