Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Jul 2017

Каляндар падзей у Беларусі: жнівень 2017

Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў"Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў"

Міжнародная выстаўка "Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII - пачатку XVIII стагоддзя"

Міжнародная выстаўка "Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII - пачатку XVIII стагоддзя"

Маштабны міжнародны праект, падрыхтоўка якога заняла два гады, аб’яднаў буйнейшыя  галерэі Беларусі, Літвы і Швецыі – Нацыянальны гістарычны музей, Рэгіянальны музей Біржайскага краю "Селла" і Музей арміі (Стакгольм). Дэвіз "Ultima ratio regum" выбраны не выпадкова: менавіта вайна лічылася апошнім довадам у міждзяржаўных  спрэчках, а гэты надпіс захаваўся на французскіх гарматах яшчэ з часоў Людовіка ХІІІ. Наведвальнікі Мірскага замка зробяць падарожжа ў эпоху Паўночных войнаў, якія ў сярэдзіне XVII – пачатку XVIII стагоддзяў разгарнуліся ў цэнтры Еўропы і ўцягнулі такія магутныя дзяржавы як Рэч Паспалітая, Швецыя і Расія. У экспазіцыі прадстаўлены гравіраваныя партрэты, планы, карты, манеты, медалі і ваенныя харугвы, сярод якіх асаблівае месца займае харугва гетмана Крыштофа Радзівіла.

Калі: 21 красавіка – 24 верасня
Дзе: Гродзенская вобласць, Мірскі замак

Праект "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад" у МінскуПраект "Мастак і горад", які ўжо шэсць гадоў радуе мінчан і гасцей сталіцы выставамі рэпрадукцый лепшых майстроў, зноў адкрывае сезон. І на гэты раз з цікавымі новаўвядзеннямі! Калі ў мінулыя гады галерэя пад адкрытым небам прадстаўляла персанальныя экспазіцыі, прысвечаныя знакамітым ва ўсім свеце Марку Шагалу, Казіміру Малевічу, Мікалаю Селешчуку, Валянціну Губараву, то "Мастак і горад"-2017 упершыню аб'яднае адразу цэлы "россып" таленавітых жывапісцаў. Экспазіцыя пад назвай "Залатая калекцыя беларускага жывапісу", якая па традыцыі чатыры месяцы будзе ўпрыгожваць сталічную плошчу Якуба Коласа, збярэ лепшыя работы 35 вядомых майстроў – прадстаўнікоў розных пакаленняў і творчых напрамкаў – сярод якіх Руслан Вашкевіч, Леанід Хобатаў, Уладзімір Савіч, Зоя Літвінава, Анатоль Бараноўскі... Акрамя таго, у 2017-м "Мастак і горад" стане адным з буйнейшых праектаў трыенале сучаснага беларускага мастацтва, якое прэтэндуе на статус вядучай падзеі ў мастацкім жыцці Беларусі і будзе прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала.

Калі: з 27 красавіка
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа

Праект "Арт-астравы" на Камсамольскім возеры ў Мінску

Праект "Арт-астравы" на Камсамольскім возеры ў МінскуПраект "Арт-астравы" ў дэбютным 2015 годзе стаў буйнейшым у Беларусі "музеем" інсталяцый пад адкрытым небам і сабраў каля 500 тысяч паклоннікаў сучаснага мастацтва. У новай экспазіцыі, прысвечанай 950-годдзю Мінска, прадстаўлены творчыя работы беларускіх і замежных майстроў – 11 эксклюзіўных арт-аб'ектаў, вышыня якіх перавышае пяць метраў, а агульная вага дасягае некалькіх дзясяткаў тон! Сярод самых цікавых – легендарная "Бітва на Нямізе", інтэрактыўны "Лакатар" з лазы, фларыстычная "Клумба" і празрысты трохметровы "Экран" ад нямецкага калектыву Tape That. Наведвальнікі змогуць зрабіць падарожжа ў прасторы і часе, пабываць на планеце кахання, убачыць мініяцюрныя "формы жыцця", паназіраць за буднямі сталічных жыхароў і паслухаць гарадскія сакрэты, а таксама прымераць гіганцкія акуляры...

Калі: 15 чэрвеня – 17 верасня
Дзе: Мінск, востраў Камсамольцаў, Камсамольскае возера

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Да 950-годдзя Мiнска"Унікальны арт-праект "Спадчына Беларусі" ўжо на працягу некалькіх гадоў ператварае гарадскую прастору ў музей і знаёміць аматараў фотамастацтва са знакамітымі выдатнымі мясцінамі Беларусі. Напярэдадні 950-годдзя Мінска яго аўтары – вядомыя фатографы, журналісты, лаўрэаты прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2005) Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч – запрашаюць зрабіць захапляльнае падарожжа па гістарычных мясцінах беларускай сталіцы. У галерэі пад адкрытым небам, якая па традыцыі разгарнулася на агароджы парку Чалюскінцаў, прадстаўлены 40 рэпрадукцый з выявамі помнікаў архітэктурнай спадчыны, сярод якіх гарадская ратуша, праваслаўныя і каталіцкія храмы, сядзібы з раскошнымі інтэр'ерамі, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фрэскавы роспіс...

Калі: 15 чэрвеня 2017 года – чэрвень 2018 года
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў

XV Міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль"

Міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль"Міжнародны пленэр "Арт-Жыжаль" пройдзе 15-ы раз ужо недалёка ад культурнай сталіцы Беларусі-2017 – горада Бабруйска – пад дэвізам "Ад традыцыі да сучаснасці праз вопыт майстэрства". Творчая майстэрня пад адкрытым небам аб'яднае 20 мастакоў-керамістаў з 9 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Малдовы, Францыі, Індыі і ЗША. У бягучым годзе галоўныя тэмы – флора і фаўна: майстрам гліны давядзецца раскрыць вобраз штучнай прыроды, створанай чалавекам горада. Удзельнікі, сярод якіх і маладыя рамеснікі, пабудуюць земляныя печы, а потым створаць свае керамічныя скульптуры, якія будуць прадстаўлены на падагульняючай выстаўцы "Кераміка ночы" ў Бабруйскім мастацкім музеі.

Калі: 12 ліпеня – 2 жніўня
Дзе: Магілёўская вобласць, Бабруйскі раён
Даведацца падрабязней

Выстава "Майстры польскага малюнка" ў Мінску

Выстава "Майстры польскага малюнка" ў МінскуЭксклюзіўная выстава "Майстры польскага малюнка" – сумесны праект Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Польскага інстытута ў Мінску. Упершыню беларускія знатакі мастацтва ўбачаць больш за 300 графічных твораў польскіх мастакоў XIX-XX стагоддзяў з калекцыі Падляскага музея ў Беластоку і Акруговага музея ў Сувалках. У экспазіцыі прадстаўлены вядомыя работы ў розных жанрах – партрэты, карыкатуры, пейзажы, замалёўкі, гістарычныя сцэны і фантасмагорыі – такіх вялікіх майстроў Польшчы, як Юліуш Косак, Ян Матэйка, Міхал Эльвіра Андрыёлі, Максімілян Герымскі, Альфрэд Веруш-Кавальскі, Станіслаў Віткевіч, Станіслаў Ігнацы Віткевіч (псеўд. Віткацы), Альфонс Карны...

Калі: 20 ліпеня – 20 верасня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей

Фотавыстаўка БЕЛТА "Летні настрой" у ГЗЦ Galleria Minsk

Фотавыстаўка БЕЛТА "Летні настрой" у ГЗЦ Galleria MinskВядучае інфармацыйнае агенцтва краіны БЕЛТА прэзентавала ў Мінску фотапраект "Летні настрой". Экспазіцыя, размешчаная ў холе гандлёва-забаўляльнага цэнтра, аб'яднала 40 самых яркіх і цікавых здымкаў, зробленых фотарэпарцёрамі ў розных рэгіёнах: свежыя кадры знакавых падзей у жыцці Беларусі, маляўнічыя пейзажы, эмацыянальныя партрэты... Паводле задумы арганізатараў, выстаўка будзе рэгулярна мяняцца, і самае вялікае абнаўленне чакаецца да галоўнага свята Мінска – Дня горада: у бягучым годзе сталіца адзначае 950-годдзе з даты першага летапіснага згадвання.

Калі: 25 ліпеня – верасень
Дзе: ГЗЦ Galleria Minsk, праспект Пераможцаў, 9
Даведацца падрабязней

XV Міжнародны праваслаўны маладзёжны фестываль "Адзігітрыя"

Міжнародны праваслаўны маладзёжны фестываль "Адзігітрыя"Горад Віцебск і яго наваколле 15-ы раз ужо прымуць Міжнародны праваслаўны маладзёжны фестываль "Адзігітрыя". Удзельнікаў з розных краін чакаюць конкурсныя прагляды, маладзёжны баль, дыскусіі і круглы стол "Некалькі слоў аб важным", секцыі па хвалюючых тэмах. Вечарам 1 жніўня маладыя таленты дадуць канцэрт у г. п. Руба, а гала-фестываль адбудзецца 3 жніўня на сцэне знакамітага Летняга амфітэатра Віцебска. Далей фестываль перамесціцца ў расійскі Смаленск: удзельнікі хрэсным ходам накіруюцца да цудатворнага абраза Божай Маці "Адзігітрыя", 9-10 жніўня ва Успенскім кафедральным саборы горада адбудуцца ўрачыстасці ў яго  гонар.

Калі: 31 ліпеня – 4 жніўня
Дзе: Віцебск, г. п. Руба

Святы нацыянальных культур каля мінскай Ратушы

Святы нацыянальных культур каля мінскай РатушыГістарычны цэнтр Мінска Верхні горад, несумненна, адно з галоўных месц прыцягнення гараджан і турыстаў. Летам знакамітая плошча Свабоды каля Ратушы кожныя выхадныя збірае тысячы гасцей: тут праходзяць музычныя вечары, тэатралізаваныя перформансы, кірмашы майстроў... А ў мінулым годзе зарадзілася яшчэ адна традыцыя – свят нацыянальных культур. У сезоне-2017 яна не толькі прадоўжылася, але значна пашырыла геаграфію. У чэрвені-ліпені прайшлі дні Швецыі, Расіі, Казахстана, Літвы, Фінляндыі, і жнівень абяцае быць яшчэ больш насычаным. У праграме дзён нацыянальнай культуры, якія арганізуюцца пад патранажам пасольстваў краін – удзельніц праекта, – каларытныя традыцыі, песні і танцы ад саміх іншаземцаў і прадстаўнікоў дыяспар, самыя смачныя стравы нацыянальных кухань, вясёлыя забавы і сувеніры.

Дзе: Мінск, плошча Свабоды
Калі:
5 жніўня – Дзень карэйскай культуры
12 жніўня – Дзень азербайджанскай культуры
19 жніўня – Дзень украінскай культуры
26 жніўня – Дзень армянскай культуры
27 жніўня – Дзень індыйскай культуры
Час: 13.00-18.00

Кірмаш "Мiнскi дранiк"

Кірмаш "Мiнскi дранiк"Стравы з бульбы гатуюць у многіх краінах свету, а беларуская кухня папоўнілася імі ўсяго некалькі стагоддзяў таму, але дзіўным чынам любоў да бульбы стала для беларусаў ледзь не генетычнай: нездарма яе называюць другім хлебам. Сёння рэцэптаў c крухмалістым клубнем у нацыянальнай кухні шмат, і ўсё ж самыя папулярныя і пазнаваемыя – дранікі. Чарговы раз у гэтым можна пераканацца на гастранамічным летнім кірмашы ў цэнтры сталіцы. На вялікім фуд-корце пад адкрытым небам гасцей чакаюць разнастайныя стравы беларускай кухні і – абавязкова – дранікі з арыгінальнымі дапаўненнямі і соусамі, дэгустацыі і прома-акцыі, майстар-класы шэф-повараў, творчыя забавы.

Калі: 12-13 жніўня
Дзе: Мінск, пляцоўка каля Палаца спорту

Экафестываль "Спораўскія сенакосы-2017"

Экафестываль "Спораўскія сенакосы"Адзін з самых вядомых экафестываляў, які праводзіцца на запаведных землях Прыпяцкага Палесся, па традыцыі збярэ лепшых касцоў з розных краін свету. У асноўнай праграме – асабістае і каманднае першынство на стаметровай паласе шырынёй 3 м, дзе расце густая балотная трава. Акрамя таго, у рамках экафэсту ўпершыню пройдуць спаборніцтвы па ручным сенакашэнні для пачэсных гасцей, а таксама, бадай, самы відовішчны, ужо чацвёрты па ліку чэмпіянат па футболе на балоце. Госці змогуць прагуляцца па экалагічнай сцежцы, паназіраць за жыхарамі знакамітага заказніка, праверыць сілы на вяровачнай сцежцы, а таксама паслухаць аўтэнтычную музыку ў выкананні вядомых фальклорных калектываў.

Калі: 12 жніўня
Дзе: Брэсцкая вобласць, Бярозаўскі раён, в. Высокае, рэспубліканскі біялагічны заказнік "Спораўскі"

Свята агурка ў Шклове

Свята агурка ў Шклове"Агурочная сталіца" Беларусі Шклоў, які з даўніх часоў вядомы шчодрымі ўраджаямі, традыцыйна завяршае сезон вясёлым святам у гонар любімай агародніны. Адкрыецца фестываль тэатралізаваным шэсцем каля скульптурнай кампазіцыі "Шклоўскі агурок", у якім прымуць удзел гараджане ў касцюмах прыдворных дам і кавалераў, што суправаджаюць Шклоўскі Агурок. Адным з галоўных акцэнтаў "смачнага" фэсту стане кірмаш, дзе госці змогуць пакаштаваць дары адразу з градкі, ацаніць стравы і дамашнія загатоўкі з агурка ад мясцовых кулінараў: салаты, саленні і марынады, агурочна-мядовыя "бутэрброды" і нават гарэлку-"агурцоўку"...

Калі: 12 жніўня
Дзе: г. Шклоў, Магілёўская вобласць

Mirum Music Festival 2017

Mirum Music FestivalМіжнародны праект Mirum Music Festival пяты раз збярэ аматараў сучаснай музыкі і ўнікальнай гістарычнай атмасферы на пляцоўцы каля сцен Мірскага замка – адной з самых папулярных выдатных мясцін Беларусі, жамчужыны са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Усяго за некалькі гадоў летні open-air фестываль, галоўнай асаблівасцю якога з'яўляецца жанравая і стылявая разнастайнасць, стаў адной з буйнейшых культурных падзей, аб'яднаў лепшых выканаўцаў Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны і Грузіі. Хэдлайнеры сёлетняга фэсту – пераможца "Еўрабачання-2016" украінская спявачка Jamala, любімцы беларусаў NaviBand, якія прадстаўлялі краіну на "Еўрабачанні-2017", а таксама айчынныя і замежныя групы: Рэспубліка Паліна і BY Soulfam (Беларусь), Beissou & Einius (Літва), Ishome, 1/2 orchestra і БЦХ (Расія).

Калі: 19 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, г. п. Мір, замкавы комплекс "Мір"

Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры "Навагрудскі замак-2017"

Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры "Навагрудскі замак"Міжнародны фестываль "Навагрудскі замак" запрашае акунуцца ў эпоху высакародных воінаў і сярэдневяковых бітваў. У рамках фэсту пройдуць рыцарскія турніры, конныя бітвы, масавыя баі (бугурты) і спаборніцтвы асілкаў, турніры лучнікаў і алебардыстаў. Адной з самых відовішчных падзей стане рэканструкцыя каранацыі вялікага князя Міндоўга, якая, згодна з летапіснымі крыніцамі, адбылася 6 ліпеня 1253 года ў Навагрудку. Менавіта "каралю Літвы", як яшчэ да афіцыйнай цырымоніі называлі Міндоўга ў Рыме, удалося заваяваць і аб'яднаць заходнія беларускія землі і стаць першым і апошнім каралём у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Акрамя таго, у праграме – майстар-класы па баявым майстэрстве і сярэдневяковых танцах, горад майстроў, атракцыёны, конкурсы і іншыя забавы.

Калі: 19 – 20 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Навагрудскі замак

V Міжнародны фестываль "У госці да Лепельскага Цмока"

Міжнародны фестываль "У госці да Лепельскага Цмока"Фестываль міфалогіі, прысвечаны аднаму з самых вядомых сімвалаў Лепельшчыны – цмоку, у бягучым годзе адкрыецца маладзёжным этнапраектам "Патрыцыя-Гарэза", у якім прымуць удзел фолк- і этнарок-калектывы: "Малала", "Варган", "Лепшы квас", "Тутэйшыя", дуэт "Агата", "Рокаш", "Палац", Нarmonic Style Project, а таксама госці фэсту – украінская група TaRuta... У гарадскім парку разгорнуцца тэматычныя зоны – "астраўкі": "Дзіцячы пагорак", дзе маленькія наведвальнікі змогуць паслухаць беларускія казкі і ўбачыць лялечны спектакль; "Танцавальная Лагчына" – майстар-класы па традыцыйных песнях і танцах; "Даліна майстроў" – выстава-кірмаш і воркшопы рамеснікаў; "Кулінарны востраў" – прэзентацыі аграсядзіб і дэгустацыі нацыянальных страў; "Турыстычнае пабярэжжа" – народныя забавы і гульні.

Калі: 20 жніўня
Дзе: Віцебская вобласць, Лепель

"Ганненскі кірмаш-2017" у Зэльве

"Ганненскі кірмаш" у ЗэльвеЗнакаміты "Ганненскі кірмаш", які яшчэ ў XVIII стагоддзі заваяваў славу аднаго з буйнейшых кірмашоў Еўропы, і сёння збірае тысячы ўдзельнікаў і гасцей у старадаўнім беларускім гарадку Зэльва. Вядома, што стагоддзі таму Зэльва стала цэнтрам гандлю коньмі з усяго свету. Штогод сам уладальнік гэтых зямель – князь Аляксандр Сапега – са сваіх канюшань выстаўляў на продаж каля 1000 пародзістых скакуноў... І ў наш час коні па-ранейшаму застаюцца ў цэнтры ўвагі: конныя прагулкі і катанне на павозцы і брычцы – папулярная забава сярод гасцей кірмашу. У праграме – тэатралізаванае шэсце, рамесны кірмаш, выстаўка караваеў, прэзентацыі аграсядзіб, дэгустацыі страў беларускай кухні, рэканструкцыі народных абрадаў, канцэрт творчых калектываў з Беларусі, Латвіі і Польшчы...

Калі: 25 – 26 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Зэльва

ІV Этнасвята "У госці да радзімічаў"

Этнасвята "У госці да радзімічаў"Аграгарадок з назвай Радамля збярэ ў Чавускім раёне гасцей на IV Этнасвята "У госці ды радзімічаў". Паводле меркаванняў вучоных, многія стагоддзі таму на гэтай тэрыторыі існавала племя радзімічаў, пра што сведчаць рэшткі старажытнага гарадзішча, на месцы якога быў пабудаваны замак. Да нашых дзён ён не захаваўся, але гістарычная справядлівасць вяртаецца: некалькі гадоў таму каля Замкавай гары быў створаны музей пад адкрытым небам з традыцыйным жыллём радзімічаў, і заснавана каларытнае этнасвята ў стылі ранняга Сярэднявечча. І на гэты раз яго гасцей чакае насычаная праграма: паказальныя баі, кулінарны фэст з дэгустацыяй традыцыйных мясцовых страў, майстар-класы рамеснікаў, этнатанцы, інтэрактыўныя пляцоўкі, шоу агню. Акрамя таго, музей у старадаўнім гарадзішчы пакажа новыя экспанаты, а непадалёк з'явяцца вулічная печ для абпалу і "Капішча Перуна".

Калі: 26-27 жніўня
Дзе: Магілёўская вобласць, Чавускі раён, аграгарадок Радамля
Даведацца падрабязней

Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў"

Фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў"Знакаміты фестываль народнай творчасці традыцыйна праводзіцца на Аўгустоўскім канале – інжынернай і турыстычнай "жамчужыне" трох краін-суседак – і аб'ядноўвае выканаўцаў, творчыя калектывы з Беларусі, Літвы і Польшчы. Акрамя канцэртнай праграмы на пляцоўцы каля шлюза Дамброўка разгорнуцца спартыўныя мерапрыемствы: спаборніцтвы па пляжным валейболе, перацягванні каната, дартсе і гіравым спорце. Гасцей чакаюць выступленні фальклорных калектываў, кірмашы і майстар-класы мясцовых рамеснікаў, прэзентацыі нацыянальных падворкаў з "рэстаранчыкамі" народнай кухні пад адкрытым небам...

Калі: 26 жніўня
Дзе: Гродзенская вобласць, Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка

Фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў "Дрыбінскія таржкі"

Дзе: Гродзенская вобласць, Аўгустоўскі канал, шлюз ДамброўкаАдзін з вядомых сувенірных брэндаў Беларусі – дрыбінскія валёнкі – прыцягваюць у гарадок на Магілёўшчыне турыстаў, знатакоў этнаграфіі і гісторыі беларускіх промыслаў, а таксама калекцыянераў з усяго свету. І не дзіўна: беражліва захаваныя і вядомыя ўжо ў наш час старадаўнія тэхналогіі, традыцыі і сакрэтная мова мясцовых шапавалаў – нацыянальны скарб, які прэтэндуе на ўключэнне ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Галоўнай пляцоўкай самабытнага свята стане горад майстроў, дзе будуць прадстаўлены беларускія народныя промыслы: ганчарная справа, бондарства і разьба па дрэве, салома- і бісерапляценне, ткацтва і вышыванне. Наведвальнікі змогуць навучыцца майстэрству шапавалаў, якія ствараюць "цуды з воўны" – фірменныя валёнкі, шапкі-магеркі, рукавіцы і ўпрыгажэнні. І, вядома, гасцей чакаюць кірмаш сувеніраў, выстаўкі і майстар-класы, канцэрты фальклорнай музыкі...

Калі: 26 – 27 жніўня
Дзе: Магілёўская вобласць, г. п. Дрыбін

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі