Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

3 Sep 2014

Трансляцыю адкрыцця сезона ў Белдзяржфілармоніі ўпершыню пакажуць на экране ў цэнтры Мінска

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Упершыню ў Мінску сёння пакажуць жывую трансляцыю адкрыцця 77 сезона ў Белдзяржфілармоніі. Выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава будзе трансліравацца на вялікім экране, устаноўленым на прыступках "Верхняга горада" ля Ратушы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі арганізатары.

Галоўная ідэя праекта - вывесці класіку з акадэмічных канцэртных залаў на плошчы горада. У якасці зыходнага пункту былі ўзяты "праменадныя" трансляцыі BBC Proms - штогадовага міжнароднага фестывалю ў лонданскім "Альберт-холе". Канцэрты называюць "праменаднымі", таму што гледачы могуць атрымаць асалоду ад класічных шэдэўраў не толькі ў зале, але і на адкрытым паветры, у час прагулкі. Натхніўшыся атмасферай канцэртаў у Гайд-парку, арганізатары вырашылі аднавіць яе ў цэнтры Мінска.

"Ідэя набліжэння класікі да шырокай публікі далёка не новая. Музычныя шоу ў такім фармаце штогод праходзяць у Лондане, Парыжы, Берліне, Празе, Вене і іншых сталіцах Еўропы. Такія канцэрты прыцягваюць вялікую колькасць гледачоў - як заўзятых паклоннікаў акадэмічнай музыкі, так і аматараў культурных гарадскіх мерапрыемстваў. Сёння да еўрапейскіх сталіц, якія трансліруюць анлайн-класіку, далучыцца і Мінск", - расказаў арганізатар і ініцыятар праекта, кіраўнік папячыцельскага савета Фонду "Ідэя" Віктар Радзькоў.

У першым аддзяленні прагучыць прэм'ера сачынення Галіны Гарэлавай "Страсці па Шагалу", а таксама сімфанічная рапсодыя Леаша Яначака "Тарас Бульба". У другім - аркестр сыграе трэцюю дзею оперы Пятра Чайкоўскага "Мазепа". Музыка будзе гучаць у суправаджэнні радкоў з паэмы Аляксандра Пушкіна "Палтава" - іх прачытае акцёр тэатра і кіно Андрэй Мярзлікін.

Удзел у канцэрце прымуць запрошаная салістка Самарскага тэатра Ірына Крыкунова, заслужаны артыст Расіі Васіль Святкін і саліст Марыінскага тэатра заслужаны артыст Украіны Віктар Луцюк.

"На працягу доўгага часу класічную музыку ў нашай краіне традыцыйна можна было пачуць у залах, тады як у Еўропе і Амерыцы яна даўно знайшла свайго гледача на адкрытых пляцоўках. Вельмі спадзяюся, што такая традыцыя нарэшце прыжывецца і ў нас", - адзначыў генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар.

Арганізатары праекта - фонд "Ідэя". Партнёры - Белдзяржфілармонія, упраўленне культуры Мінгарвыканкама, РУП "Белтэлекам".

Прамая трансляцыя з фае і Вялікай залы філармоніі пачнецца за паўгадзіны да пачатку канцэрта - у 18.30, каб гледачы, якія збяруцца ў цэнтры горада, змаглі адчуць сябе паўнапраўнымі ўдзельнікамі маштабнага праекта.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі