Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

17 Чэр 2015

Маштабным марафонам харэаграфічнага мастацтва стане праект "Балетнае лета ў Вялікім"

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабным марафонам харэаграфічнага мастацтва стане праект "Балетнае лета ў Вялікім", які пройдзе ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі з 17 па 24 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Другі раз праект "Балетнае лета ў Вялікім" збярэ сяброў і паклоннікаў танца, прадставіўшы гледачам класічныя і сучасныя пастаноўкі з удзелам зорак сусветнага балета, два прэм'ерныя спектаклі Вялікага тэатра Беларусі і выступленне трупы Тэатра балета імя Леаніда Якабсона.

Адкрыццё свята танца адбудзецца 17 чэрвеня вечарам. Паклоннікі вечнай класікі атрымаюць асалоду ад чароўнай музыкі Пятра Чайкоўскага ў містычным балеце "Лебядзінае возера". Партыю белага лебедзя Адэты і яе антаганіста Адыліі выканае заслужаная артыстка Расіі прыма-балерына тэатра "Крамлёўскі балет" Аляксандра Цімафеева. Паводле слоў танцоўшчыцы, упершыню ролю ў "Лебядзіным возеры" яна выканала ў 19 гадоў. "Гэта было вельмі складана для мяне. Сёння я танцую гэту ролю па-іншаму. Спектакль "Лебядзінае возера" адзін з галоўных у маім жыцці", - падзялілася артыстка. 18 чэрвеня Аляксандра Цімафеева таксама выканае партыю чароўнай птушкі ў харэаграфічнай казцы "Жар-птушка" Ігара Стравінскага, спектакль прымеркаваны да 125-годдзя вялікага рэфарматара балета Міхаіла Фокіна. Артыстка адзначыла, што танцаваць два вечары запар даволі складана, аднак яна добра падрыхтавана і пастараецца падарыць беларускаму гледачу самыя прыемныя ўражанні ад свайго выступлення. Танцоўшчыца зрабіла камплімент беларускай публіцы, адзначыўшы, што гледачы добра разбіраюцца ў балеце.

Вечарам 18 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі прадставіць жамчужыну дзягілеўскіх "Рускіх сезонаў" - балет "Шэхеразада". Гэта пастаноўка - сумесны праект балетнай трупы беларускага Вялікага тэатра і выдатнага танцоўшчыка сучаснасці Андрыса Ліепы.

У пятніцу, 19 чэрвеня, паклоннікі балета ўбачаць прэм'еру гэтага тэатральнага сезона - балет "Лаўрэнсія" Аляксандра Крэйна. Лібрэта "Лаўрэнсіі" створана па матывах п'есы Лопэ дэ Вэга "Фуэнтэ Авехуна" ("Авечая крыніца"), аўтар харэаграфіі - народны артыст СССР Вахтанг Чабукіяні, рэдакцыя лібрэта і пастаноўка - народнай артысткі Грузіі і Расіі Ніны Ананіяшвілі, якую з беларускім тэатрам звязваюць шматлікія творчыя праекты і даўняя дружба. 19 чэрвеня галоўную жаночую партыю выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў салістка Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Паліяшвілі, запрошаная прыма-балерына Каралеўскага балета Швецыі Лалі Кандэлакі. Паводле слоў танцоўшчыцы, партыя ў беларускай пастаноўцы адрозніваецца ад той, якую яна танцуе. Лалі захоплена беларускай публікай, якая ўжо ацаніла выступленне артысткі некалькі гадоў таму, калі яна прыязджала сюды на гастролі. Вельмі добрае ўражанне зрабіла на Лалі Кандэлакі як беларуская сталіца сваёй прыгажосцю, так і яе выхаваныя інтэлігентныя жыхары.

Тэатр балета імя Леаніда Якабсона 21 чэрвеня прадставіць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі балет "Рамэа і Джульета" Сяргея Пракоф'ева ў харэаграфіі Антона Піманава на лібрэта рэжысёра Ігара Каняева.

"Жызэль, або Вілісы" Адольфа Адана заяўлены ў праграме "Балетнага лета" 22 чэрвеня. У партыі Жызэлі - заслужаная артыстка Расіі Кацярына Борчанка, якая з 2003-га па 2007 год служыла ў трупе Вялікага тэатра Беларусі. З 2008 года Кацярына Борчанка - салістка балетнай трупы Міхайлаўскага тэатра.

Вечар сучаснай харэаграфіі 23 чэрвеня прадставіць два спектаклі: прэм'еру гэтага тэатральнага сезона - аднаактовы балет "Хто Я?" на музыку Сяргея Картэса і "Шэсць танцаў" Вольфганга Амадэя Моцарта. "Хто Я?" - аўтарская работа творчага тандэму харэографаў Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко, створаная да юбілею кампазітара. У яе аснове - музыка, напісаная Сяргеем Картэсам да балета "Апошні інка", але з новым сюжэтам, які расказвае пра абстрактнае абязлічанае постапакаліптычнае грамадства. "Шэсць танцаў" харэографа Іржы Кіліяна на музыку Вольфганга Амадэя Моцарта - гэта камічны балет, дзе гумар грунтуецца не на сюжэтных калізіях, а на чыстай харэаграфіі, насмешка над эстэтыкай "галантнага веку". Пад кіраўніцтвам балетмайстра-пастаноўшчыка Вольгі Кастэль артысты балетнай трупы Вялікага тэатра Беларусі таксама падрыхтавалі канцэртнае аддзяленне.

Фінальным акордам харэаграфічнага марафону пад назвай "Балетнае лета ў Вялікім" стане гала-канцэрт зорак сусветнага балета, які адбудзецца 24 чэрвеня на галоўнай сцэне Вялікага тэатра Беларусі. У гала-канцэрце зорак сусветнага балета прымуць удзел заслужаны артыст Расіі саліст Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана Алег Габышаў, прыма-балерына Азербайджанскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Нігяр Ібрагімава, вядучая салістка Шведскага каралеўскага балета Дар'я Іванова, прэм'ер Фінскага нацыянальнага балета Міхаіл Крчмар і іншыя выканаўцы, уладальнік гран-пры на танцавальным "Еўрабачанні" прэм'ер Шведскага каралеўскага балета Давід Купінскі і інш.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі