Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

28 Jan 2013

Музей гісторыі народнага мастацкага вучылішча, створанага Шагалам, з'явіцца ў Віцебску

28 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Работа па стварэнню музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча пачалася ў абласным цэнтры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва" Андрэй Духоўнікаў.

Віцебскае народнае мастацкае вучылішча было створана 94 гады таму - 28 студзеня 1919 года. Ініцыятыва стварэння мастацкага вучылішча для пралетарыяту належала Марку Шагалу, які служыў на той час у Віцебску ўпаўнаважаным па справах мастацтваў. Менавіта ён запрасіў для работы ў новай навучальнай установе Казіміра Малевіча, Эль Лісіцкага, Мсціслава Дабужынскага. У гэтым вучылішчы крыху пазней было створана творчае аб'яднанне УНОВІС - Сцвярджальнікі новага мастацтва, якое аб'яднала прыхільнікаў супрэматызму.

Народнае вучылішча размяшчалася ў былым асабняку віцебскага банкіра Ізраіля Вішняка, якое было нацыяналізавана пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. На шчасце, гэты будынак па вуліцы "Правды" захаваўся да нашых дзён і цяпер перададзены цэнтру сучаснага мастацтва для стварэння там музея. Рэстаўрацыя будынка ўключана ў гарадскую інвестыцыйную праграму 2013 года.

Паводле слоў Андрэя Духоўніка, канцэпцыя новага музея ўжо распрацавана. На стэндах будуць прадстаўлены асноўныя этапы дзейнасці выкладчыкаў Віцебскага народнага мастацкага вучылішча: Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Эль Лісіцкага, Мсціслава Дабужынскага і іншых не менш вядомых імёнаў у сучасным мастацтве, іх знакамітых вучняў, будзе расказана таксама пра гісторыю стварэння УНОВІС. "У вучылішчы не толькі працавалі, але і жылі вялікія мастакі, якія змянілі мастацкую культуру свету. Па сваёй культурнай значнасці гэты будынак параўнальны хіба што з Баўхауз - вышэйшай школай будаўніцтва і мастацкага канструявання, заснаванай у 1919 годзе ў Берліне. Гісторыка-культурная спадчына Віцебскай народнай мастацкай школы складае значную частку сусветнай мастацкай культуры. Мастацкія працэсы, што праходзілі ў Віцебску ў перыяд з 1918 па 1923 гады, істотна паўплывалі на фарміраванне ўсяго сучаснага мастацтва як айчыннага, так і еўрапейскага", - падкрэсліў Андрэй Духоўнікаў.

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва быў створаны ў лютым 1998 года для захавання традыцый Віцебскай мастацкай школы і далейшага развіцця сучаснага мастацтва ў горадзе. У 2007 годзе цэнтр рэарганізаваны ў музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі