18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прамы нашчадак Напалеона Банапарта 21 красавіка наведае Беларусь, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.
Шарль Напалеон з'яўляецца прэзідэнтам Еўрапейскай федэрацыі гарадоў гісторыі Напалеона. Яго візіт арганізуецца пасольствам у мэтах развіцця супрацоўніцтва з федэрацыяй.
Еўрапейская федэрацыя гарадоў гісторыі Напалеона створана ў 2004 годзе. У яе склад уваходзяць больш чым 60 гарадоў Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краін, якія гістарычна звязаны з імем Напалеона Банапарта. Галоўнымі мэтамі федэрацыі з'яўляюцца аб'яднанне і развіццё супрацоўніцтва паміж гарадамі, развіццё турыстычных кантактаў, арганізацыя сумесных культурных праектаў, падтрымка супрацоўніцтва вучоных-гісторыкаў, навучальных устаноў і моладзі.
Федэрацыя рэалізуе некалькі праектаў. Адзін з іх - "Дарогі Напалеона" - ажыццяўляецца па праграме "Еўрапейскія культурныя маршруты".
21 красавіка ў Барысаўскім райвыканкаме запланавана падпісанне Мемарандума аб далучэнні Барысава да Еўрапейскай федэрацыі гарадоў гісторыі Напалеона.
Пасольствам вядзецца сумесная работа з Міністэрствам культуры Беларусі, Нацыянальным гістарычным музеем і федэрацыяй па пытаннях арганізацыі выстаўкі ў рамках праекта "Напалеон і Еўропа".
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|