Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

14 Nov 2016

Выданне "Беларусь. Страна и люди" ўдастоена залатога медаля на Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выданне "Беларусь. Страна и люди" ўдастоена залатога медаля і дыплома I ступені за перамогу ў намінацыі "Лепшае краязнаўчае выданне" конкурсу Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Eurasian Book Fair-2016 у Астане. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Кніга выпушчана выдавецтвам "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" да пятага Усебеларускага народнага сходу. Выданне ўяўляе сабой амаль 400-старонкавы фотаальбом, дзе адлюстраваны значныя змены, што адбыліся ў Беларусі за апошнія пяць гадоў ва ўсіх сферах - ад эканомікі да культуры. Багаты матэрыял наглядна паказвае сацыяльна-эканамічную мадэль, якую Беларусь пабудавала за гады незалежнасці і дзякуючы якой забяспечваецца паступальнае развіццё краіны. У выданні выкарыстаны ў тым ліку фотаматэрыялы агенцтва БЕЛТА.

Першапачаткова кніга была выдадзена ў руска-англійскім варыянце, затым быў надрукаваны дадатковы тыраж у беларуска-англійскім варыянце. Кніга прызначана для шырокага кола чытачоў - як для жыхароў Беларусі, так і для іншаземцаў.

Акрамя таго, серыя "Францыск Скарына" ў трох тамах атрымала дыплом III ступені і бронзавы медаль у намінацыі "Лепшае выданне для дзяцей і юнацтва". Гэта кніга таксама выпушчана ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

У тройцы лепшых у намінацыі "Лепшая навучальная літаратура" - кніга "Беларусь - наша Радзіма" выдавецтва "Пачатковая школа". Выданне ўдастоена дыплома III ступені і бронзавага медаля.

Беларусь прымала ўдзел у выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair-2016 у якасці ганаровага госця. На нацыянальным стэндзе былі прадстаўлены больш за 500 лепшых беларускіх кніг. Экспазіцыя прыцягнула вялікую колькасць гасцей выстаўкі, асаблівую цікавасць яны праявілі да выданняў "Беларусь. Страна и люди" і "Беларусь олимпийская".

Еўразійская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш прайшла ў Астане 9-12 лістапада. Яе заснавальнікам, арганізатарам выступіла выдавецтва "Фаліянт". Буйнейшае культурна-асветніцкае мерапрыемства на еўразійскай прасторы адбылося напярэдадні 25-годдзя незалежнасці Рэспублікі Казахстан і аб'яднала на адной вялікай інтэлектуальнай пляцоўцы выдавецкія, кнігагандлёвыя, навукова-адукацыйныя і паліграфічныя кампаніі краін СНД, Еўропы і Азіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі