Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

1 Oct 2015

Канцэрты Х Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета збіраюць аншлагі

1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрты Х Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, які праходзіць з 28 верасня па 9 кастрычніка, збіраюць аншлагі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары праекта, прададзена ўжо большая частка білетаў на праграмы, а на канцэрт міжнароднага калектыву East-West Chamber Orchestra 3 кастрычніка білеты разышліся яшчэ тыдзень таму.

Гэта адметная асаблівасць фестывалю, які з году ў год прадстаўляе выдатныя праграмы, радуе слухачоў незвычайнымі праектамі і майстэрствам плеяды сусветных зорак. У гэтым годзе арганізатары хочуць расказаць аб дасягненнях фестывалю за дзесяць гадоў, паколькі ён стаў першаадкрывальнікам многіх напрамкаў: падзеяй сталі маштабныя праекты "Класіка і джаз", "Класіка і рок", "Класіка і паэзія" і многія іншыя.

Аншлаг сабраў канцэрт адкрыцця фестывалю, дзе прагучала аўтарская версія оперы "Яўген Анегін" ад маэстра Юрыя Башмета. Народны артыст Расіі напісаў аўтарскую версію оперы спецыяльна для міжнароднага фестывалю ў Мінску. Оперу "Яўген Анегін" ён інтэрпрэтаваў, каб прывучыць да класікі тых, хто раней ёю не захапляўся, каб яны змаглі дакрануцца да шэдэўра сусветнай музыкі.

Праект уразіў сваім маштабам. На сцэне вялікай залы Палаца Рэспублікі сустрэліся каля ста артыстаў з розных тэатраў свету, каб адзначыць юбілей фестывалю ў Мінску захапляльным выступленнем. Музычныя нумары цудоўнай оперы Чайкоўскага арганічна перапляліся з чытаннем фрагментаў з аднайменнага рамана ў выкананні Канстанціна Хабенскага і актрысы Маскоўскага Мастацкага тэатра імя А.П. Чэхава Вольгі Літвінавай. Гэты дзіўны сінтэз музыкі ў выкананні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра "Новая Расія" пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета, вершаў і выканальніцкага драматычнага майстэрства даў магчымасць гледачу зрабіць рамантычнае падарожжа ў эпоху Анегіна і Таццяны.

Яшчэ адзін аншлагавы канцэрт пройдзе 3 кастрычніка. У гэты вечар адбудзецца галоўная прэзентацыя фестывалю гэтага года - калектыву East-West Chamber Orchestra. У склад аркестра, заснаванага Расціславам Крымерам, уваходзяць лепшыя артысты з Расіі, Беларусі, краін Балтыі, Германіі і іншых краін Заходняй і Усходняй Еўропы. Многія з іх з'яўляюцца канцэртмайстрамі, прафесарамі, лаўрэатамі прэстыжных міжнародных конкурсаў, салістамі і вядучымі музыкантамі вядомых сусветных калектываў. Гэты аркестр унікальны і па ўзроўні выканаўцаў, і па геаграфіі прадстаўленых краін.

Аркестр будзе афіцыйна прэзентаваны публіцы легендарным піяністам Паўлем Бадура-Шкода, у дуэце з якім Расціслаў Крымер выступае не адзін год. На "Вечары Венскай класікі" будуць гучаць творы Моцарта і акрамя заяўленай праграмы чакаюцца музычныя сюрпрызы ад самага вядомага ў свеце інтэрпрэтатара Моцарта, легендарнага венскага піяніста Паўля Бадура-Шкода.

Фестываль Башмета - эталон якасці выканання і ўзроўню артыстаў, кампазітараў, запамінальных сусветных прэм'ер. Беларускія знатакі музыкі атрымліваюць магчымасць наведаць канцэрты сусветнага ўзроўню, кожны з якіх мог бы сёння праходзіць у Берлінскай або Нью-Ёркскай філармоніі, адзначылі арганізатары. У гэтым годзе арганізатары фестывалю ўпершыню падрыхтавалі абанементы для пастаянных слухачоў. Юбілейны фестываль, як і чакалася, выклікаў небывалую цікавасць і абганяе па продажах фестывалі Юрыя Башмета мінулых гадоў. Увядзенне абанементнай сістэмы, над якой працавалі доўгі час, - гэта павага да сваіх пастаянных слухачоў і жаданне фестывалю зрабіць іх наведванне яшчэ больш камфортным, падкрэслілі арганізатары.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі