10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўпершыню за 15 гадоў выберуць новых замежных членаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе акадэміі.
"13 лістапада на сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі адбудуцца выбары замежных членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Апошні раз вучоныя з-за мяжы станавіліся нашымі акадэмікамі ў сакавіку 2000 года", - растлумачылі спецыялісты прэс-службы.
У гэтым годзе для ўдзелу ў выбарах 13 лістапада ў Мінск прыедуць трое сусветна вядомых вучоных. Акадэмік Антон Цайлінгер - прэзідэнт Аўстрыйскай акадэміі навук - унёс значны ўклад у развіццё квантавай фізікі на міжнародным узроўні. Прафесар Цьяу Ван Мінь, прэзідэнт В'етнамскай акадэміі навук і тэхналогій, у свеце вядомы сваімі работамі па хіміі. Акадэмік Аляксандр Асееў - віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, старшыня Сібірскага аддзялення РАН - набыў імя ў навуковым асяроддзі дзякуючы работам у галіне паўправадніковых сістэм. 13 лістапада ў час урачыстай цырымоніі вучоным будуць уручаны спецыяльныя дыпломы акадэміі.
У гэты ж дзень пройдуць выбары ў правадзейныя члены (акадэмікі) НАН Беларусі.
Цяпер замежнымі членамі НАН Беларусі з'яўляюцца дзесяць замежных вучоных, сярод іх лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнт НАН Украіны Барыс Патон.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|