Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

19 Врс 2013

Міжнародны цэнтр клетачных тэхналогій пачне працаваць у Беларусі ў 2015 годзе

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-расійскае прадпрыемства "Міжнародны навукова-медыцынскі цэнтр - клетачныя тэхналогіі" пачне працаваць у 2015 годзе. Аб гэтым сёння журналістам паведаміла дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Людміла Дубоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі працуе па дзвюх важных навукова-вытворчых напрамках: гэта стварэнне пры інстытуце высокатэхналагічнай канкурэнтаздольнай вытворчасці стваловых клетак, адпаведнай міжнародным патрабаванням, і арганізацыя лячэбнага працэсу стваловымі клеткамі ў рамках сумеснага беларуска-расійскага прадпрыемства "Міжнародны навукова-медыцынскі цэнтр - клетачныя тэхналогіі", - сказала Людміла Дубоўская.

Мэтай сумеснага прадпрыемства з'яўляецца выкарыстанне ў медыцынскай практыцы беларускіх і расійскіх клетачных тэхналогій. У стварэнні міжнароднага цэнтра з беларускага боку прымаюць удзел Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН і 9-я гарадская клінічная бальніца Мінска, з расійскага - венчурная кампанія "Цэнтр інавацыйных тэхналогій ЕўрАзЭС".

У сваю чаргу навуковы кіраўнік праграмы Саюзнай дзяржавы "Стваловыя клеткі" акадэмік Ігар Валатоўскі адзначыў, што цэнтр стане выканаўцам другой праграмы Саюзнай дзяржавы "Рэгенератыўная медыцына", якая будзе прадаўжэннем праекта "Стваловыя клеткі". На праграму плануецца выдзеліць амаль 1 млрд. расійскіх рублёў.

Цяперашняя праграма "Стваловыя клеткі" разлічана на 2011-2013 гады і ўключае ў сябе пяць мерапрыемстваў: выдзяленне і стандартызацыю стваловых клетак з касцявога мозгу і тлушчавай тканкі, вывучэнне праблемы стваловых клетак пупавіннай крыві, распрацоўку тэхналогій лячэння захворванняў нервовай сістэмы, апорна-рухальнага апарату і анкалагічных захворванняў. Бюджэт праграмы складае 120 млн. расійскіх рублёў.

Вучонымі Цэнтра клетачных тэхналогій, створанага ў лютым 2010 года пры Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі, набыты вопыт па атрыманню і назапашванню біямасы стваловых клетак з высокай жыццядзейнасцю. Распрацаваны метады атрымання біямасы мезенхімальных стваловых клетак з касцявога мозгу, тлушчавай тканкі, стваловых клетак з нюхальнага эпітэлію, асвоена выдзяленне і культываванне астраўковых клетак падстраўнікавай залозы і метады кантролю якасці клетачнай культуры.

Як паведаміла Людміла Дубоўская, з выкарыстаннем астраўковых клетак падстраўнікавай залозы ў Беларусі ўжо паспяхова пралечана 10 хворых на цукровы дыябет 1-га тыпу, распрацавана тэхналогія лячэння эксперыментальнага інфаркту міякарда на мадэлях жывёл з выкарыстаннем мезенхімальных стваловых клетак з касцявога мозгу. Таксама ўкаранёны метад лячэння трафічных язваў з выкарыстаннем аўталагічных мезенхімальных стваловых клетак тлушчавай тканкі. У далейшым стваловыя клеткі плануецца выкарыстоўваць і для лячэння іншых захворванняў.

Стваловыя клеткі ўяўляюць сабой недыферэнцыраваныя клеткі, здольныя ператварацца ў спецыялізаваныя клеткі розных тканак арганізма. Іх унікальнасць заключаецца ў тым, што пад уплывам знешніх фактараў яны могуць замяшчаць рэгіянальныя клеткі, у выніку чаго тканкі арганізма здольныя рэгенерыравацца. Лідэрамі ў вытворчасці стваловых клетак і клетачных прадуктаў застаюцца краіны ЕС і ЗША.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі