Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Снж 2017

Кабякоў уручыў навагоднія падарункі вучням Маладзечанскай школы-інтэрната

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння ў час рэспубліканскай дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці" ўручыў навагоднія падарункі вучням Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў павіншаваў выхаванцаў і педагогаў з надыходзячым 2018 годам і Калядамі, пажадаў ім усяго самага добрага і радаснага ў новым годзе. "Для таго каб вашы мары рэалізаваліся, трэба ўсім упарта працаваць і перш за ўсё добра вучыцца. Таму хачу пажадаць вам у новым годзе, каб вы вучыліся толькі на выдатныя ацэнкі і каб усё задуманае вамі заўсёды здзяйснялася. Жадаю, каб кожны з вас адчуваў сябе шчаслівым у новым годзе", - падкрэсліў прэм'ер.

Ён нагадаў, што ў школе ў дзяцей ёсць добрыя прыклады для пераймання: з 1990 па 2008 год 14 выпускнікоў школы-інтэрната сталі выдатнымі спартсменамі, з іх 12 - чэмпіёнамі і прызёрамі Паралімпійскіх гульняў, у тым ліку Васіль Шапцібой і Дзмітрый Салей. "Гэта тыя хлопцы, якія даказалі, што яны могуць дасягнуць самых вялікіх вяршынь у свеце. Упэўнены, што ў кожнага з вас ёсць такая магчымасць", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Новы год - гэта заўсёды падвядзенне вынікаў, магчымасць паглядзець, як былі рэалізаваны планы, адзначыў кіраўнік урада. У гэтым годзе ў Беларусі былі адкрыты дзве новыя школы і 13 дзіцячых садоў. "Мы стараемся ўдзяляць як мага больш увагі вам, дзецям, каб вам у вашых школах і дзіцячых садах жылося лёгка і камфортна", - дадаў Андрэй Кабякоў.

У час навагодняга віншавання вучні атрымалі інтэрактыўную мультымедыйную дошку, спартыўны інвентар і салодкія падарункі.

Дырэктар школы-інтэрната Наталля Глінская расказала, што дзеці старанна рыхтаваліся да прыезду гасцей. "Кожны дзень рэпеціравалі па некалькі гадзін, яны вельмі хацелі зрабіць уражанне на нашага прэм'ер-міністра. Для нас вялікі гонар прыняць такога госця на навагоднім свяце, - адзначыла яна. - І другі важны аспект - гэта, вядома, падарункі. Дзеці з нецярпеннем чакалі падарункаў, для іх гэта быў вялікі сюрпрыз".

Андрэй Кабякоў азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы-інтэрната, умовамі для навучання, выхавання і пражывання вучняў. Прэм'ер з цеплынёй паразмаўляў з дзецьмі у час чаяпіцця. Вучні школы-інтэрната падарылі кіраўніку ўрада карціну-аплікацыю, зробленую сваімі рукамі.

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Макар і старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат" функцыянуе з 1 жніўня 1964 года. Установа з'яўляецца абласным рэсурсным цэнтрам спецыяльнай адукацыі па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу дзяцей з парушэннямі зроку Мінскай вобласці. Цяпер у школе-інтэрнаце навучаюцца 104 дзіцяці, з іх 27 дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, 72 дзіцяці-інваліды. З 2012 года 10 навучэнцаў заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі і студэнтаў.

Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 11 снежня па 10 студзеня.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі