8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У святочных мерапрыемствах, прысвечаных 85-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія пройдуць у Мінску 23-25 студзеня, прымуць удзел больш за 500 вядучых вучоных Саюзнай дзяржавы, СНД, замежных навуковых арганізацый Еўропы і Азіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі.
Сярод удзельнікаў - нобелеўскі лаўрэат віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, замежны член НАН Беларусі, акадэмік Расійскай акадэміі навук Жарэс Алфёраў, старшыня Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук акадэмік Аляксандр Асеяў і іншыя. Плануецца, што сусветна вядомыя вучоныя выступяць у Нацыянальнай акадэміі навук з навуковымі дакладамі па актуальных праблемах развіцця сучаснай навукі.
У праграме святкавання - круглыя сталы, дні адкрытых дзвярэй, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Навука - інавацыйнаму развіццю грамадства". Праграма канферэнцыі будзе ўключаць фундаментальныя і прыкладныя пытанні стварэння навукаёмістых тэхналогій, матэрыялаў і прадуктаў па прарыўных напрамках развіцця навукі.
У дні ўрачыстасцей будзе працаваць і маштабная выстаўка вынікаў інавацыйнай дзейнасці вучоных НАН, галіновай і вузаўскай навукі. Плануецца, што на ёй будзе прадстаўлена каля 500 апошніх навукова-тэхнічных распрацовак вучоных. Будуць прадстаўлены перадавыя напрамкі развіцця айчыннай навуковай сферы - касмічныя, інфармацыйныя, бія-, нана-тэхналогіі, новыя лекавыя сродкі, дасягненні вучоных-аграрыяў. Будзе разгорнута экспазіцыя кніг вучоных-гуманітарыяў, археалагічная выстаўка. Свае распрацоўкі прадставяць таксама міністэрствы і ведамствы Беларусі.
У вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці краіны, дзе будуць узнагароджаны выдатныя дзеячы акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|