16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афіцыйная цырымонія закладкі першага каменя ў будаўніцтва квартала з беларускіх драўляных дамоў адбылася 15 лістапада ў французскім горадзе Вільру (рэгіён Латарынгія), паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.
Плануецца, што праект будаўніцтва 37 дамоў, вырабленых філіялам домабудавання РУП "Завод газетнай паперы" (г. Шклоў) будзе ажыццёўлены на працягу 2018 года. Агульная ж праграма будаўніцтва жылых дамоў з дрэва ў рэгіёне Латарынгія прадугледжвае ўзвядзенне ў бліжэйшыя пяць гадоў 650 дамоў з драўляных канструкцый.
У ходзе цырымоніі бакі абмяняліся заключаным кантрактам на экспартную пастаўку дамоў. Пры гэтым французская дэлегацыя мае намер ужо ў бліжэйшы час наведаць Шклоў для правядзення перагавораў аб магчымасці далейшага нарошчвання супрацоўніцтва.
Акрамя таго, прадстаўнікі дзвюх краін наведалі г. Акур-Мулен, у якім пабудавана ўжо вуліца з 17 беларускіх дамоў. Першыя жыхары заселяцца ў іх у лютым 2018 года.
Як адзначылі ў пасольстве, у цэлым рост паставак прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці Беларусі на рынак Францыі за апошнія дзевяць месяцаў склаў 117 працэнтаў. Такая дынаміка забяспечана дзякуючы павелічэнню экспарту прадукцыі мэблевай прамысловасці і дамоў.