Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

4 Mar 2016

Індэкс чалавечага развіцця беларускіх жанчын вышэйшы, чым мужчын

4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Індэкс чалавечага развіцця беларускіх жанчын вышэйшы, чым мужчын. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі сустаршыня ГА "Беларускі саюз жанчын" Антаніна Морава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь знаходзіцца ў самым пачатку спіса краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця - займае 50-е месца, падкрэсліла Антаніна Морава. "Дзякуючы больш высокаму ўзроўню адукацыі жанчын і большай працягласці жыцця Беларусь увайшла ў лік 16 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын вышэйшы, чым мужчын, - сказала сустаршыня ГА "БСЖ". - Па індэксе гендарнай роўнасці Беларусь заняла 31-е месца ў свеце сярод 188 дзяржаў. А па індэксе гендарнага развіцця мы ўвайшлі ў першую групу краін - гэта самая высокая пазіцыя ў такім рэйтынгу на постсавецкай прасторы".

У рэспубліцы колькасць жанчын, якія навучаюцца, перасягае колькасць мужчын, якія навучаюцца (50,2 працэнта супраць 49,8 працэнта на пачатак бягучага навучальнага года). Кожная пятая жанчына ў краіне мае вышэйшую адукацыю. "І мы гэтым ганарымся", - падкрэсліла Антаніна Морава, дадаўшы, што беларускія жанчыны больш адукаваныя, чым мужчыны (сярод працуючых жанчын 60 працэнтаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, сярод мужчын - толькі 42 працэнты з дыпломам).

У беларускіх жанчын больш высокая чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, чым у мужчын. Розніца ў гэтых паказчыках складае 10,6 года, канстатавала Антаніна Морава.

Паводле яе слоў, усё часцей жанчын пачалі запрашаць на кіруючыя пасады. Дарэчы, сярод жанчын-кіраўнікоў 40 працэнтаў маюць дзяцей. У Беларусі адзначаецца пашырэнне ўплыву жанчын на ўзроўні прыняцця рашэнняў. Сярод дзяржслужачых яны складаюць 70 працэнтаў. У вышэйшых органах заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады доля жанчын таксама вышэйшая, чым мужчын, - 56 працэнтаў. У Беларусі практычна забяспечана 30-працэнтнае прадстаўніцтва жанчын на ўзроўні прыняцця заканадаўчых рашэнняў - у Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь жанчыны складаюць 29,7 працэнта.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук лічыць, што "жанчына ў Беларусі можа рэалізаваць свае магчымасці, хоць ёй няпроста сумяшчаць прафесійныя і сямейныя абавязкі".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі