Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

13 Май 2016

Музей яўрэйскай культуры з'явіцца ў сінагозе XVII стагоддзя ў Слоніме

13 мая, Гродна /Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА/. Музей яўрэйскай культуры з'явіцца ў сінагозе XVII стагоддзя ў Слоніме. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама.

Непасрэдны ўдзел у фінансаванні работ па аднаўленні і рэканструкцыі будынка сінагогі разам са Слонімскім райвыканкамам прыме Слонімская Яўрэйская асацыяцыя ў Ізраілі.

"Папярэдняя дамоўленасць аб сумеснай рэалізацыі праекта была дасягнута яшчэ ў жніўні мінулага года, калі прадстаўнікі Слонімскай Яўрэйскай асацыяцыі пабывалі з візітам у райцэнтры. Аб канкрэтных кроках, а таксама аб тым, што ізраільскі бок прыме ўдзел у фінансаванні работ, вялася размова ў час візіту ў Ізраіль старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага ў пачатку мая", - сказалі ў аддзеле.

Будынак сінагогі размешчаны ў самым цэнтры Слоніма. Пабудаваны ён у сярэдзіне XVII стагоддзя. Цяпер будынак закансерваваны, раней тут быў абноўлены дах. Унутры захаваліся арыгінальныя элементы інтэр'еру.

"У Слоніме раней яўрэі складалі больш як 80 працэнтаў насельніцтва. І сёння на радзіму сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў пастаянна прыязджаюць нашчадкі з іншых краін. Многія з іх наведваюць былы будынак сінагогі. Музей яўрэйскай культуры можа стаць адным з аб'ектаў паклоннага турызму, што набірае цяпер папулярнасць, і прыцягнуць у горад дадатковых гасцей", - адзначаюць у райвыканкаме.

Праект рэканструкцыі сінагогі таксама плануюць уключыць у адну з праграм трансгранічнага супрацоўніцтва.

У бліжэйшы час пройдуць таргі на выбар арганізацыі, якая падрыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю. Праектныя работы плануецца завяршыць на працягу года. Тады стануць вядомы аб'ёмы работ і тэрміны заканчэння рэканструкцыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі