24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моднае дэфіле 15 калекцый пачынаючых беларускіх дызайнераў адбудзецца 25 лістапада ў Парыжы ў пасольстве Беларусі ў Францыі. Мерапрыемства адкрые праект "Міжнародныя творчыя майстэрні XXIII Рэспубліканскага фестывалю конкурсу моды і фота "Млын моды-2014", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Мадэлі праекта прадэманструюць жаночыя, мужчынскія, падлеткавыя і дзіцячыя калекцыі, калекцыі pret-a-porte, якія ўжо ў гэтым сезоне прадстаўляў праект "Млын моды" ў Кіеве на Тыдні моды Украіны.
Маладыя дызайнеры з Беларусі 26 лістапада наведаюць Вышэйшую школу мастацтваў і тэхналогій моды "ESMOD" - першую ў свеце школу моды, заснаваную ў Францыі ў 1841 годзе. Для беларускіх гасцей адбудзецца прэзентацыя навучальнай установы, пройдзе сумесны майстар-клас.
Праграма міжнародных творчых майстэрняў прадоўжыцца 28 лістапада ў Варшаве, дзе таксама запланаваны паказы і знаёмства з польскімі спецыялістамі ў галіне моды.
Як расказалі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, "Міжнародныя творчыя майстэрні" - адукацыйная майстэрня, якая ўключае комплекс мерапрыемстваў з удзелам рэспубліканскіх і міжнародных спецыялістаў у галіне моды і дызайну адзення. Праект уключае паказы мод, майстар-класы, лекцыі, дзелавыя сустрэчы. Міжнароднае дэфіле маладых дызайнераў з Беларусі дэманстравалася на подыумах Масквы, Вільнюса, Таліна, Кракава, Хельсінкі, Мілана, Вены. Мэта гэтага праекта - папулярызацыя пачынаючых беларускіх дызайнераў і мадэлей на міжнародным узроўні, павышэнне прафесійных ведаў, творчых здольнасцей, дэманстрацыя дасягненняў, развіццё грамадзянскіх кампетэнцый асобы, удасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю.
Праект "Міжнародныя творчыя майстэрні" - галоўны прыз для пераможцаў і прызёраў фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды".
Фестываль-конкурс моды і фота "Млын моды" праходзіць у Беларусі для выяўлення, развіцця і падтрымкі таленавітай моладзі ў галіне моды, дызайну адзення, фатаграфіі, касметалогіі. Агульнанацыянальны культурна-адукацыйны праект аб'ядноўвае ўсе навучальныя ўстановы краіны. Праводзіцца па намінацыях "Школа моды", "Майстар моды", "Фота", "Майстар стылю", "Топ-мадэль фестывалю-конкурсу", "Містар-мадэль Беларусі", "Міс-мадэль Беларусі". У ходзе фестывалю-конкурсу праводзяцца выстаўкі, паказы, майстар-класы, прэзентацыі з удзелам вядучых дызайнераў, фатографаў, стылістаў.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|