Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

17 Ліс 2015

VI Мінскі міжнародны Калядны оперны форум пройдзе з 16 па 20 снежня

Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VI Мінскі міжнародны Калядны оперны форум пройдзе з 16 па 20 снежня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, які з'яўляецца арганізатарам мерапрыемства.

На працягу пяці дзён на сцэне Вялікага тэатра Беларусі будуць прадстаўлены новыя пастаноўкі, лепшыя спектаклі гэтага і мінулых сезонаў, фестывальныя прэм'еры розных оперных жанраў, з удзелам выканаўцаў сусветнага ўзроўню і вядучых артыстаў беларускага Вялікага. Фінальным акордам форуму па традыцыі стане гала-канцэрт зорак сусветнай оперы. Міжнародны Калядны оперны форум - калейдаскоп оперных шэдэўраў з удзелам зорак першай велічыні, які штогод збірае знатакоў опернага мастацтва і дорыць магчымасць атрымаць асалоду ад мастацтва гармоніі голасу і музыкі.

Мінскі міжнародны Калядны оперны форум-2015 16 снежня адкрые драма аб абсалютнай уладзе, што калечыць чалавечыя лёсы, - опера "Царская нявеста" Мікалая Рымскага-Корсакава, у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ, дырыжор-пастаноўшчык - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка.

17 снежня на сцэне беларускага Вялікага - зорны дэсант Вялікага тэатра Расіі. Спектакль "Яўген Анегін" прымеркаваны да 175-годдзя з дня нараджэння Пятра Чайкоўскага.

На галоўнай сцэне тэатра 18 снежня пройдзе канцэрт маладых выканаўцаў La canzone italiana. У праграме прымуць удзел: артыст Маладзёжнай праграмы Вялікага тэатра Расіі Аляксандр Рославец, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Юрый Гарадзецкі, Марыя Шабуня, Ілья Сільчукоў. Праграму канцэрта складуць арыі, дуэты і неапалітанскія песні, знаёмыя кожнаму паклонніку опернага мастацтва.

Паклоннікаў сапраўдных эмоцый збярэ 19 снежня легендарная опера "Кармэн" Жоржа Бізэ, новую рэдакцыю якой гледачы ўбачылі ў мінулым тэатральным сезоне. Партыю спакуслівай цыганкі выканае народная артыстка Украіны Анжаліна Швачка, якая лічыцца адной з лепшых у свеце выканаўцаў партыі Кармэн. У оперы Бізэ спявачка выходзіла на сцэну больш як 170 разоў у 18 розных пастаноўках. За дырыжорскі пульт оперы "Кармэн" выйдзе прэзідэнт і мастацкі кіраўнік музычнага фестывалю "Лірычныя ночы ў Мармандзе" Філіп Местр (Францыя). Аднак у Мінск Філіп Местр прыедзе не толькі дзеля "Кармэн": ён - ганаровы член журы II Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.

Грандыёзны гала-канцэрт зорак сусветнай оперы стане завяршальным акордам форуму на сцэне Вялікага тэатра Беларусі 20 снежня. У заключным мерапрыемстве Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму-2015 прымуць удзел вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі, а таксама народны артыст Азербайджана, вядучы саліст Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Самір Джафараў, вядучы саліст Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра імя А.Наваі Раміз Усманаў, заслужаная артыстка Казахстана, салістка дзяржаўнага тэатра оперы і балета "Астана Опера" Жанат Бактай, саліст Латвійскай нацыянальнай оперы Яніс Апейніс, саліст Сафійскай нацыянальнай оперы і балета Атанас Младзенаў і іншыя. У гала-канцэрце таксама выступяць пераможцы ІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.

Оперныя арыі і дуэты, музычныя шлягеры і знаёмыя кожнаму мелодыі, выкананыя ў суправаджэнні віртуозных музыкантаў сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі, створаць непаўторную святочную атмасферу. За дырыжорскім пультам - заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, Алег Лясун.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі