11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бясплатныя экскурсіі па Беларусі пройдуць 23 і 24 красавіка ў час "Фэсту экскурсаводаў", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА гісторык, прадстаўнік аргкамітэта фестывалю Цімафей Акудовіч.
"У гэтым годзе мы паспрабуем зрабіць "Фэст экскурсаводаў" яшчэ больш маштабным і цікавым. Разлічваем, што будзе больш як 100 экскурсій, прычым яны пройдуць не толькі ў Мінску, але і абласных гарадах, раённых цэнтрах. У планах пашырыць формы экскурсій - будуць экскурсіі на веласіпедах, джыпах, байдарках, спецыяльныя мерапрыемствы плануецца арганізаваць для дзяцей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі", - расказаў Цімафей Акудовіч. Фестываль падтрымае Міністэрства спорту і турызму.
Фестываль прысвечаны Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных мясцін (Дню сусветнай спадчыны), які адзначаецца 18 красавіка. Як расказаў Цімафей Акудовіч, Міжнародны савет па захаванні помнікаў і славутых мясцін (ICOMOS) аб'явіў 2016-ы годам помнікаў спорту, таму беларускі фестываль таксама закране гэту тэматыку.
"У бягучым годзе мы паспрабуем арганізаваць цікавыя экскурсіі менавіта па спартыўных аб'ектах. Канкрэтныя спарткомплексы і мясціны пакуль не вызначаны, але такія экскурсіі абавязкова будуць - мяркую, людзям цікава даведацца пра гісторыю спорту ў нашай краіне і перспектывы", - дадаў ён.
Аргкамітэт мерапрыемства адкрыты для прапаноў - усе экскурсаводы, якія жадаюць паўдзельнічаць у мерапрыемстве, могуць падаць заяўку да 1 красавіка. Спіс бясплатных экскурсій, на якія можна будзе запісацца турыстам, з'явіцца на партале Guides.by за некалькі тыдняў да фестывалю.
"Фэст экскурсаводаў" праводзіцца ў Беларусі з 2009 года. Традыцыйна экскурсіі арганізуюцца на некалькіх мовах.