Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Врс 2015

"Паўлінка" Купалаўскага тэатра завяршыла праграму фестывалю "Белая вежа"

20 верасня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Найстарэйшы спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Паўлінка" завяршыў праграму ХХ Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Купалаўскі тэатр двойчы станавіўся ўладальнікам Гран-пры фестывалю "Белая вежа". У 1996 годзе калектыў атрымаў прызнанне за спектакль "Ідылія", у 2000-м - за пастаноўку "Князь Вітаўт". На юбілейны форум купалаўцы прывезлі сваю візітку. Спектакль "Паўлінка" на сцэне тэатра ідзе больш як 70 гадоў, выхаваў не адно пакаленне артыстаў і да гэтага часу яго любяць гледачы. Цёпла прыняла яго і публіка, якая сабралася ў зале Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Напоўненыя самабытным народным гумарам, мілагучнай купалаўскай мовай, песнямі і танцамі сцэны са шляхецкага жыцця неаднаразова суправаджаліся смехам і апладысментамі гледачоў. "Паўлінка" стала апошнім, 22-м спектаклем, паказаным на юбілейным фестывалі.

"Наша беларуская класіка - база, на якой мы будуем сваю краіну, сваю незалежнасць", - сказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук і падзякаваў арганізатарам фестывалю і артыстам за падоранае імі свята. Ён з задавальненнем адзначыў, што юбілей фестывалю прыпаў на год, калі Брэст мае статус культурнай сталіцы Беларусі. "Паводле маіх назіранняў, з кожным годам у нашым горадзе становіцца больш аматараў тэатра. Гэта сведчыць аб тым, што Брэст не толькі вялікі прамысловы, гандлёвы, але і культурны цэнтр. Упэўнены, што і далей фестывалю быць", - заявіў мэр і не без шкадавання аб'явіў ХХ Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" закрытым.

Фестываль "Белая вежа-2015" праходзіў у Брэсце з 11 па 19 верасня. За гэтыя дні фестывальныя пастаноўкі наведалі амаль 7,5 тыс. гледачоў. У форуме прынялі ўдзел калектывы з 13 краін. У тым ліку свае пастаноўкі прадставілі 12 уладальнікаў Гран-пры папярэдніх гадоў. Усяго ж за гады існавання "Белай вежы" брастаўчане і госці горада мелі магчымасць азнаёміцца з тэатральным мастацтвам прадстаўнікоў 55 краін свету.

Падводзячы вынікі дваццацігоддзя, генеральны дырэктар - мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандр Козак выказаў задавальненне работай сваёй каманды. "Вельмі прыемна, што мы робім агульную справу для нашага тэатра, горада і гледачоў. Лічу, што шмат з таго, дзеля чаго задумваўся гэты фестываль, мы дабіліся. Перш за ўсё ён распачынаўся для паляпшэння якасці работы нашай трупы, змястоўнасці нашага тэатра. За гэтыя гады ён стаў адзіным абласным тэатрам, які ўдастоіўся звання "акадэмічны". Нас часта запрашаюць на розныя фестывалі, мы робім міжнародныя праекты. Другое, мне здаецца, вельмі многія жыхары Брэста ператварыліся з публікі ў гледача. І гэта вельмі важна", - падзяліўся меркаваннем з журналістамі мастацкі кіраўнік брэсцкага тэатра.

На пытанне аб тым, якім ён бачыць ХХI фестываль "Белая вежа", Аляксандр Козак вырашыў захаваць інтрыгу. Ён выказаў пажаданне, каб тэатральнае свята стала яшчэ больш насычаным і разнапланавым і каб горад у ім быў задзейнічаны яшчэ больш. "Вельмі хацелася б больш такіх тэатраў, шэсцяў нейкіх. Лічу, трэба больш уключаць у праграму спектакляў для дзяцей. Задум ёсць шмат. 21 год - цікавая лічба, цікавыя асацыяцыі выклікае. Калі ўсё будзе добра, а я на гэта спадзяюся, лічу, што ХХI фестываль будзе такі ж, як гэты, можа, крыху лепшы", - прыадкрыў заслону над "Белай вежай-2016" Аляксандр Козак.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі