Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Aug 2018

Каляндар падзей у Беларусі: верасень 2018

Выстава "Мастак і горад" у Мінску

Праект "Мастак і горад", які ў гэтым годзе адкрывае сёмы сезон, па традыцыі знаёміць мінчан і гасцей сталіцы з лепшымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага мастацтва. На гэты раз у фокусе ўвагі open air выставы – творчасць знакамітага мастака-сюррэаліста і графіка Георгія Скрыпнічэнкі, якога нярэдка называюць адной з ключавых фігур у нацыянальным мастацтве 1950-х. Аб многім сведчыць і той факт, што ў 2005-м рашэннем Кембрыджскага ўніверсітэта ён быў удастоены звання "Чалавека года". Для шырокай публікі гэта ўнікальны шанц уласнымі вачыма ўбачыць цэлы збор работ "беларускага Далі": пры жыцці мастак не любіў выстаўляць свае творы, больш таго, некаторыя з іх ён прадаўжаў удасканальваць нават праз 40 гадоў! Чакаецца, што пасля Дня горада ў Мінску – з 20 верасня – жывая выстава пераедзе ў Віцебск.

Калі: 17 мая – 8 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа

Святы нацыянальных культур у Верхнім горадзе Мінска

Новы турыстычны сезон пачаўся ў Верхнім горадзе яшчэ ў маі, і з першых дзён лета ў гістарычным цэнтры Мінска стартаваў марафон фестываляў культур і традыцый розных краін. У гэтым годзе іх 15: Швецыя, Расія, Грэцыя, Літва, Польшча, Рэспубліка Карэя, Украіна, Італія, Арменія, Грузія, Малдова, Ізраіль, Азербайджан і – упершыню – Эстонія і Вялікабрытанія. Канцэрты і каларытныя выступленні, выстаўкі і кірмашы, нацыянальная ежа і напіткі – абавязковыя атрыбуты, але кожная краіна, вядома, здзіўляе па-свойму.

2 чэрвеня – Дзень культуры Швецыі
9 чэрвеня – Дзень шматнацыянальнай Расіі
16 чэрвеня – Вялікі брытанскі фестываль
21 ліпеня – Дзень культуры Эстоніі
28 ліпеня – Дзень культуры Грэцыі
4 жніўня – Дзень культуры Літвы
5 жніўня – Дзень культуры Польшчы
18 жніўня – Дзень культуры Украіны
19 жніўня – Дзень культуры Карэі
25 жніўня – Дзень культуры Арменіі
1 верасня – Дзень культуры Грузіі – фестываль "Тбілісоба" (дарэчы, менавіта грузінскі фестываль у 2015-м паклаў пачатак традыцыі нацыянальных свят у мінскім Верхнім горадзе)
9 верасня – Дзень культуры Італіі
15 верасня – Дзень культуры Малдовы
16 верасня – Дзень культуры Ізраіля
22 верасня – Дзень культуры Азербайджана

Дзе: гістарычны цэнтр Мінска Верхні горад (плошча Свабоды, вуліцы Кірылы і Мяфодзія, Герцэна, Зыбіцкая)

XXV Дзень беларускага пісьменства ў Іванаве

Старажытны Янаў – цяпер горад Іванава Брэсцкай вобласці – у першыя выхадныя восені стане галоўнай пляцоўкай юбілейнага XXV Дня беларускага пісьменства. Лейтматывам знакамітага форуму ў гэтым годзе стане тэма малой радзімы. У рамках свята плануецца насычаная культурная праграма: урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі; міжнародны круглы стол літаратараў, на які запрошаны пісьменнікі з 15 краін; фестываль кнігі і прэсы; фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў "Жывая класіка". Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны 400-годдзю першага ў свеце "Буквара", выдадзенага беларусамі. Таксама пройдуць "Іванаўскія чытанні" – навукова-практычная канферэнцыя, што арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Часткай Дня беларускага пісьменства стане "Дарога да святынь" – рэспубліканская навукова-асветная экспедыцыя з жыватворным агнём ад Труны Гасподняй.

Калі: 1-2 верасня
Дзе: г. Іванава, Брэсцкая вобласць
Даведацца падрабязней

Х Фолк-фестываль "Камяніца"

Юбілейны фолк-фестываль "Камяніца" здзівіць гасцей знакамітага музея-скансэна як маштабамі (упершыню тут разгорнуцца адразу некалькі сцэн), так і музычнымі навінкамі. У бягучым годзе ў open air прымуць удзел самыя яркія беларускія выканаўцы і калектывы. Сярод іх – група сярэдневяковай музыкі "Стары Ольса", "шаманскае" этна-трыа "Троiца" на чале з Іванам Кірчуком, рок-музыкант Лявон Вольскі (у дуэце з Паўлам Аракелянам), галоўны лірык Зміцер Вайцюшкевіч разам з WZ-Orkiestra, а на заканчэнне выступіць каларытная фолк-метал група Trollwald. Гасцямі фэсту-2018 стануць самабытныя калектывы з Расіі і Украіны – музычная фармацыя з Санкт-Пецярбурга "Тесто" (Расія), што выконвае традыцыйныя фолк-напевы, і львоўскі бэнд Joryj Kloc, стылістыку якога называюць украінскім "абрадавым хіп-хопам", "турба-фолкам" або нават "казацкім брэйк-бітам".

Калі: 1 верасня
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Х Фестываль Vulitsa. Ezha ў Мінску

У першыя асеннія выхадныя галоўны фестываль вулічнай ежы Vulitsa Ezha запрашае сталічных шэф-повараў, блогераў, фатографаў, гурманаў і аматараў стрыт-фуду прыняць удзел ужо ў дзясятым сезоне гастранамічнага фэсту. Арганізатары свята ежы абяцаюць здзівіць мноствам прыемных сюрпрызаў, напрыклад, новымі стравамі на фудкорце, выступленнямі знакамітых спікераў на лекторыі і – упершыню! – кулінарнымі бітвамі паміж шэф-поварамі сталічных устаноў і блогерамі. Акрамя таго, аматарам ручной работы і аўтарскага  выканання  SARAFAN-market прапануе дызайнерскія сувеніры і падарункі, для прыхільнікаў здаровага харчавання і эка-прадуктаў адкрыецца Local Food Market, а для тых, каму блізкі свет прыгажосці, раскрые дзверы б'юці-зона ад беларускага касметычнага брэнда.  Увечары ў гонар дзесяцігоддзя фэсту разгорнецца канцэртная праграма: хэдлайнерамі шоу стануць расійскі рок-выканаўца Найк Барзоў, а таксама беларускія спявачкі Ana Zhdanova і Ліса, групы Shuma, The Feedback і "Кактэйль Шаляпіна".

Калі: 1-2 верасня
Дзе: г. Мінск, Dreamland

Чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні (U-23) у Брэсце

Адна з галоўных спартыўных  славутасцей Брэста – гарадскі вяслярны канал – не першы раз ужо прыме міжнародныя спаборніцтвы топ-узроўню: у 2009-м тут адбыўся чэмпіянат  Еўропы сярод дарослых спартсменаў, у 2010-м – сусветнае першынство сярод моладзі. А ў барацьбе за права стаць гаспадаром кантынентальнага маладзёжнага першынства ў 2016 годзе беларускі абласны цэнтр вытрымаў моцную канкурэнцыю з боку гарадоў Літвы, Чэхіі і Францыі. Маючы адбыцца чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў да 23 гадоў збярэ на брэсцкай вадзе лепшыя каманды з 23 краін, сярод якіх Бельгія, Вялікабрытанія, Фінляндыя, Навергія, Венгрыя, Швейцарыя, Аўстрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Харватыя, Румынія, Славенія, Арменія, Малдова, Беларусь, Расія, Украіна. Афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 31 жніўня, на наступны дзень запланаваны папярэднія і суцяшальныя заезды, а сапраўдная інтрыга ахопіць канал 2 верасня: у гэты дзень адбудуцца паўфінальныя і фінальныя спаборніцтвы сярод жанчын і мужчын у розных класах лодак на дыстанцыі 2 000 м.

Калі: 29 жніўня – 2 верасня
Дзе: г. Брэст, Брэсцкі вяслярны канал 

Міжнародны фестываль агню "МІФФ"-2018

На "палымяную" сцэну фестывалю "МІФФ"-2018 узыдуць лепшыя тэатры агню з Беларусі, Расіі і Украіны. У ліку ўдзельнікаў – "утаймавальнікі" небяспечнай стыхіі з Францыі і Італіі, якія гастраліруюць па буйнейшых еўрапейскіх і амерыканскіх мерапрыемствах. Цэнтральнай падзеяй фестывалю стане бліскучы (як па выкананні, так і па спецэфектах) брадвейскі мюзікл "Гэтсбі" ад хэдлайнера фестывалю – каманды "The BEST SHOW" з Масквы. Таксама гледачы ўбачаць небяспечныя трукі па выдыханні агню (брызінг) у выкананні двухразовага рэкардсмена "Кнігі рэкордаў Гінеса" Зерга. Акрамя вогненна-піратэхнічнага шоу ў выкананні прафесійных танцораў, акрабатаў і каскадзёраў, арганізатары абяцаюць палаючыя інсталяцыі, светлавыя футурыстычныя фігуры, нумары з жывым агнём і грандыёзны феерверк.

Калі: 7–9 верасня
Дзе: г. Мінск, Dreamland

Футбольныя матчы Лігі нацый УЕФА-2018 у Мінску

Мінскі стадыён "Дынама", які адкрыўся ў чэрвені пасля маштабнай рэканструкцыі, упершыню прыме матчы новага міжнароднага футбольнага турніру сярод зборных Еўропы – Лігі нацый УЕФА, які, як плануецца, заменіць большую частку таварыскіх матчаў і забяспечыць для многіх каманд пуцёўку на Еўра-2020. Згодна з вынікамі жараб'ёўкі, якая адбылася ў студзені ў швейцарскай Лазане, зборная Беларусі апынулася ў лізе D. Першы круг паядынкаў за галоўны трафей прэстыжнага турніру – Кубак Лігі нацый – нашы футбалісты правядуць на дамашняй арэне: 8 верасня адбудзецца матч супраць зборнай Сан-Марына, а 12 і 15 кастрычніка – з камандамі Малдовы і Люксембурга. Паводле слоў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Ігара Крывушэнкі, каманда настроена на вынік і разлічвае ўзяць рэванш у маючым адбыцца матчы са зборнай Люксембурга.

Калі: 8 верасня, 12 кастрычніка, 15 кастрычніка
Дзе: г. Мінск, стадыён "Дынама"

"Менск старажытны"-2018

Традыцыйны фестываль гісторыі і культуры "Менск старажытны" стане цэнтральным мерапрыемствам Дня горада Мінска. У праграме – сярэдневяковыя баталіі, конны турнір, тэатралізаваны штурм замка. Гасцей запросяць пабываць адразу ў некалькіх эпохах: на тэрыторыі фестывалю будуць арганізаваны "лагеры", прысвечаныя побыту часоў Старажытнага Рыма, Вікінгаў, Полацкага княства, Сярэдневякоўя, эпохі Напалеона, Першай і Другой сусветных войнаў. Акрамя яркіх паказаў, мінчан і гасцей горада будуць чакаць інтэрактыўныя пляцоўкі, кірмаш, лекцыі аб гісторыі Мінска, майстар-класы ад рамеснікаў і выступленні артыстаў.

Калі: 8 верасня
Дзе: г. Мінск, зялёная зона на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава

Вялікае фізкультурна-спартыўнае свята

Гасцей маштабнаго фізкультурна-спартыўнага свята чакаюць турнір па сілавым экстрыме Minsk Open Cup, спаборніцтвы па стрытболе, гіравым спорце, майстар-класы па валейболе, адзінаборствах, шахматах, паказальныя выступленні РЦАП па парусным спорце, стрыт-варкаўце. Цэнтральнай падзеяй стане заезд на ролікавых каньках і лыжаролерах. У мерапрыемствах прымуць удзел вядомыя беларускія спартсмены. На арэне Palova адбудуцца спаборніцтвы па баскетболе 3 на 3. У Мінск прыязджаюць шэсць замежных жаночых каманд з Расіі, Латвіі, Літвы і Украіны - адны з лепшых у сваёй катэгорыі. 

Калі: 8 верасня
Дзе: г. Мінск, тэрыторыя каля Палаца спорту і акваторыя Свіслачы
Даведацца падрабязней

Фестываль Lidbeer 2018 у Лідзе

Хмель, солад, вада і "Ленінград": гучным фіналам сезона фестываляў стане LIDBEER 4.0. Адзін з буйнейшых open air краіны стане пляцоўкай для выступлення вядомых артыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны. Ствараць атмасферу будзе хэдлайнер – папулярная расійская група "Ленінград", а таксама групы "ЧуVство Полета", Nizkiz, Animal Джаz і "Воплі Відоплясова". Шмат фестывальных зон, вялікі фудкорт, зоны адпачынку ля сцен Лідскага замка з відам на раку Лідзейку і палатачны гарадок фармату "all in" – усё гэта зробіць фестываль яшчэ больш камфортным для наведвальнікаў.

Калі: 8 верасня
Дзе: г. Ліда, Гродзенская вобласць

Мінскі паўмарафон-2018

Мінскі паўмарафон, які за час свайго існавання паспеў атрымаць бронзавы лэйбл Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі і пяць зорак якасці і бяспекі забегаў Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі, плануе прыцягнуць у 2018 годзе больш за 35 тысяч удзельнікаў. Забег (а працягласць галоўнай дыстанцыі – 21,1 км) па цэнтры горада пралягае міма галоўных выдатных мясцін Мінска. Чакаецца, што ў спаборніцтвах прыме ўдзел чэмпіёнка Еўропы Вольга Мазуронак, якая паспяхова выступіла ў жніўні на марафоне ў Берліне. Яркім госцем спартыўнага свята стане і каманда Dream team, у складзе якой – міністр спорту Сяргей Кавальчук, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, міністр аховы здароўя Валерый Малашка, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў Любоў Чаркашына, а таксама вядомыя медыйныя асобы, спартсмены і бізнесмены.

Калі: 9 верасня
Дзе: г. Мінск, праспект Пераможцаў
Даведацца падрабязней

Дзень танкіста ў Мінску

Wargaming зноў арганізуе ў сталіцы ўжо любімае многімі свята – Дзень танкіста. Цэнтральная пляцоўка – гульнявая зона на 200 камп'ютараў – будзе прысвечана папулярнай гульні. Тут можна будзе пазмагацца з сапернікамі ў World of Tanks, пагутарыць з распрацоўшчыкамі, а заадно даведацца пра ўнікальную гульнявую карту Мінска 1970-х гадоў, прэзентаваную камандай "Свету танкаў" 31 ліпеня. Арганізатары абяцаюць, што на Дні танкіста забавы даспадобы знойдуцца для ўсіх: гасцей чакаюць майстар-класы, дзіцячыя інтэрактыўныя пляцоўкі, арт-аб'екты, фотазоны, выступленні груп "Бумбокс", IOWA, "Танцы мінус" і святочны феерверк.

Калі: 9 верасня
Дзе:
г. Мінск, парк Перамогі

XXIII Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа"

Візітная картка культурнага жыцця Брэста – штогадовы тэатральны фестываль "Белая вежа" – за больш як дваццацігадовую гісторыю прадставіў звыш 570 спектакляў з 58 краін свету. І з кожным новым сезонам геаграфія і жанравая разнастайнасць пастановак пашыраецца. У афішы-2018, акрамя класікі сусветнай драматургіі, прадстаўлены і такія напрамкі як эксперыментальная драма, пластычны тэатр, вулічныя паказы і спектаклі тэатра лялек… Усяго ў гэтым форуме прымуць удзел 23 калектывы з 10 краін, у тым ліку з Вялікабрытаніі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Алжыра і Арменіі. У гэтым годзе ўпершыню пазаконкурсную праграму дапоўніць праект "Белавежка" для дзіцячых і юнацкіх тэатраў з усёй краіны і замежжа. Яшчэ адной навінкай сталі спектаклі ў HD-фармаце: дзякуючы праекту TheatreHD у рэжыме рэальнага часу гледачы перанясуцца ў сталіцу Вялікабрытаніі і ўбачаць балетны спектакль "Кар мэн" тэатра Sadler’s Wells і пастаноўку Каралеўскага нацыянальнага тэатра "Гамлет: Камбербэтч".

Калі: 11–16 верасня
Дзе: г. Брэст, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы

Першы цыркавы фестываль "Ідал-Беларусь"

Сусветны фестываль цыркавога мастацтва "Ідал" упершыню прыязджае ў Беларусь! Па прапанове Эдгарда Запашнага, які з'яўляецца дырэктарам Вялікага Маскоўскага цырка, дзе з 2013 года праходзіць міжнародны форум, "Ідал-Беларусь" прыме Гомельскі дзяржаўны цырк. Запрошаныя госці з Іспаніі, Італіі, Германіі, Францыі, Мексікі, Кітая, Канады, Манголіі і Казахстана прадэманструюць свае ўменні і падзеляцца з калегамі з Беларусі вопытам. "Ідал-Беларусь" абяцае гледачам шмат сюрпрызаў, сярод якіх – знакаміты склад журы. У ліку суддзяў міжнароднага форуму – сын сусветна вядомага Чарлі Чапліна, рэжысёр і сцэнарыст Юджын Чаплін.

Калі: 13–16 верасня
Дзе: г. Гомель, Гомельскі дзяржаўны цырк

IX Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод"

Амаль тысяча артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Сербіі і Індыі сустрэнуцца ў Гомелі на IX Міжнародным фестывалі "Сожскі карагод". Дэманстраваць харэаграфічнае майстэрства танцоры будуць у розных жанрах – ад народнай харэаграфіі да сучаснага балета. Лейтматывам урачыстага адкрыцця фестывалю стане тэма часу, што няўмольна бяжыць наперад, каштоўнасці кожнага імгнення і любові да жыцця. Акрамя таго, гледачы змогуць назіраць за міжнароднымі спаборніцтвамі па бальных танцах – ча-ча-ча, джайве, румбе і іншых напрамках, а таксама ўбачыць тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў фестывалю.

Калі: 14–16 верасня
Дзе: г. Гомель
Даведацца падрабязней

Рэспубліканскі экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю"

Экалагічнае свята "Жураўлі і журавіны Мёрскага краю", якое праводзіцца з 2012 года, ужо стала адным з брэндаў Мёрскага краю і ўсёй Віцебшчыны. Менавіта тут можна пакаштаваць самыя смачныя асеннія ягады – журавіны і паназіраць за пералётнымі птушкамі: кожны год больш за 4000 шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў у час сезоннай міграцыі спыняюцца на адным з буйнейшых верхавых балот Беларусі і Еўропы ў ландшафтным заказніку "Ельня". Пагуляць па мясцовых палях, паназіраць за чародамі грацыёзных птушак і зрабіць незабыўныя здымкі, паўдзельнічаць у экалагічных гульнях, выбраць "Мёрскую журавінку" і вызначыць лепшую сядзібу Мёрскага краю ў намінацыі "Багацце Ельні на нашым падвор'і", набыць памятныя сувеніры ад мясцовых майстроў і пачаставацца журавінавым морсам і ласункамі – вось яна, "праграма-мінімум" на асенні ўік-энд.

Калі: 16 верасня
Дзе: г. Мёры, Віцебская вобласць

Саксафаніст Ігар Бутман у Гомелі

Народны артыст Расіі, кіраўнік Маскоўскага джазавага аркестра, прадзюсар 11 міжнародных фестываляў, сярод якіх "Трыумф Джаза", "Акваджаз", Sochi Jazz Festival, World Jazz Festival, – спіс рэгалій Ігара Бутмана ўражвае нават недасведчанага слухача. З самага першага выступлення ў 1981-м крытыкі называлі саксафаніста адкрыццём года, а ўжо праз два гады ён выступаў у складзе легендарнага аркестра Алега Лундстрэма – лепшага біг-бэнда краіны… Сёння выдатны саксафаніст выступае ў лепшых залах свету, але заўсёды адкрыты эксперыментам: адным з іх з’яўляецца канцэртная праграма, якую ён прадставіць разам з гомельскім гарадскім аркестрам.

Калі: 16 верасня
Дзе: г. Гомель, Гомельскі абласны грамадска-культурны цэнтр

ХV Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў "Тэатральны куфар"

Адзіны ў Беларусі міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў, які стаў адным з самых прэстыжных ва Усходняй Еўропе, за сваю гісторыю сабраў вялікую колькасць удзельнікаў – больш за 250 творчых калектываў з больш як 65 краін. Фестываль, які ў 2011-м удастоіўся прэміі "Брэнд года", стаў пляцоўкай, якая аб’ядноўвае таленавітую і актыўную моладзь з усяго свету. У гэтым годзе госці форуму ўбачаць лепшыя пастаноўкі і дэбютныя праекты маладых драматургаў з Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Сербіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Грузіі, Расіі, Чэхіі, Харватыі, Узбекістана і нават з Чылі і Інданезіі. Галоўны прыз форуму – "Вялікі куфар" – атрымае лепшы спектакль па выніках глядацкага галасавання. Акрамя таго, адбудуцца дыскусіі, творчыя сустрэчы, майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і рэжысуры і прэзентацыі п’ес ад майстэрні "КуфарДрамаЛаб".

Калі: 19–28 верасня
Дзе: г. Мінск, ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

VIII Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ"

"Разгерметызацыя" – такі слоган аднаго з буйнейшых тэатральных форумаў краіны. У афішы восьмага па ліку "ТЭАРТа" – міжнародная праграма з 9 спектакляў, шоукейс Belarus Open, які дэманструе 10 лепшых беларускіх пастановак і "Школа ТЭАРТа", на якой навучаць "чуць, бачыць і гаварыць". На падмостках беларускіх тэатраў выступяць артысты з Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Бельгіі, Францыі, Фінляндыі, В'етнама і Рэспублікі Карэя.

Калі: 20 верасня – 16 кастрычніка
Дзе: г. Мінск

XIII Фестываль сучаснай усходнеазіяцкай культуры ў Мінску

Фестываль сучаснай усходнеазіяцкай культуры, які да мінулага года называўся "Хіганам" (у перакладзе з японскай мовы – раўнадзенства), стаў першым форумам, які аб’яднаў беларускіх паклоннікаў коміксаў, камп’ютарных гульняў, вулічнай моды, музыкі і іншых напрамкаў, папулярных у краінах Усходняй Азіі. Галоўнай падзеяй маладзёжнага фестывалю, які праводзіцца ў рамках праекта "Японская восень у Беларусі", з’яўляецца касплэй – касцюміраванае выступленне канкурсантаў, якія стараюцца максімальна дакладна перадаць вобраз і характар свайго персанажа. Праграма форуму-2018 абяцае запомніцца ўсходнімі фарбамі і мноствам сюрпрызаў: акрамя традыцыйных дэфіле гасцей чакаюць сцэнічныя пастаноўкі і мініяцюры, танцавальныя і песенныя каверы, выстаўкі малюнкаў і фатаграфій, інсталяцыі з шарнірнымі лялькамі, кірмаш кніг і коміксаў.
 
Калі: 23 верасня
Дзе: г. Мінск, Falcon Club Arena

ХХXI Нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка"

Нацыянальны фестываль бегу "Языльская дзясятка", уключаны ў міжнародны каляндар турніраў і спаборніцтваў, не страчвае папулярнасці вось ужо чацвёртае дзесяцігоддзе. Кожны сезон гэты незвычайны форум збірае прафесійных спартсменаў і аматараў бегу розных узростаў з Беларусі і краін блізкага замежжа ў горадзе Старыя Дарогі на поўдні Мінскай вобласці. І для яго жыхароў удзел у фестывалі таксама нязменная традыцыя: на старты выходзяць як дзеці – вучні мясцовых школ, так і дарослыя – сем’і, працоўныя калектывы і прадстаўнікі мясцовай улады. У праграму-2018 уключаны забегі: "Пяцісотка" (500 м), "Карпаратыўны забег" (2500 м), "Школьны камандны забег" (2500 м), "Языльская дзясятка" (10 км), "Сямейная эстафета 3х500 м", а для самых юных – "Старадарожскія забегі" (60 м). Акрамя гарачых баталій, удзельнікаў фэсту чакаюць конкурсы, латарэі, віктарыны, а таксама дэгустацыі страў дамашняй кухні.

Калі: 28-29 верасня
Дзе: г. Старыя Дарогі, Мінская вобласць

Olympia Classic Symphony Orchestra: Vivaldi. Поры года

Новы музычны сезон у мінскім Чырвоным касцёле адкрыецца знакамітым канцэртным цыклам Антоніа Вівальдзі "Поры года", які прагучыць у выкананні вядомага сімфанічнага аркестра "Алімпія-класіка" пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Снітко – вучня знакамітых дырыжораў, народных артыстаў Расіі Генадзя Праваторава, Ільі Мусіна і Генадзя Раждзественскага. Мінулыя гады гэты калектыў прадставіў такія запамінальныя праграмы як "Музыка сусветнага кіно", "Музыка сусветнага кіно – The Best", "Лепшыя вальсы свету" і Вялікі навагодні канцэрт ад "Алімпія-класіка": Johann STRAUSS. Вось і на гэты раз пад купалам аднаго з галоўных храмаў сталіцы прагучаць мелодыі з сачынення, створанага вялікім аўстрыйцам у 1723 годзе, але дзякуючы арыгінальнай структуры і гучанню не страціўшага актуальнасці і ў нашы дні.

Калі: 30 верасня
Дзе: г. Мінск, Чырвоны касцёл

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі