Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Aug 2014

Страчаная спадчына яўрэйскай культуры Беларусі прадстаўлена на выстаўцы ў Гродне

28 жніўня, Гродна /Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА/. Страчаная спадчына яўрэйскай культуры Беларусі прадстаўлена на выстаўцы фатаграфій і жывапісу ў Гродне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня савета гродзенскай іўдзейскай абшчыны Барыс Квяткоўскі.

На выстаўцы "Сінагогі Беларусі" можна ўбачыць больш як 50 аб'ектаў яўрэйскай сакральнай архітэктуры ў выглядзе фатаграфій і жывапісных работ. У адным з нямногіх дзеючых яўрэйскіх малітвенных дамоў - Гродзенскай вялікай харальнай сінагозе - прадстаўлены чорна-белыя фатаграфіі польскіх фотамастакоў Кшыштафа Бяляўскага і Агаты Максімоўскай, сабраныя ў час нядаўняй экспедыцыі па Беларусі. У вялікай харальнай сінагозе таксама выстаўлены жывапісныя карціны мінскага мастака Анатоля Наліваева, напісаныя аўтарам у 50-60-я гады мінулага стагоддзя. Асаблівасць архітэктурных пейзажаў - у фатаграфічнай дакладнасці, з якой жывапісец узнаўляў помнікі яўрэйскай культуры. Усе карціны суправаджаюцца разгорнутымі гістарычнымі тлумачэннямі.

На фатаграфіях і карцінах адлюстраваны сінагогі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Большая частка іх страчана, многія знаходзяцца ў заняпадзе. Напрыклад, у Лідзе ўцалелую ў вайне сінагогу ўзарвалі ўжо ў мірны час. Некаторыя будынкі захаваліся лепш, напрыклад малітвенныя дамы ў Іўі, Свіслачы, Ашмянах, Слоніме, Індуры, Бабруйску, Брэсце, Магілёве. У Мінску ў будынку сінагогі цяпер размяшчаецца рускі драматычны тэатр. Многія з сінагог уяўлялі сабой шэдэўры дойлідства.

У Беларусі захавалася амаль 100 сінагог, прыкладна дзясятая частка іх знаходзіцца ў запусценні. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ва ўцалелых малітвенных дамах яўрэяў размяшчаліся магазіны, школы, кінатэатры, бальніцы, натарыяльныя канторы, спартзалы. "У кожным яўрэйскім мястэчку, якіх да вайны ў Беларусі было шмат, былі адна-дзве сінагогі. Сёння гэтыя будынкі можна было б прывесці ў парадак і выкарыстоўваць як музеі, выставачныя залы, культурныя цэнтры. Напрыклад, у Слоніме ў цэнтры горада захавалася ў адносна нядрэнным стане сінагога ХVII стагоддзя, а ў ёй - цікавая лепка, фрэскі. Некалі будынак выкарыстоўваўся як мэблевы магазін, цяпер закрыты. На Слонімшчыне зхавалася шмат масавых захараненняў яўрэяў, у час вайны іх забівалі тысячамі, і ў сінагозе можна было б стварыць філіял краязнаўчага музея. Але нешматлікім яўрэйскім абшчынам Беларусі стварыць гэта самастойна немагчыма", - сказаў Барыс Квяткоўскі.

Выстаўку "Сінагогі Беларусі" арганізавалі сумесна музеі гісторыі яўрэяў Польшчы і гісторыі яўрэяў Гродзеншчыны. Яна мае дабрачынны характар: сабраныя ахвяраванні плануецца накіраваць на рэканструкцыю гродзенскай сінагогі. Экспазіцыя будзе дзейнічаць да сярэдзіны верасня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі