Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Крс 2016

Старадаўняя музыка ў выкананні ансамбля Capella Cracoviensis прагучыць у сценах полацкай Сафіі

4 красавіка, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Польскі ансамбль Capella Cracoviensis адкрые праграму XXIX Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі ў Полацку, паведаміла БЕЛТА загадчыца канцэртнага аддзела Сафійскага сабора Алена Мартынава.

Урачыстае адкрыццё вясенняга полацкага фестывалю адбудзецца 7 красавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора. "Госці з Кракава ў нас упершыню - гэта барочны ансамбль, у складзе якога выдатныя музыканты-прафесіяналы з Польшчы, Нідэрландаў, Францыі, Фінляндыі. Асаблівасць Capella Cracoviensis у тым, што калектыў выконвае старадаўнюю музыку ў стылі эпохі. У сапраўдных аматараў музыкі з'явіцца цудоўная магчымасць атрымаць асалоду ад прыгажосці іх гучання ў адной з лепшых канцэртных залаў Еўропы", - растлумачыла Алена Мартынава.

Капэла выконвае камерную музыку ад Рэнесансу да авангардных кампазіцый XX стагоддзя, рэалізуе амбіцыйныя праекты на высокім мастацкім узроўні, супрацоўнічае з вядомымі еўрапейскімі салістамі і дырыжорамі, вакальна-інструментальнымі ансамблямі. Калектыў актыўна канцэртуе за межамі Польшчы, з'яўляецца пастаянным госцем знакамітых еўрапейскіх фестываляў. Для палачан і гасцей фестывалю ў выкананні Capella Cracoviensis прагучаць сімфоніі Ё.Гайдна, В.А.Моцарта, а таксама музыка польскіх кампазітараў XVIII - пачатку XX стагоддзяў Б.Багдановіча і М.Карловіча.

Канцэрты XXIX Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі стартавалі ў канцэртнай зале Сафійскага сабора 24 сакавіка і прадоўжацца па 27 красавіка. Уся праграма складаецца з 7 канцэртаў, у якіх мастацтва камернага музіцыравання прадэманструюць сусветна прызнаныя калектывы і салісты з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Аўстрыі і Кітая. Наступным пасля адкрыцця стане канцэрт харавой музыкі "Спяваюць хлопчыкі" 10 красавіка, які арганізаваны Беларускім саюзам музычных дзеячаў. А 16 красавіка Сафійскі сабор чакае паклоннікаў творчасці камернага аркестра "Еўропа-Цэнтр" і салісткі канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай. Салістка Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра Ганна Бяляева (сапрана) і піяністка Юлія Перэу падораць слухачам незабыўны вечар рускага раманса 21 красавіка.

Завяршэнне фестывалю будзе прысвечана геніяльнай музыцы Вольфганга Амадэя Моцарта, 260-годдзе з дня нараджэння якога адзначаюць ва ўсім свеце. 27 красавіка Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам эстонскага дырыжора Эркі Пехка і салісты парадуюць паклоннікаў музыкі вялікага кампазітара рознымі жанрамі яго творчасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі