Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

10 Oct 2017

Міністр урада Масквы высока ацаніў смакавыя якасці беларускіх прадуктаў харчавання

10 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. З шырокім размахам адкрыўся ў цэнтры Масквы на плошчы Рэвалюцыі кірмаш беларускіх тавараў. Ён стаў своеасаблівым падарункам масквічам да Дзён Мінска ў Маскве, якія пачаліся сёння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Але перш чым да гандлёвых радоў змаглі трапіць жыхары расійскай сталіцы, гатоўнасць кірмашу ацанілі старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Шорац і міністр урада Масквы, кіраўнік Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязей Сяргей Чаромін. Па ходзе агляду мэр Мінска прадставіў маскоўскаму міністру тавары, якія прывезлі мінчане на кірмаш.

"Сёння ў самым цэнтры Масквы прадстаўлена беларуская прадукцыя, - сказаў журналістам Сяргей Чаромін, азнаёміўшыся з кірмашом. - Масквічы яе вельмі любяць, таму што яна натуральная, без штучных дабавак, і вельмі смачная. Тут жыхары Масквы змогуць атрымаць асалоду не толькі ад пакупак, але і ад беларускай музыкі".

Ён таксама выказаў удзячнасць беларускаму боку за тое, што ў перыяд увядзення харчовага эмбарга ён падтрымаў Маскву дадатковымі пастаўкамі прадуктаў харчавання.

Самі ж масквічы праявілі непадробную цікавасць да беларускага кірмашу. Так, жыхарка Масквы Людміла Панова прызналася карэспандэнту БЕЛТА, што аддае перавагу менавіта беларускай малочнай і мясной прадукцыі. "Яна ідэальная па спалучэнні цаны і якасці", - сказала масквічка.

Паколькі кірмаш размясціўся практычна каля сцен Крамля, ён прыцягнуў да сябе і шматлікіх турыстаў. "Я з беларускай прадукцыяй добра знаёма, асабліва мне падабаюцца беларускія цукеркі, яны вельмі смачныя і даступныя па цане, - адзначыла жыхарка Пермі Наталля Ацінава. - А тут, на кірмашы, я набыла камплект беларускай бялізны".

Экзатычнымі для сябе назваў беларускія тавары турыст з Рэспублікі Карэя. Відаць таму ён вырашыў купіць сваім сябрам падарункі менавіта на гэтым кірмашы і прывезці іх у якасці сувеніраў з Масквы. "Гэта будзе цікавы эксперымент", - з усмешкай дадаў госць.

Беларуская прадукцыя прадстаўлена ў 67 драўляных шале, выдзеленых урадам Масквы. Усе яны святочна аформлены ў нацыянальным беларускім стылі з сімволікай беларускай сталіцы і Дзён Мінска ў Маскве. Пакупнікам прапанаваны мясная і малочная прадукцыя, мёд, каўбасныя і кандытарскія вырабы, варэнне і джэмы, чай і г.д. Працуюць пункты грамадскага харчавання. Стравы беларускай кухні рэалізуюць КУП "ГЦ "Радзівілаўскі", КСУП "Бізнес-цэнтр "Сталіца", ААТ "Мінскі камбінат хлебапрадуктаў". У меню гарачыя каўбаскі з мяса і бульбы, піражкі, бліны, супы, запечаная агародніна, дэсерты і шмат іншага. Жыхары і госці белакаменнай могуць ацаніць беларускі трыкатаж, азнаёміцца з прадукцыяй такіх вядомых брэндаў, як "Камунарка", "Беліта", "Вітэкс", "Мінскі гадзіннікавы завод "Луч".

Беларускі саюз майстроў прывёз на кірмаш каваныя, керамічныя, скураныя вырабы, а таксама плеценыя з лазы і саломкі прадметы. ТАА "Шчодрыя промыслы" прапанавала саматканыя дарожкі і дыванкі, валёнкі. Сваю прадукцыю з керамікі, каменю, шэрсці, скуры, лямцу, лёну маскоўскім пакупнікам прадставілі індывідуальныя прадпрымальнікі і рамеснікі Мінскай вобласці. Буйнейшыя мінскія ўнівермагі ГУМ і "Беларусь" рэалізуюць на кірмашы сувенірную прадукцыю. А святочны настрой для масквічоў і гасцей расійскай сталіцы ствараюць Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль "Харошкі", ансамбль народнай песні і музыкі "Світанак", народны вакальны ансамбль "Белы птах".

Акрамя кірмашу на плошчы Рэвалюцыі продаж беларускіх тавараў разгарнуўся сёння ў Маскве таксама каля станцыі метро "Новыя Чаромушкі" і ў павільёне "Рэспубліка Беларусь" на ВДНГ.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі