Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

8 Лют 2016

Прэзентацыі прафесій у рэжыме non stop арганізуюць на выстаўцы "Адукацыя і кар'ера"

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыі розных прафесій у рэжыме non stop адбудуцца на 14-й міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Адукацыя і кар'ера", якая пройдзе 11-13 лютага ў мінскім Палацы спорту, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Удзельнікамі форуму стануць вядучыя ВНУ, каледжы, ліцэі, універсітэты Беларусі, Расіі, Літвы і Польшчы, адукацыйныя ўстановы краін далёкага замежжа, інстытуты паслядыпломнай і дадатковай адукацыі, турфірмы, што працуюць у сферы адукацыйнага турызму.

Выстаўка прадэманструе шырокі спектр праграм: ад школьных да паслявузаўскіх, уключаючы дактарантуру, а таксама дадатковай адукацыі і атрымання адукацыі за мяжой. Сфарміраваць прафесійныя густы школьнікам і абітурыентам дапаможа інтэрактыўная пляцоўка "Не святыя гаршкі лепяць". Наведвальнікі таксама змогуць паразмаўляць з прадстаўнікамі прыёмных камісій устаноў адукацыі.

У час работы выстаўкі запланавана правядзенне семінараў і прэзентацый па актуальных тэмах. У іх ліку - "Як прадаць сябе работадаўцу?", "Класная гадзіна ў старшай школе весела і з карысцю: навучанне стасункам з выкарыстаннем гарвардскіх тэхналогій".

На адной пляцоўцы і ў адны тэрміны з форумам "Адукацыя і кар'ера" ў Мінску адбудзецца 7-я міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Адукацыйнае асяроддзе і навучальныя тэхналогіі". Мерапрыемства аб'яднае вытворцаў і пастаўшчыкоў тэхналогій і рашэнняў, прадуктаў і паслуг для суправаджэння і забеспячэння навучальнага працэсу на ўсіх узроўнях адукацыі, а таксама прафесійнай падрыхтоўкі. Ключавым момантам работы выстаўкі стане III адкрытая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку". Яе задача - развіццё патэнцыялу ўзаемадзеяння ІТ-спецыялістаў і прадстаўнікоў адукацыйнай галіны па пошуку аптымальных педагагічных і тэхналагічных рашэнняў у галіне інфарматызацыі адукацыі. Акрамя канферэнцыі прадугледжаны семінары, прэзентацыі, майстар-класы.

"Асноўная мэта двух роднасных праектаў - выставак "Адукацыя і кар'ера" і "Адукацыйнае асяроддзе і навучальныя тэхналогіі" - заключаецца не толькі ў дэманстрацыі навінак у адукацыйнай сферы. Не менш важна стварэнне прафесійнага інфармацыйнага поля для дзелавых кантактаў удзельнікаў і абмеркавання шляхоў укаранення сучасных тэхналогій непасрэдна ў навучальны працэс. На выстаўках будзе прадастаўлена ідэальная пляцоўка для канструктыўнай сустрэчы вытворцаў сучасных тэхналогій і іх непасрэдных карыстальнікаў", - падкрэслілі арганізатары.

У 2015 годзе ў ліку ўдзельнікаў выстаўкі "Адукацыя і кар'ера" быў 121 экспанент з 12 краін (Беларусь, Вялікабрытанія, Расія, Літва, Эстонія, Польшча, Чэхія, Мальта, Славакія, Швейцарыя, Кіпр, Латвія). У 2016-м за кошт сумеснага правядзення дзвюх папулярных выставак чакаецца больш за 150 экспанентаў.

Арганізатары мерапрыемстваў - выставачнае прадпрыемства "Экспафорум" і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі