Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Май 2013

Каляндар падзей у Беларусі: чэрвень 2013

Выстаўка "Уладзімір Высоцкі. Дзякуй!"

Выстаўка "Уладзімір Высоцкі. Дзякуй!"Да 75-годдзя з дня нараджэння знакамітага паэта, барда, акцёра тэатра і кіно Уладзіміра Высоцкага ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстаўка "Уладзімір Высоцкі. Дзякуй!". Экспазіцыя расказвае аб жыцці і творчасці куміра пакаленняў, а таксама беларускіх старонках у біяграфіі Высоцкага, якія для многіх наведвальнікаў выстаўкі стануць адкрыццём. Напрыклад, беларускія карані роду Высоцкіх, цікавыя гісторыі з гастроляў і здымак у Беларусі. На кінастудыі "Беларусьфільм" выйшла сем карцін з удзелам Уладзіміра Высоцкага. У самай знакамітай - "Я родам з дзяцінства", дзе акцёр сыграў сваю дзясятую кінаролю, упершыню прагучалі яго аўтарскія песні...

Калі: 25 студзеня - 9 ліпеня
Дзе: Мінск, Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Выстаўка "Беларусь: у абдымках зорак"

Выстаўка "Беларусь: у абдымках зорак"Унікальная экспазіцыя прадстаўляе работы прафесійнага астранома і таленавітага фотамастака Віктара Малышчыца. Гэта не проста ноч і зоркі з пункту гледжання навукі, а сапраўднае захапленне хараством Беларусі. У незвычайным ракурсе фотакарціны адлюстравалі велічнае зорнае неба менавіта над нашай краінай - разам з яе архітэктурнымі помнікамі, прыроднымі пейзажамі, а значыць, асаблівым нацыянальным каларытам і сваімі таямнічымі адносінамі з Сусветам. Стварэнне толькі адной фатаграфіі - складаны і працяглы працэс: падарожжы і пошук патрэбных умоў (пейзаж, асвятленне, надвор'е), здымкі, адбор кадраў. Але вынік уражвае! Тут можна ўбачыць контуры Млечнага Шляху паміж стагадовымі дубамі або над сценамі старадаўніх храмаў і замкаў, палярнае ззянне, усыпанае метэорамі неба над пшанічным полем...

Калі: 18 мая – 17 чэрвеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

"Ажыўшыя карціны" Андрэя Смаляка

"Ажыўшыя карціны" Андрэя СмалякаНезвычайная мастацкая галерэя адкрылася ў Мінску на агароджы ўздоўж Парку Чалюскінцаў. Экстравагантны беларускі мастак Андрэй Смаляк і яго жонка Вольга прадставілі публіцы праект "Ажыўшыя карціны", які аб'яднаў стваральніка і выдатных асоб сферы культуры і спорту, бізнесу і палітыкі. З дапамогай каманды прафесіяналаў - дызайнераў, мастакоў па касцюмах, грымёраў, дэкаратараў, фотамастакоў - карціны Андрэя Смаляка ажылі ў фотавобразах з вядомымі беларускімі персонамі. У ролі герояў палотнаў мастака выступілі Максім Мірны, Дар'я Домрачава, Анжаліка Агурбаш, Анатоль Ярмоленка, рэжысёр Андрэй Курэйчык, беларускія зоркі дзіцячага "Еўрабачання"... Сярод будучых удзельнікаў праекта Андрэя Смаляка - актрыса Моніка Белучы, супермадэль свету Кацярына Даманькова, зоркі вялікага спорту.

Калі: 26 мая - лістапад 2013 года
Дзе: Мінск, Парк Чалюскінцаў

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка"

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка"На ХIII Міжнародны фестываль "Залатая пчолка" ў Клімавічы збярэцца больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, Кыргызстана, Славеніі, Малдовы. У рамках вялікага форуму, які па традыцыі праходзіць у Міжнародны дзень абароны дзяцей, юныя таленты будуць спаборнічаць за ўзнагароды ў вакальных намінацыях, харэаграфіі, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Свята ахопіць увесь горад: госці могуць стаць удзельнікамі міні-паказаў, зазірнуць на сельскія падворкі, асвоіць традыцыйныя рамёствы беларусаў і пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.

Калі: 29 мая – 2 чэрвеня
Дзе: Клімавічы, Магілёўская вобласць

Дабрачынны канцэрт "Дакрананне да жыцця"

Дабрачынны канцэрт "Дакрананне да жыцця"Шосты раз у беларускай сталіцы пройдзе грандыёзны дабрачынны канцэрт "Дакрананне да жыцця", прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Вядомыя артысты з Беларусі і іншых краін свету прадставяць больш чым трохгадзінную праграму, прыцягваючы ўвагу грамадства да праблем дзіцячай анкалогіі, гематалогіі, сіроцтва. Усе сродкі, сабраныя ад продажу білетаў, будуць накіраваны на дабрачыннасць. На сцэне ў "Мінск-Арэне" выступяць групы "Boney M" і "London Beat", Прохар Шаляпін, Ірына Білык, Анжаліка Агурбаш, Аляксей Хлястоў, Алёна Ланская, Герман, Ірына Ігнацюк, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская...

Калі: 1 чэрвеня
Дзе: Мінск, МКСК "Мінск-Арэна"

"Ноч пажыральнікаў рэкламы" ў Мінску

"Ноч пажыральнікаў рэкламы" ў МінскуПа традыцыі ў першую ноч лета Палац Рэспублікі запрашае на грандыёзнае шоу - пяцігадзінны начны паказ ролікаў з калекцыі знатака сусветнай рэкламы Жана Мары Бурсіко. Гэтай "Ноччу" гледачы ўбачаць новую праграму з лепшых ролікаў знакамітай "Сінематэкі": як вінтажныя рэкламныя сюжэты, так і навінкі 2013 года з розных канцоў свету ад Японіі да Мексікі. Пажыральнікаў рэкламы чакаюць і іншыя сюрпрызы: лепшая калекцыя арыгінальных рэкламных кліпаў, забаўляльныя зоны з добрай музыкай.

Калі: 1 чэрвеня
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Прэм'ера оперы Станіслава Манюшкі "Verbum Nobile"

Прэм'ера оперы Станіслава Манюшкі "Verbum Nobile"Гэта першая ў Беларусі пастаноўка оперы знакамітага кампазітара з беларускімі каранямі Станіслава Манюшкі. Сусветная прэм'ера "Verbum Nobile" ("Слова гонару") адбылася яшчэ ў 1861 годзе ў Варшаве, дзе на той перыяд жыў і працаваў Манюшка. Цікавы камедыйны сюжэт і яркасць музычных вобразаў зрабілі оперу адным з лепшых твораў кампазітара. Беларускія пастаноўшчыкі захавалі вытанчанасць і адметнасць стылю аўтара, а лібрэта арганічна загучала на беларускай мове. Пасля прэм'ер у Мінску, - 30 мая і 5 чэрвеня - спектакль пакажуць у Гродне на найстарэйшай тэатральнай сцэне Беларусі, адкрытай больш за два стагоддзі таму мецэнатам Антоніем Тызенгаўзам (цяпер Гродзенскі абласны тэатр лялек).

Калі: 30 мая, 5 чэрвеня
Дзе: Мінск, Рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў

Марк Хелер у прэм'ернай пастаноўцы "Турандот" Вялікага тэатра Беларусі

Марк Хелер у прэм'ернай пастаноўцы "Турандот" Вялікага тэатра БеларусіУ якасці запрошанага саліста знакаміты амерыканскі тэнар Марк Хелер выступае на лепшых сцэнах свету: у Метраполітэн-опера, оперы Нью-Ёрка, Галандскай нацыянальнай оперы, Шведскай нацыянальнай оперы, тэатры Капітолія ў Тулузе, брытанскім Альберт-холе. Марк Хелер выконваў партыю Радамеса ў оперы Вердзі "Аіда" каля падножжа егіпецкіх пірамід у Гізе (спектакль Каірскай нацыянальнай оперы). У Мінску толькі ў адзін вечар зорка сусветнай опернай сцэны выступіць у ролі Калафа ў прэм'ернай пастаноўцы "Турандот" Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, які адзначыў у маі 80-годдзе з дня заснавання.

Калі: 4 чэрвеня
Дзе: Мінск, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь

"Мастак і горад". Выстаўка рэпрадукцый Казіміра Малевіча

"Мастак і горад". Выстаўка рэпрадукцый Казіміра МалевічаПраект "Мастак і горад" запрашае гасцей і жыхароў беларускай сталіцы дакрануцца да спадчыны вялікіх майстроў, жыццё і творчасць якіх цесна звязана з нашай краінай. У 1919 годзе аўтар "Чорнага квадрата" пераехаў жыць у Віцебск, дзе кіраваў майстэрняй у мастацкай школе Марка Шагала. А ў 1922 годзе там жа Малевіч скончыў работу над сваёй галоўнай тэарэтычнай працай - "Супрэматызм. Свет як беспрадметнасць або вечны спакой"... Экспазіцыя з 18 работ вялікага авангардыста пад адкрытым небам прапануе ў простай атмасферы паразважаць над творчасцю Малевіча. Рэпрадукцыі будуць суправаджацца апісаннем на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Калі: 6 чэрвеня - 20 верасня
Дзе: Мінск, плошча Якуба Коласа
Даведацца больш падрабязна

"Баль у Соф'і Гальшанскай"

"Баль у Соф'і Гальшанскай"Творчы праект "Шэдэўры сусветнай класікі ў музеі пад адкрытым небам", які заваяваў любоў гледачоў, уяўляе новае грандыёзнае дзейства. Позна ўвечары ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбудзецца баль, у якім прымуць удзел зоркі музычнага мастацтва з Мінска, Клайпеды, Каўнаса, Баку і Масквы. Упершыню з дапамогай прафесійнага распарадчыка госці змогуць асвоіць рухі бальных танцаў на імправізаваным "паркеце". А кульмінацыяй вечара стане прэзентацыя першага нацыянальнага мюзікла "Соф'я Гальшанская", прэм'еру якога рыхтуе Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. Вядомы кампазітар Уладзімір Кандрусевіч і аўтар лібрэта - рэжысёр і драматург Алена Турава - узялі за аснову дзіўны сюжэт з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага XV стагоддзя. Мюзікл раскажа пра жаніцьбу караля Ягайлы на юнай князёўне Соф'і Гальшанскай...

Калі: 7 чэрвеня
Дзе: Мінскі раён, в. Азярцо, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2013"

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2013"Фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" гатовы здзіўляць музычнымі сюрпрызамі. Пачынаючы з 2013 года, другі дзень свята мастацтваў будзе праводзіць адна з абласцей краіны, прадстаўляючы таленты свайго рэгіёну. Першай у гэтай ролі выступіць сталічная вобласць. Па традыцыі гледачоў чакаюць цікавыя канцэрты: конкурс маладых выканаўцаў, выступленні камерных калектываў, джазавыя музычныя сустрэчы. І ўсё гэта ў суправаджэнні знакамітага калектыву - Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга.

Калі: 7 - 8 чэрвеня
Дзе: г.Маладзечна, п.Чысць

Выстаўка "Каштоўныя ўзоры. Золата ў помніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і пісьменства"

Выстаўка "Каштоўныя ўзоры. Золата ў помніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і пісьменства"Наведвальнікі выстаўкі азнаёмяцца з унікальным зборам са 130 помнікаў гісторыі, культуры і мастацтва Маскоўскага гістарычнага музея, створаных з выкарыстаннем золата. Здаўна святло жоўтага металу асацыіравалася з сонечным цяплом і, вядома, багаццем. У калекцыі мастацкіх твораў XIV - ХХ стагоддзяў, акрамя рарытэтных выданняў богаслужэбных кніг і царкоўнага начыння, асаблівую цікавасць маюць галаўныя ўборы, хусткі жыхарак цэнтральных губерняў Расіі, аздобленыя залатой вышыўкай.

Калі: 8 чэрвеня - 14 верасня
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей

"Джазавыя суботы каля Ратушы" ў Мінску

"Джазавыя суботы каля Ратушы" ў МінскуМузычны праект "Джазавыя суботы каля Ратушы" пройдзе ў самым сэрцы сталіцы. Тысячы гледачоў змогуць пачуць любімыя мелодыі ў выкананні вядомых джазменаў з Францыі, ЗША, Японіі, Літвы, Расіі, Вялікабрытаніі, Украіны, Польшчы, Германіі. На адной сцэне з мэтрамі джаза і выступяць вядучыя беларускія выканаўцы: Apple Tea, Lipnitsky Show Orchestra, трыа Канстанціна Гарачага і многія іншыя.

Калі: 8, 15, 29 чэрвеня
Дзе: Мінск, плошча Свабоды, гарадская Ратуша

"Музычныя вечары ў Мірскім замку"

"Музычныя вечары ў Мірскім замку"Грандыёзны фестываль каля сцен славутага  Мірскага замка - адна з самых яркіх музычных падзей года. На працягу трох вечароў гледачоў чакаюць займальныя шоу пад адкрытым небам, дзе кожны можа атрымаць асалоду ад музыкі на любы густ:

14 чэрвеня - канцэрт папулярных беларускіх выканаўцаў "Песня года Беларусі" і
сольны канцэрт Дзмітрыя Калдуна з праграмай "Начны пілот";
15 чэрвеня - канцэрт лепшых маладзёжных груп краіны "Жывы рок" і канцэрт групы "Quest Pistols";
16 чэрвеня - канцэрт "Цыганскае шоу "Алюр": лепшае за 10 гадоў" і канцэрт групы "Браты Грым" пры ўдзеле групы "У нескладовае".

Калі: 14 - 16 чэрвеня
Дзе: Гродзенская вобласць, Мірскі замак

"Першы сырны фестываль пад Мінскам"

"Першы сырны фестываль пад Мінскам"Сырныя фестывалі ў Італіі, Ірландыі, Канадзе, Вялікабрытаніі, Украіне ўжо заваявалі вядомасць, а між тым Беларусь можа стаць не менш папулярным месцам для аматараў гэтага прадукту. Наша краіна ўваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі, у тым ліку і смачных сыроў: сёння ў Беларусі вырабляецца больш за 160 найменняў. Пакаштаваць іх можна будзе на "Першым сырным фэстывалі пад Мінскам", які пройдзе ў каларытнай і маляўнічай мясціне - на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. У праграме  - дэгустацыі шматлікіх гатункаў сыру ад вядучых брэндаў Беларусі, займальныя гульні і конкурсы, відовішчныя пастаноўкі і добрая музыка. Госці, якія прыедуць на фестываль у жоўтым адзенні, змогуць прыняць удзел у здымках танцавальнага роліка "Жывы сыр" і заваяваць Сырны Алімпійскі медаль.

Калі: 15 чэрвеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту
Даведацца больш падрабязна

Фестываль опернага і балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"

Фестываль опернага і балетнага мастацтва "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"Фестываль адкрые канцэрт вядучых салістаў оперы з удзелам струннага квінтэта "Серэнада" і паказ балета Пятра Чайкоўскага "Лебядзінае возера" ва ўнутраным двары Нясвіжскага замка. У касцёле Божага Цела прыхільнікі музыкі эпохі рамантызму пачуюць творы беларускіх кампазітараў XIX стагоддзя. На тэатральных падмостках у гістарычных дэкарацыях адбудзецца Нацыянальная опера Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда", а ў зале Уршулі Радзівіл - камічная опера Гаэтана Даніцэці "Рыта, або Пірацкі трохвугольнік". Завершацца "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў" Гала-канцэртам зорак беларускай оперы і балета, якія прадставяць публіцы папулярныя арыі з класічных опер і фрагменты балетных спектакляў.

Калі: 21 - 23 чэрвеня
Дзе: Мінская вобласць, Нясвіжскі замак

XX Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа"

XX Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа"У культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2013 года - Магілёве - пройдзе вядомы штогадовы фестываль духоўнай музыкі. Тут выступяць харавыя калектывы, выканаўцы і музыканты з Расіі, Грузіі, Арменіі, Італіі, ЗША. Адна з галоўных падзей фестывалю - вакальна-харавы конкурс. Таксама ў праграме - мноства канцэртаў, выставак, канферэнцый і творчых сустрэч.

Калі: 24 - 28 чэрвеня
Дзе: Магілёў
Даведацца больш падрабязна

Шоу "Чараўніцтва вады, або Спяваючыя фантаны"

Шоу "Чараўніцтва вады, або Спяваючыя фантаны"Тры стыхіі - вада, музыка і святло - аб'яднаюцца ў адным захапляючым шоу. Дзякуючы спецыяльным устаноўкам, спраектаваным інжынерамі з Германіі, струмені фантанаў у форме сямі пірамід узнімуцца да 7 метраў і, асветленыя рознакаляровымі агнямі, выканаюць іскрамётны танец. Упершыню ў Мінску "Спяваючыя фантаны" пройдуць не пад загадзя запісаную фанаграму, а з выкананнем музыкантаў сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра пад кіраўніцтвам маэстра Аркадзя Берына. Для ажыццяўлення задумы ў грандыёзным шоу будзе задзейнічана больш за 24 тоны вады.

Калі: 26 чэрвеня
Дзе: Мінск, парк атракцыёнаў "Дрымлэнд"

Міжнародны маладзёжны лагер "Дружба"

Міжнародны маладзёжны лагер "Дружба"Лагер "Дружба" - адзін з самых яркіх сумесных праектаў маладзёжных арганізацый Беларусі, Расіі і Украіны. У гэтым годзе ён прысвечаны 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Насычаная праграма распісана літаральна па хвілінах: канцэрты рок-груп, фальклорных калектываў і аўтарскай песні, конкурсы прыгажосці, бодзі-арт, КВЗ, турнір па інтэлектуальных гульнях, пасяджэнні клубаў па інтарэсах, спартыўныя спаборніцтвы і шмат іншага.

Калі: 26 - 29 чэрвеня
Дзе: мяжа Беларусі, Расіі і Украіны

Міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы"

Міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы"У апошнія дні чэрвеня госці і жыхары горада Бабруйска акунуцца ў незабыўную атмасферу музычнай феерыі, багацця фарбаў і густаў. У праграме фестывалю, на які збяруцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, будзе шмат цікавых мерапрыемстваў. Гэта "Вечар дружбы", дзе ўдзельнікі падзеляцца сакрэтамі падрыхтоўкі нацыянальных страў, канцэрты, фотавыстаўка "Ад фестывалю да фестывалю", міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па пытаннях народнай мастацкай культуры і глабалізацыі, міжнародная экспазіцыя сувеніраў і Горад майстроў, выстаўка-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці "Вянок у падарунак фестывалю". А ў Дзень горада ў СК "Бабруйск-Арэна" адбудзецца вялікі канцэрт з удзелам расійскіх груп "На-На", "Фрыстайл", "Нэнсі".

Калі: 27 - 30 чэрвеня
Дзе: Бабруйск, Магілёўская вобласць

Міжнародны гістарычны фестываль "Спадчына стагоддзяў"

Міжнародны гістарычны фестываль "Спадчына стагоддзяў"Гэта знакамітае свята каля сцен Мірскага замка ўзнаўляе атмасферу легендарных сярэдневяковых рыцарскіх турніраў. Гасцей фестывалю чакаюць захапляючыя паядынкі воінаў па правілах тых часоў. У праграме - пешы і конны рыцарскія турніры, спаборніцтва лучнікаў і арбалетчыкаў, масавыя баі, пастановачная бітва, спаборніцтвы пікінераў. Форум аб'яднае лепшых прадстаўнікоў клубаў гістарычнай рэканструкцыі, выканаўцаў сярэдневяковай і фолк-музыкі, танцавальныя калектывы, майстроў сярэдневяковых рамёстваў і вогненнага шоу.

Калі: 27 - 30 чэрвеня
Дзе: Гродзенская вобласць, замкавы комплекс "Мір"
Даведацца больш падрабязна

Фестываль "Цукеркавы фэст"

Фестываль "Цукеркавы фэст"У гарадку Івянец пройдзе традыцыйны фестываль аматараў салодкіх ласункаў - у бягучым годзе гэта будзе яркае свята з удзелам князёў, рыцараў і міфічных істот. Машына часу аднясе гледачоў у сярэдневяковы маёнтак пана Драгунцава, дзе можна сустрэць дам сэрца, высакародных рыцараў і мужных уланаў. У час свята наведвальнікаў чакае кірмаш, танцы, варажба і майстар-класы народных майстроў.

Калі: 29 чэрвеня
Дзе: г.п. Івянец, Валожынскі раён, Мінская вобласць

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі